Супрацоўніцтва з інтэнсіўным характарам

8 красавіка адбылася рабочая сустрэча першага намесніка міністра адукацыі нашай краіны Аляксандра Іванавіча Жука з намеснікам міністра адукацыі і навукі Рэспублікі Татарстан (Расійская Федэрацыя) Андрэем Іванавічам Памінавым. У цэнтры ўвагі былі аспекты новых вектараў супрацоўніцтва і абмен вопытам.

Двухбаковыя адносіны ў сферы адукацыі паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй маюць інтэнсіўны характар (зусім нядаўна міністр адукацыі С.А.Маскевіч сустракаўся з міністрам адукацыі Ніжагародскай вобласці). У міжрэгіянальным супрацоўніцтве ў сферы адукацыі ўдзельнічаюць каля 40 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі і ўсе адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі Рэспублікі Беларусь.

Падчас сустрэчы.Колькасць заключаных пагадненняў аб супрацоўніцтве паміж УВА Беларусі і Расіі за апошнія два гады павялічылася амаль у два разы і складае больш за 600. У мэтах наладжвання і развіцця ўзаемавыгадных сувязей у адукацыйнай, навуковай і культурнай сферах заключаны шматлікія двухбаковыя дамовы аб супрацоўніцтве паміж вядучымі ўніверсітэтамі Беларусі і Татарстана.
У межах заключаных пагадненняў узаемадзеянне ажыццяўляецца па такіх кірунках дзейнасці, як узаемны абмен вопытам па пытаннях арганізацыі вучэбнага працэсу, у сферы навуковых даследаванняў; аказанне садзейнічання ў адкрыцці падрыхтоўкі кадраў па найбольш запатрабаваных спецыяльнасцях як у Рэспубліцы Беларусь (адкрыццё падрыхтоўкі інжынераў у галіне самалётабудавання і эксплуатацыі авіяцыі), так і ў Рэспубліцы Татарстан (у галіне караблебудавання і эксплуатацыі ўнутранага воднага транспарту); ажыццяўленне стажыровак і павышэнне кваліфікацыі кадраў; удзел у арганізацыі і правядзенні міжнародных форумаў, навукова-практычных канферэнцый, анлайн-семінараў для прадстаўнікоў універсітэтаў-партнёраў і інш.

Падчас сустрэчы гаварылася пра ўсе ступені адукацыі. Аляксандр Іванавіч Жук пазнаёміў гасцей з існуючай у нашай краіне сістэмай дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і вышэйшай адукацыі. Першы намеснік міністра адукацыі зрабіў акцэнт на дасягненнях нашай сістэмы адукацыі і шляхах яе далейшага развіцця. У прыватнасці, Аляксандр Іванавіч гаварыў пра дзяржаўную падтрымку адораных навучэнцаў, якія з’яўляюцца залатым фондам усёй адукацыйнай сістэмы, пра захаваныя традыцыі і аптымізацыю ў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, пра магчымасці працаўладкавання пасля заканчэння УВА. Акрамя таго, мы назапасілі пэўны вопыт у стварэнні бяспечных умоў і арганізацыі падвозу дзяцей ва ўстановы адукацыі, у сістэме харчавання школьнікаў.
У адказ намеснік міністра адукацыі і навукі Рэспублікі Татарстан расказаў пра змены і зрухі ва ўсіх галінах адукацыі свайго рэгіёна. Прынамсі, ён адзначыў, што ў іх паказчык суадносін колькасці студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў да колькасці насельніцтва значна вышэйшы, чым у нашай краіне, што, канечне, аказвае не самы лепшы ўплыў на якасць адукацыі. Тым не менш у сістэме вышэйшай адукацыі рэалізуецца вялікая колькасць праектаў, якая дазваляе студэнту набываць вопыт яшчэ ў сценах універсітэта. У Татарстане ўжо дзейнічае сістэма падрыхтоўкі спецыялістаў у бакалаўрыяце, магістратуры і спецыялітэце, але ў іх няма размеркавання. Акрамя таго, яны не першы год з’яўляюцца ўдзельнікамі эксперыменту “Адзін вучань — адзін камп’ютар”, які праходзіць у сярэдняй школе, што карысна для нас, бо Беларусь толькі ўступае ў гэты эксперыментальны працэс. Яшчэ ў Татарстане пачаўся працэс далучэння спецыялізаваных ліцэяў да ўніверсітэтаў: напрыклад, хімічны, тэхналагічны ліцэі ўжо ўведзены ў склад адпаведных універсітэтаў і з’яўляюцца іх структурнымі падраздзяленнямі. Прымаюць у такія ліцэі з 7 класа.

Што тычыцца развіцця і ўзаемадзеяння на ўзроўні вышэйшай адукацыі, то шэраг беларускіх УВА выказалі зацікаўленасць па канкрэтных напрамках супрацоўніцтва з татарстанскімі ВНУ. У прыватнасці, стварэнне павярхоўна-актыўных рэагентаў, стойкіх да высокіх тэмператур і высокай мінералізацыі, распрацоўка геліяўтваральных палімерутрымліваючых саставаў для абмежавання водапрытоку ў свідравіны і замацавання грунту, па сумесным вырашэнні іншых праблем, якія стаяць перад нафтавай прамысловасцю (БДТУ, ГДТУ імя П.В.Сухога, БрДТУ); рэалізацыі сумесных навуковых праектаў па новых інфармацыйных тэхналогіях. Заслугоўвае ўвагі і развіццё супрацоўніцтва па падрыхтоўцы ІТ-спецыялістаў.

Па дамоўленасці кіраўніцтва Рэспублікі Татарстан з універсітэтам Карнегі (ЗША) плануецца стварэнне міжнароднага адукацыйнага цэнтра федэральнага значэння па падрыхтоўцы 5000 ІТ-спецыялістаў. Мяркуецца, што iCarnegie распрацуе для Татарстана адукацыйную сістэму, якая ўключае ў сябе навукова-даследчы і вучэбны ІТ-універсітэт сусветнага класа, які будзе прысвойваць ступень бакалаўра і магістра, а таксама цэлы шэраг магчымасцей для прафесійнай адукацыі і трэнінгу кіруючых работнікаў. Гэты цэнтр будзе ажыццяўляць падрыхтоўку ІТ-спецыялістаў Інапаліса, які будуецца пад Казанню. Плануецца, што ў Інапалісе будзе працаваць да 60 тысяч спецыялістаў у сферы высокіх тэхналогій.

А ў мэтах далейшага развіцця супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Татарстан прапануецца арганізацыя Міжнародных стажыровачных модуляў для кіраўнікоў і спецыялістаў у рамках Міжнародных адукацыйных праграм па вывучэнні эфектыўнага вопыту функцыянавання сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь і еўрапейскіх краін.
Умацаванню нашага супрацоўніцтва будзе садзейнічаць удзел студэнтаў і моладзі Рэспублікі Беларусь у XXVII Сусветнай летняй універсіядзе, якая пройдзе ў Казані ў ліпені бягучага года.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.

dubowska@ng-press.by

Фота Алега ІГНАТОВІЧА.