Дзецям, якія адпачываюць зараз у “Зубраняці”, неверагодна пашанцавала. Акрамя таго што сам па сабе адпачынак у галоўным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры краіны — гэта ўжо радасць і падарунак, ім яшчэ давялося адзначыць разам з “Зубранём” яго дзень нараджэння і нават сустрэцца з міністрам адукацыі нашай краіны.
Сёлета Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня” адзначае 47 гадоў з дня адкрыцця. Па традыцыі гэтай падзеі прысвячаецца мноства яркіх мерапрыемстваў, на якія з’язджаюцца шматлікія ганаровыя госці і сябры цэнтра. Днямі цэнтр наведалі міністр адукацыі нашай краіны Міхаіл Жураўкоў і яго намеснік Віктар Якжык. Міхаіл Анатольевіч і Віктар Віктаравіч шмат увагі ўдзяляюць непасрэднай камунікацыі з моладдзю і не маглі не выкарыстаць магчымасць сустрэцца чарговы раз з лепшымі навучэнцамі школ і гімназій краіны. За круглым сталом з міністрам і намеснікам міністра сабраліся дыпламанты заключнага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, якія зараз адпачываюць у “Зубраняці”. Размова ішла пра стан і перспектывы развіцця творчага і развіццёвага адукацыйнага асяроддзя.
Вітаючы прысутных, Міхаіл Анатольевіч расказаў, што з цеплынёй успамінае свой адпачынак у “Зубраняці”, куды ён у свой час трапіў, як і ўдзельнікі круглага стала, дзякуючы паспяховаму выступленню на алімпіядзе. Узгадаў міністр і сваё наведванне “Зубраняці” ў мінулым годзе, аналагічную сустрэчу са школьнікамі і іх меркаванні, якія ўразілі і здзівілі. Сёлета Міхаіл Анатольевіч адзначыў, што паспрабуе развеяць некаторыя адмоўныя ілюзіі і міфы, у палоне якіх нярэдка аказваюцца маладыя людзі.
— Паспяховасць і грошы не з’яўляюцца эквівалентам. Паспяховасць — гэта магчымасць самарэалізацыі ў той сферы дзейнасці, да якой ляжыць душа. Неабходна спачатку вырашыць свае прафесійныя пытанні, а потым думаць пра эканамічны складнік. Калі чалавек займаецца любімай справай, то ўсё паступова ўпарадкуецца і атрымаецца, — звярнуўся да ўдзельнікаў круглага стала Міхаіл Анатольевіч і дадаў: — Тым больш што сёння веды — самы вялікі капітал і каштоўнасць любой краіны. На першы план ва ўсім свеце выходзіць эканоміка ведаў.
Другі “шкодны” міф, у які вераць многія школьнікі і студэнты, — гэта тое, што самую лепшую адукацыю можна атрымаць толькі за мяжой. Аднак, запэўніў міністр, у нашай краіне студэнтам прадастаўляецца шмат унікальных магчымасцей для вучобы, стажыровак, практыкі, абмену вопытам.
— Існуе шмат разнастайных стыпендый для падтрымкі адораных студэнтаў. Працуюць праграмы двайных дыпломаў, калі, паспяхова навучаючыся ў беларускім універсітэце, студэнт мае магчымасць выязджаць і вучыцца ва ўніверсітэце іншай краіны і ў выніку атрымаць дыпломы абедзвюх устаноў.
Таксама Міхаіл Анатольевіч падкрэсліў, што існуе шмат магчымасцей для стажыровак за мяжой практычна па любой спецыяльнасці. Аднак не ўсе студэнты гэтым цікавяцца і не ўсе на гэта здольны.
— У Міністэрстве адукацыі ёсць спецыяльны фонд. Каб паехаць на стажыроўку за мяжу, трэба валодаць пэўнымі ведамі ў сваёй галіне і ведаць другую мову на такім узроўні, каб мець зносіны і атрымліваць веды. Але кожны год фонд выбіраецца максімум напалову, — звярнуў увагу міністр. — Калі гутарыш са студэнтамі — усе хочуць ехаць. Толькі потым аказваецца, што яны не ведаюць той жа англійскай мовы, у іх няма неабходных ведаў. І тут пачынаецца адсеў.
Потым у работу ўключыліся школьнікі і адразу пачалі з даволі сур’ёзных пытанняў. Напрыклад, наконт таго, як праводзіцца работа па прыцягненні ў педагагічную прафесію матываваных і прафесійных кадраў. Міхаіл Анатольевіч падкрэсліў, што першае, над чым неабходна працаваць, — павышэнне статусу педагога. Зараз гэты статус, мякка кажучы, зусім не такі, якім павінен быць. Ёсць у гэтым віна сродкаў масавай інфармацыі, якія вышукваюць негатыўныя, правакацыйныя і скандальныя сюжэты, а аповеды пра дастойных настаўнікаў, іх дасягненні і поспехі іх выхаванцаў лічаць нецікавымі. Ёсць неабходнасць працаваць і з бацькамі навучэнцаў, якія нярэдка ў прыватных размовах непаважліва выказваюцца аб настаўніках, здараецца, што адгаворваюць сваіх дзяцей, калі тыя хочуць выбраць для сябе педагагічную прафесію.
— Разам з тым і сам педагог павінен адчуваць адказнасць за свой вобраз, статус, выхоўваць дзяцей уласным прыкладам, — заўважыў міністр. — Педагог павінен быць не толькі сапраўдным прафесіяналам, але і дастойным чалавекам, бо навучэнцы ацэньваюць яго не толькі па ведах, але і па паводзінах, уменні ладзіць з вучнямі і нават па манеры апранацца.
Пазней у размове з журналістамі Міхаіл Анатольевіч заявіў, што пэўныя крокі ўжо зроблены, таксама на найбліжэйшы час плануецца шэраг значных мерапрыемстваў, якія будуць спрыяць павышэнню статусу настаўніка. Рыхтуюцца спецыяльныя выданні аб сістэме адукацыі, ёсць некалькі цікавых задум адносна інфармацыйных праектаў, адбудуцца і іншыя падзеі, якія не застануцца незаўважанымі. Таксама міністр адзначыў, што зараз прадумваецца комплекс мер, якія дапамогуць павялічыць заработкі настаўнікаў, аднак гэта не будзе “механічнае” павышэнне, аплата працы павінна стымуляваць на больш эфектыўную дзейнасць.
Удзельнікаў круглага стала цікавілі, зразумела, і іншыя пытанні. У прыватнасці, ці будуць забяспечвацца сучасным абсталяваннем школьныя кабінеты.
— З гэтага года мы пачалі актыўна забяспечваць школы сучаснымі кабінетамі фізікі, хіміі, інфарматыкі, біялогіі. Аднак важная не толькі наяўнасць такога абсталявання, але і жаданне і ўменне педагога яго выкарыстоўваць, — адказаў міністр і заклікаў падлеткаў да ўдзелу ў стварэнні віртуальных лабараторый, каб зрабіць навучанне карысным і цікавым. Таксама Міхаіл Анатольевіч расказаў, што сучасным абсталяваннем забяспечваюцца і лабараторыі ўстаноў вышэйшай адукацыі.
— Тут мы пайшлі шляхам стварэння рэсурсных цэнтраў, дзе сабрана найлепшае абсталяванне пэўнага кірунку. Такія цэнтры павінны быць карыснымі не толькі для ўніверсітэтаў, але і для школ. Я заклікаю ўніверсітэты больш актыўна ў шосты школьны дзень запрашаць да сябе школьнікаў, каб паказваць свае магчымасці і расказваць вучням аб сучаснай навуцы і прафесіях, якія можна атрымаць у гэтых універсітэтах.
Гэтую ідэю горача падтрымалі ўдзельнікі круглага стала, якія паскардзіліся, што вучням складана сарыентавацца ў мностве спецыяльнасцей, зразумець, што прадугле-джвае кожная з іх, і чым яны адрозніваюцца. Міхаіл Анатольевіч расказаў, што ўжо зараз вядзецца работа па ўзбуйненні спецыяльнасцей. Так, спецыяльнасць стане больш шырокім паняццем, а ўнутры яе будзе раздзяленне на профілі.
За круглым сталом прагучала скарга-прапанова: школьнікі расказвалі пра тое, што некаторыя школьныя падручнікі напісаны складанай мовай. Удзельнікі алімпіяд ведаюць, пра што кажуць: яны штудзіруюць шмат літаратуры і могуць параўнаць розныя выданні, падручнікі і дапаможнікі. У прыватнасці, прыводзіўся прыклад падручнікаў па біялогіі.
— Пра гэтую праблему мы ведаем і працуем над ёй. Менавіта для спрашчэння мовы ствараецца базавы падручнік, дзе проста і даступна выкладаюцца базавыя веды, якія павінен засвоіць кожны вучань. Там жа даюцца спасылкі на разнастайныя рэсурсы, дзе можна глыбей вывучыць тэму, здабыць дадатковыя веды, — расказаў міністр адукацыі і адзначыў: — для таго каб напісаць добры падручнік, неабходны сапраўдны талент, гэта цэлае мастацтва і вельмі складаная справа. Не кожны на гэта здольны, таму мы абмяркоўваем зараз, як стымуляваць на стварэнне падручнікаў тых, хто на гэта здольны.
Наступнае пытанне тычылася адукацыйных стандартаў і праграм: ці будуць яны ўдасканальвацца, мяняцца?
— У чалавека, які не надта разбіраецца ў сістэме адукацыі, можа скласціся ўражанне, што ў адукацыі адбываюцца пастаянныя рэформы і змены, — працягнуў міністр, — аднак сістэма адукацыі не можа быць застылай. Усё хутка мяняецца ў свеце, і мы павінны трымаць руку на пульсе, каб не адстаць ад гэтых змен. У той жа час неабходна не страціць тое каштоўнае, напрацаванае гадамі, што ў нас ужо ёсць. Такі баланс складана захаваць. Для гэтага працуюць спецыялісты, эксперты, якія сочаць за тым, якія тэндэнцыі з’яўляюцца ў навуковым і адукацыйным свеце, вырашаюць, што трэба мадэрнізаваць, а што пакінуць нязменным. Словам, удасканальванне сістэмы адукацыі, пра-грам — гэта пастаянны працэс.
Да Віктара Віктаравіча Якжыка ўдзельнікі круглага стала звярнуліся з пытаннем, хто, акрамя настаўніка-прадметніка, можа дапамагчы адоранаму дзіцяці, да каго звярнуцца ў школе, калі самастойна цяжкасці пераадольваць не атрымліваецца.
— Сапраўды, быць таленавітым — гэта значыць быць асаблівым, з дзіцячых гадоў выконваць асаблівую місію — абараняць гонар сваёй школы, раёна, вобласці, краіны. Гэта прадугледжвае і асаблівы рытм вучэбнага працэсу. У сувязі з гэтым таленавітым дзецям неабходна падтрымка і дапамога. Вялікая роля ў рабоце з адоранымі дзецьмі належыць педагогам-псіхолагам, сацыяльным педагогам, класным кіраўнікам. Калі яны працуюць прафесійна, то могуць дапамагчы вучням умацаваць нервовую сістэму, падтрымаць матывацыю да вучобы, вызначыць жыццёвыя прыярытэты, выбраць прафесію, скласці правільны распарадак дня. Важна не забывацца, што педагог-псіхолаг і педагог сацыяльны павінны працаваць не толькі з праблемнымі дзецьмі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, але і з юнымі талентамі. Праводзяцца спецыяльныя заняткі, мерапрыемствы, семінары для гэтай катэгорыі педагагічных работнікаў, для таго каб яны маглі лепш аказаць падтрымку вучням.
На ўсе пытанні госці круглага стала адказвалі разгорнута і шчыра, прыводзячы шмат прыкладаў, у тым ліку з асабістага вопыту. На жаль, усе пытанні дзеці задаць не паспелі, аднак былі перададзены міністру адукацыі. Міхаіл Анатольевіч паабяцаў азнаёміцца з кожным пытаннем, каб разумець, што хвалюе маладых людзей, а таксама запэўніў, што гэта не апошняя іх сустрэча.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.