Сустракаць дзяцей з любоўю

- 12:52Дашкольная адукацыя

У аграгарадку Заастравечча, што ў Клецкім раёне Мінскай вобласці, каля дзвюх тысяч жыхароў. І 51 маленькі жыхар гэтага населенага пункта кожную раніцу шпарка крочыць у мясцовы дзіцячы сад. Ідуць сюды дзеці з задавальненнем і ў добрым настроі, бо кожны дзень сад дорыць ім новыя ўражанні.

У Заастравецкім яслях-садзе функцыянуюць тры групы. Выхоўваюць малышоў 7 педагогаў. Загадчыца ясляў-сада Алена Радзівонаўна Груша расказвае, што працуе з дзецьмі надзейная і прафесійная каманда педагогаў-аднадумцаў, адданых сваёй прафесіі, творчых, якія дораць дзецям клопат і ласку. “Самае галоўнае, што патрэбна для паспяховай дзейнасці ўстановы, — гэта добры калектыў. А ён у нас цудоўны: сталы, сфарміраваны, дружны. Мы падтрымліваем адно аднаго і дапамагаем”, — расказвае Алена Радзівонаўна. Тут ніколі не было выпадковых людзей, а толькі тыя, хто любіць і жадае працаваць з дзецьмі. І гэта відаць па адносінах да сваёй справы — супрацоўнікі сада не перастаюць працаваць над сабой і ўдасканальваць сваё майстэрства. Педагогі ва ўстанове працуюць даўно. У пачатку сваёй педагагічнай дзейнасці ўсе яны мелі сярэднюю спецыяльную дашкольную адукацыю. Але былая загадчыца ясляў-сада актыўна праводзіла агітацыйную работу сярод педагогаў, падштурхоўваючы іх да атрымання вышэйшай адукацыі. Так педагогі паступілі на завочную форму навучання УВА. Цяпер пяць педагогаў маюць вышэйшую адукацыю па профілі. Вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю мае адзін педагог, шэсць — першую катэгорыю. У гэтым годзе трое плануюць атрымаць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю.
У яслях-садзе створаны ўмовы, неабходныя для фізічнага, асобаснага, творчага, эстэтычнага і маўленчага развіцця выхаванцаў. Забяспечанасць адукацыйнага працэсу сродкамі выхавання і навучання складае 88,7%.
Здароўе дзетак знаходзіцца пад асаблівай увагай супрацоўнікаў установы. Для заняткаў фізічнай культурай створана добрая матэрыяльна-тэхнічная база, працуе спартыўная зала, спартыўная пляцоўка, абнаўляецца спартыўны інвентар. Важным складнікам здароўезберажэння з’яўляецца арганізацыя харчавання выхаванцаў. У 2015 годзе выкананне норм харчавання ў дзіцячым садзе па асноўных прадуктах у сярэднім склала 91,75%. Для мадэрнізацыі працэсу арганізацыі харчавання ва ўстанове выкарыстоўваюць камп’ютарную праграму для складання штодзённага меню, аналізу выканання норм харчавання. Дзякуючы гэтым мерапрыемствам, назіраецца станоўчая дынаміка па групах здароўя, паказчык пропускаў дзён па хваробе адным дзіцем застаецца стабільным.
Дашкольная ўстанова ў Заастравеччы разлічана на 140 месцаў. Некалі гэтых месцаў для ўсіх жадаючых не хапала, але потым колькасць насельніцтва скарацілася і сітуацыя змянілася. Групам, якія вызваліліся, знайшлі цудоўнае прымяненне: у іх размясцілі экалагічны пакой, музей “Беларуская хатка”, студыю выяўленчага мастацтва, пакой для вывучэння асноў бяспекі. Змястоўна аформілі педагогі экалагічны пакой — на занятках дзеці могуць вывучаць жывёльны і раслінны свет розных шырот, створаны азнаямленчыя макеты лесу, поля, пустыні, сельскага падворка. Экспанаты для музея “Беларуская хатка” збіралі з дапамогай бацькоў, мясцовых жыхароў. Цяпер дзеткі могуць даведацца, што такое начоўкі і ходнікі, патрымаць у руках чыгуны, прас, убачыць мэблю, якая раней служыла іх прабабулям. Навыперадкі бягуць хлопчыкі і дзяўчынкі ў пакой вывучэння асноў бяспекі, бо тут каляровыя макеты пажарнай машыны, хуткай дапамогі, міліцыі і газавай службы. На падлозе намалявана дарожная разметка, у пакоі ёсць дарожныя знакі. Тут весела і цікава вывучаць правілы дарожнага руху і бяспекі. Большую частку абсталявання педагогі стваралі сваімі рукамі.
З задавальненнем дзеці наведваюць заняткі ў гуртках — тэатральным, харэаграфічным, мастацкім, развіццёвых. Свае дасягненні гурткоўцы дэмаструюць мамам і татам — у садку праходзяць выставы выхаванцаў гуртка “Вясёлы аловак”. Тэатральны гурток прадставіў увазе бацькоў пастаноўкі “Муха-цакатуха”, “Воўк і сямёра казлянят”, музычную казку “Калабок”, паказ “Мы без мамы — нікуды” і іншыя. Напрыканцы кожнага навучальнага года гурткоўцы ладзяць справаздачныя канцэрты і выставы.
Педагогі ясляў-сада наладзілі добрыя адносіны з сем’ямі сваіх выхаванцаў і заўсёды могуць разлічваць на іх падтрымку. Бацькі прысутнічаюць на занятках, актыўна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах, якія праводзяцца ў дашкольнай установе. Такая шчыльная работа з бацькамі і дзецьмі дапамагае якасна, на больш высокім узроўні ажыццяўляць адукацыйны працэс. Асабліва палюбіліся ўсім сумесныя святкаванні беларускіх народных свят. Разам дзеці, іх бацькі і педагогі адзначалі Вялікдзень, Купалле, Гуканне вясны, Каляды. Часта святы праводзяцца ў “Беларускай хатцы”. Такія мерапрыемствы дапамагаюць знаёміць дзяцей, а часам і дарослых з народнымі традыцыямі, з’ядноўваць сем’і, а таксама прывіваць дзецям любоў і павагу да сваёй Радзімы.
“Зробім усё магчымае для таго, каб жыццё дзіцяці было шчаслівым, а дом, дзе мы сустракаем яго, — дзіцячы сад — радасным, светлым і цёплым” — гэты выраз супрацоўнікі Заастравецкага ясляў-сада зрабілі сваім дэвізам у рабоце. І можна без перабольшання сказаць, што менавіта такім домам і стаў для сваіх выхаванцаў гэты дзіцячы сад.

Дар’я РЭВА.