Першая восеньская інтэлектуальная сустрэча клубаў ЮНЕСКА Гомельскай вобласці, арганізаваная клубам ЮНЕСКА “Ордэн “У абарону правоў дзіцяці” і Гомельскім абласным аддзяленнем Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА, прайшла ў Навагуцкай сярэдняй школе Гомельскага раёна.
Мерапрыемства было прымеркавана да Дня ААН і 72- годдзя стварэння ЮНЕСКА.
На інтэлектуальных спаборніцтвах, якія праходзілі па прыкладзе тэлевізійнай гульні “Што? Дзе? Калі?”, сустрэліся каманды клубаў ЮНЕСКА “Мы” з Мазыра, “Архідэя” з Гомеля, “Ордэн “У абарону правоў дзіцяці” і клуба-кандыдата ЮНЕСКА “Валянцінкі” з Калінкавіч. Юныя знаўцы адказвалі на пытанні пра гісторыю і дзейнасць ААН і ЮНЕСКА.
Кожны клуб імкнуўся атрымаць перамогу ў інтэлектуальнай гульні і стаць першым пераможцам першай восеньскай інтэлектуальнай сустрэчы клубаў ЮНЕСКА Гомельскай вобласці. Нягледзячы на тое, што гульня доўжылася тры гадзіны, ніхто з удзельнікаў не адчуваў часу. У спрэчках і здагадках ён ляцеў непрыкметна. 24 пытанні інтэлектуалы разыгралі чатырма перыядамі па 6 пытанняў, кожнае на пэўную тэму. А перапынкі паміж перыядамі запаўняліся забаўляльнымі гульнямі.
Па выніках першай восеньскай інтэлектуальнай сустрэчы пераходны Кубак пераможцы дастаўся навучэнцам з гомельскага клуба ЮНЕСКА “Архідэя”. Другое месца ў клуба-кандыдата з Калінкавіч “Валянцінкі”, трэцяе — у каманды клуба ЮНЕСКА “Ордэн “У абарону правоў дзіцяці”.
— Інтэлектуальная гульня стартавала ў гэтым годзе і працягне свой рух далей, — дзеліцца загадчык аддзела па рабоце з дзіцячымі і маладзёжнымі арганізацыямі, аб’яднаннямі Гомельскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі член праўлення Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА Уладзімір Александронец. — Цяпер клубы ЮНЕСКА Гомельскай вобласці будуць сустракацца на гульні “Што? Дзе? Калі?” кожную восень.
Было відавочна, што задавальненне ад гульні атрымаў кожны ўдзельнік. Нават калі гульня скончылася, юнакі і дзяўчаты не спяшаліся разыходзіцца, яны яшчэ доўга абмяркоўвалі найбольш складаныя пытанні і тыя, на якія не змаглі адказаць.
Усе тры каманды-пераможцы атрымалі ад Гомельскага абласнога аддзялення Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕ СКА сертыфікаты на наведванне канцэрта “Спяваем разам” з удзелам выхаванцаў Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя Уладзіміра Мулявіна.
Наталля ЛУТЧАНКА.