Сустрэчы на літаратурным скрыжаванні

- 11:27Навіны рэгіёнаў, Рознае

На “Літаратурнае скрыжаванне” адправіліся навучэнцы ўстаноў адукацыі Крупскага раёна. Цыкл мерапрыемстваў пад такой назвай адбыўся ў школах і гімназіях. Разнастайныя па змесце і форме правядзення, мерапрыемствы былі аб’яднаны адной ідэяй — паказаць дзецям прыгажосць роднай мовы і багацце беларускай культуры.

— Мова — наш галоўны і неацэнны скарб. I сёння абавязак кожнага з нас — садзейнічаць яе развіццю і росквіту.

З гэтай мэтай ва ўстановах адукацыі Крупскага раёна ў рамках Года культуры праведзены шэраг мерапрыемстваў, аб’яднаных у адзін цыкл “Літаратурнае скрыжаванне”, — расказвае Уладзімір Іванавіч Рогаў, метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Крупскага райвыканкама. — Усе гэтыя мерапрыемствы папулярызуюць беларускую кнігу, далучаюць вучняў да духоўнай культуры і літаратурных традыцый, а таксама спрыяюць фарміраванню чытацкіх уменняў і кампетэнцый. Вучні пачынаюць больш чытаць, цікавіцца беларускай літаратурай. Вельмі радуе тое, што яны чытаюць менавіта на роднай мове.

Педагогі ўстаноў адукацыі, усведамляючы значнасць справы, актыўна ўключыліся ў работу і прапанавалі дзецям мноства разнастайных мерапрыемстваў. Напрыклад, у Худавецкім яслях-садзе — сярэдняй школе Крупскага раёна прайшлі класныя гадзіны “Камп’ютар або кніга? Усе “за” і “супраць”, акцыя “Гаворым па-беларуску”, брэйн-рынг “З кнігай — праз вякі”, гульня “Зямля пад белымі крыламі”, конкурс вокладак да твораў “Я бачу так!”, конкурс малюнкаў да любімых кніг. Вучні школы пабывалі ў пазіцыі чытача, аўтара і творцы, спаборнічалі, праяўлялі крэатыўнасць, і ўсё гэта спрыяла развіццю мастацка-маўленчай дзейнасці, творчых здольнасцей школьнікаў, абуджэнню цікавасці да кнігі.

У Бобрскім яслях-садзе — сярэдняй школе імя А.В.Луначарскага быў аб’яўлены конкурс кветак і фларыстычных кампазіцый “Усе фарбы свету”. Конкурсныя работы школьнікі прысвяцілі пісьменнікам-юбілярам 2016—2017 гадоў. Навучэнцы школы прынялі ўдзел у свяце “Як да нас прыйшла кніга” і спаборнічалі ў інтэлектуальнай літаратурнай гульні “Дзень беларускага пісьменства”, падчас якой актуалізавалі і пашырылі свае веды пра гісторыю і культурную спадчыну беларускіх гарадоў.

У Нацкай сярэдняй школе імя М.Д.Шастакова вучні спаборнічалі за званне лепшага чытальніка вершаў пра родны край, мову, слова, Радзіму. У школе прайшла гадзіна паэзіі “Музыка душы”, свята “Імя, славутае ў вяках”, прысвечанае Францыску Скарыне. Вынікі “Літаратурнага скрыжавання” падводзілі падчас інтэлектуальнага конкурсу.

Цікавыя падзеі чакалі навучэнцаў Крупскай раённай гімназіі. Яны адправіліся ў “Падарожжа па родным краі” — падчас аднайменнай віктарыны дзеці дэманстравалі сваё веданне беларускіх прыказак і прымавак, фразеалагізмаў, удзельнічалі ў традыцыйных народных гульнях. Удзельнікі краязнаўчай мазаікі “Нам кніга адкрывае свет” адказвалі на пытанні, ствараючы такім чынам цэласны аповед пра нашу Радзіму і ўзнаўляючы свае веды пра гісторыю і культуру краіны.

Добра падрыхтаваліся да сустрэчы на “Літаратурным скрыжаванні” ў Ігрушкаўскай сярэдняй школе. Аматараў захапляльных інтэлектуальных спаборніцтваў чакаў брэйн-рынг “Беларусь — мая краіна”. Літаратурная гасцёўня “Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына” запрашала дзяцей пашырыць веды пра славутых беларускіх пісьменнікаў і іх уклад у развіццё беларускага кнігадрукавання.

Вучні сярэдняй школы № 3 Крупак мелі магчымасць сустрэцца з жывым беларускім словам, наведаўшы выставу “Вялікія і славутыя людзі Беларусі” ў школьнай бібліятэцы, узяўшы ўдзел у літаратурнай віктарыне “Дзесяць вякоў беларускай гісторыі”, пазнавальнай гульні “Дочкі і сыны Радзімы маёй”, брэйн-рынгу “Ці ведаеце вы помнікі гісторыі і культуры Беларусі?”. Навучэнцы школы пазнаёміліся з прэзентацыяй “Гарады і гістарычныя мясціны Беларусі”, наведалі гарадскі гісторыка-краязнаўчы музей.

Літаратурныя інтэлектуальныя спаборніцтвы адбыліся і ў Каласоўскай сярэдняй школе. Акрамя таго, самыя маленькія хлопчыкі і дзяўчынкі — навучэнцы пачатковай школы — пабывалі на літаратурным свяце “Кніга ў госці да нас прыйшла”, а старэйшыя вучні праявілі сябе ў тэатральнай дзейнасці і праінсцэніравалі ўрывак з твора В.Дуніна-Марцінкевіча “Пінская шляхта”.

Такім чынам, на “Літаратурным скрыжаванні” сустрэліся амаль усе школьнікі Крупскага раёна. Тут знайшліся цікавыя мерапрыемствы для кожнага вучня — ад самых маленькіх да старшакласнікаў. Яны чыталі і дэкламавалі, глядзелі і слухалі, спаборнічалі і тварылі. І адначасова станавіліся ўсё больш удумлівымі, сур’ёзнымі, улюбёнымі ў прыгожае літаратурнае слова, у родную мову.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлены ўстановамі адукацыі.