Сустрэчы ў “Рэтракіназале”

- 10:28Навіны рэгіёнаў, Рознае

“Рэтракіназала” стала месцам сустрэчы розных пакаленняў. Абласны сацыяльны праект пад такой назвай стартаваў на Міншчыне.

Актыўная і неабыякавая моладзь ніколі не пакідае без увагі старэйшае пакаленне. На працягу ўсяго года школьнікі, студэнты, валанцёры наведваюць пажылых людзей, ветэранаў, каб дапамагчы ці проста пагутарыць. Асабліва такая работа актывізуецца ў кастрычніку ў сувязі з Міжнародным днём пажылых людзей. Сёлета гэтай падзеі на Міншчыне прысвяцілі новы абласны сацыяльны праект “Рэтракіназала”. Яго арганізатарамі з’яўляюцца Мінская абласная арганізацыя БРСМ разам з камітэтам па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне насельніцтва Мінскага аблвыканкама і абласным Саветам ветэранаў, а далучыліся да праекта валанцёры — навучэнцы ўстаноў адукацыі вобласці.

“Рэтракіназала” — гэта нетрывіяльная форма сустрэч, якая дае магчымасць зносін, абмену меркаваннямі паміж рознымі пакаленнямі людзей. Сутнасць праекта ў тым, што для валанцёраў і пажылых людзей, якія жывуць у сацыяльных установах, арганізоўваецца паказ кінастужкі. Ва ўтульнай атмасферы за кубкам гарбаты дзеці і пажылыя людзі не толькі разам глядзяць фільм, але дзеляцца ўражаннямі аб ім, выказваюць меркаванні, разважаюць аб жыцці. Прыемным дадаткам да прагляду з’яўляюцца канцэрты, што рыхтуюць валанцёры, і падарункі для старэйшых удзельнікаў мерапрыемства.

Праект “Рэтракіназала” стартаваў у Мікалаеўшчынскім доме-інтэрнаце для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў Стаўбцоўскага раёна. Абмеркаванне кінастужкі “Калачы” Нурбека Эгена перацякло ў шчырую размову аб жыцці і лёсах, планах і надзеях. Акрамя таго, валанцёры руху БРСМ “Добрае сэрца” падрыхтавалі для жыхароў дома-інтэрната канцэртную праграму. Тыя ж у сваю чаргу правялі для гасцей экскурсію па ўстанове і паказалі выставу твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, што стварылі сваімі рукамі. Таксама ўдзельнікі акцыі разам пасадзілі рабінавыя прысады і ўстанавілі памятны камень да Міжнароднага дня пажылых людзей.

Валанцёры атрада Ланскай сярэдняй школы Нясвіжскага раёна адправіліся ў “Рэтракіназалу”, якая адкрылася ў Нясвіжскім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў. На экране ў гэты дзень была стужка аб гісторыі Нясвіжскага раёна за апошнія 75 гадоў “Ганарымся мінулым — ствараем будучыню”. Тэма фільма задала тэму і для гутаркі — жыхары дома-інтэрната падзяліліся сваімі ўспамінамі з гісторыі раёна, разам з валанцёрамі марылі пра будучыню. Завяршэннем сустрэчы стала танцавальная праграма, паштоўкі і салодкія падарункі, якія падрыхтавалі школьнікі для прадстаўнікоў старэйшага пакалення.

Таксама ў “Рэтракіназалу” запрасілі жыхароў Лагойскага і Старадарожскага дамоў-інтэрнатаў для састарэлых і інвалідаў.

Мудрасць, якая прыходзіць да чалавека з гадамі, прымушае яго ўсё больш цаніць сапраўдныя каштоўнасці. Можа таму пажылыя людзі так цэняць шчырыя чалавечыя зносіны, і “Рэтракіназала” стала найлепшым падарункам для іх да Дня пажылых людзей. Тым больш што на мерапрыемстве два пакаленні дамовіліся аб новых сустрэчах.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена Мінскай абласной арганізацыяй БРСМ.