Сустрэліся на “Тэатральным скрыжаванні”

- 11:07Навіны рэгіёнаў

Гарадскі этап абласнога конкурсу тэатральных і лялечных калектываў “Тэатральнае скрыжаванне”, у якім прынялі ўдзел 11 калектываў, прайшоў на базе гомельскай сярэдняй школы № 61.

Конкурс праводзіцца ў мэтах выяўлення і падтрымкі юных талентаў, развіцця творчых здольнасцей дзяцей і падлеткаў, актывізацыі работы існуючых і стварэння новых тэатральных і лялечных калектываў.

Таленавітыя дзеці паказалі акцёрскае майстэрства і высокі ўзровень падрыхтоўкі. Журы ацэньвала канкурсантаў і па такіх крытэрыях, як адпаведнасць рэпертуару ўзросту выканаўцаў, мастацкае афармленне спектакляў, дэкарацыі, касцюмы і рэквізіты, эмацыянальна-экспрэсіўная афарбаванасць выступленняў.

Перамога дасталася ўзорнаму тэатральнаму калектыву “Дыялог” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Савецкага раёна Гомеля са спектаклем “Усе мышы любяць сыр” (кіраўнік Алена Талочка), узорнаму тэатру лялек “Лялька” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Навабеліцкага раёна Гомеля са спектаклем “Казка пра папа і яго работніка Балду” (кіраўнік Ніна Грабчанкова) і школьнаму ўзорнаму тэатру “Ветразь” сярэдняй школы № 61 Гомеля, які прадставіў музычную казку “Снежная каралева” (кіраўнік Ларыса Пікас). Цяпер ім давядзецца паспаборнічаць у тэатральным майстэрстве з іншымі калектывамі-пераможцамі на абласным этапе конкурсу.

Акрамя таго, журы адзначыла спецыяльнымі дыпломамі навучэнцаў Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Навабеліцкага раёна Гомеля ўдзельнікаў тэатральна-лялечнага калектыву “Казка сваімі рукамі” Дзіяну Куніну, Валерыю Нікуліну, Дар’ю Сініла і Софію Лісіменка ў намінацыі “Лепшая роля другога плана”. Дыплом у намінацыі “Лепшая жаночая роля” атрымала Яўгенія Курылава, удзельніца ўзорнага тэатра лялек “Чароўны свет” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Цэнтральнага раёна Гомеля. Намінацыю “Лепшая мужчынская роля” падзялілі паміж сабой выхаванцы Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Савецкага раёна Гомеля Глеб Ліпніцкі і Мікіта Базылёў.

Наталля ЛУТЧАНКА.