Сусветная ўніверсіяда дае магчымасць пазмагацца за алімпійскія ліцэнзіі

- 10:17Актуально, Апошнія запісы, Спартыўныя падзеі

У студэнцкай вёсцы ХХХ Сусветнай летняй універсіяды ўзняты сцяг Беларусі. Сімвалічна, што гэтая падзея супала з Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь! 3 ліпеня ў Неапалі (Італія) стартавалі самыя маштабныя студэнцкія спартыўныя гульні.

Беларускія атлеты ўдзельнічаюць у 8 відах спорту: гімнастыка спартыўная, гімнастыка мастацкая, лёгкая атлетыка, тэніс, фехтаванне, плаванне, дзюдо, тэквандо.

На дадзены момант спартсмены пачалі першыя трэніроўкі. Трэніровачны працэс фехтавальшчыкаў і самі спаборніцтвы пройдуць у суседнім горадзе Салерна на тэрыторыі Centro Universitario Sportivo CUS Salerno.

“Умовы, у якіх нам трэба будзе працаваць, адпавядаюць узроўню Сусветнай універсіяды, — адзначыў кіраўнік дэлегацыі дырэктар Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і судэнтаў Віталь Мікалаевіч Стрыгельскі. — Упершыню ў гісторыі студэнцкая вёска размясцілася на двух круізных лайнерах. У Неапалі не было магчымасці арганізаваць студэнцкую вёску закрытага тыпу, аргкамітэт прапанаваў такі нестандартны і, як паказвае практыка, даволі зручны варыянт размяшчэння. Тут ёсць трэнажорная зала, басейн, рэстаранны комплекс”.

Беларусь на гэтых прэстыжных спаборніцтвах прадстаўляюць 45 спартсменаў, практычна ўсе яны з’яўляюцца членамі нацыянальных зборных па відах спорту. І хаця сама ўніверсіяда — выдатная магчымасць для кожнага атлета заявіць пра сябе на міжнародным узроўні, у гэтым годзе ў прывілейным становішчы апынуліся плыўцы — студэнцкія спаборніцтвы па плаванні даюць магчымасць пазмагацца за алімпійскія ліцэнзіі ў Токіа-2020!

“Сённяшнія кваліфікацыйныя нарматывы — гэта ўзровень п’едэстала на Алімпійскіх гульнях — 2012 у Лондане, — падкрэсліла старшы трэнер Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па водных відах спорту Вольга Сяргееўна Яскевіч. — Планка вельмі высокая, але мы прывезлі ў Неапаль вельмі моцную каманду. Усё вырашаць дзясятыя долі секунды”.

Аргкамітэт FISU адзначае, што фармат сусветных студэнцкіх спаборніцтваў істотна змяніўся: ён максімальна набліжаны да фармату Алімпійскіх гульняў.

Наталля АЛЁХІНА.
Марыя КОЖДАН.