Свой педагагічны шлях

- 14:28Людзі адукацыі

Таццяна Аляксееўна Мартынюк ужо 34 гады працуе ў сістэме адукацыі. Гэты вопытны творчы педагог шчыра ўлюбёны ў сваю прафесію, далучае вучняў Маларыцкай раённай гімназіі да цікавага і таямнічага свету геаграфіі. Таццяна Аляксееўна карыстаецца аўтарытэтам у калег і павагай — у дзяцей і іх бацькоў.

Зазіраючы ў мінулае, Таццяна Аляксееўна Мартынюк прызнаецца, што настаўніцай яна магла і не быць. У дзяцінстве марыла стаць лётчыкам: сядзець за штурвалам самалёта і лятаць над аблокамі. Але ў 8 класе яна ўлюбілася ва ўрокі геаграфіі, якія тады ў сярэдняй школе № 1 Маларыты выкладала Тэрэза Барысаўна Бруцкая. Менавіта яна скіравала ўвагу дзяўчыны да гэтага прадмета, у выніку чаго Таццяна Мартынюк пасля школы выбрала для працягу адукацыі прыродазнаўчы факультэт тагачаснага Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна.

Спачатку Таццяна Аляксееўна працавала старшай піянерважатай у Хаціслаўскай сярэдняй школе Маларыцкага раёна. Пасля — у сярэдніх школах №№ 2 і 3 Маларыты і раённым ліцэі. Апошнія 9 гадоў яе педагагічнай дзейнасці звязаны з Маларыцкай раённай гімназіяй.

Таццяна Аляксееўна Мартынюк ставіцца да справы самааддана і адказна, старанна рыхтуецца да кожнага ўрока, знаходзіцца ў нястомным пошуку цікавых і эфектыўных форм, метадаў і прыёмаў работы з вучнямі. Выхаванцы гэтага педагога вельмі любяць геаграфію і паважаюць Таццяну Аляксееўну за справядлівасць, адкрытасць, добразычлівасць і сардэчнасць.

— Калі рабіла першыя самастойныя крокі ў прафесіі, то зразумела, што атрыманы дыплом — яшчэ не гарантыя таго, што ты ўжо сапраўдны настаўнік, — гаворыць Таццяна Аляксееўна. — Каб ім стаць, неабходна штодзённая карпатлівая праца. Усяму вучылася сама, пераймаючы вопыт старэйшых калег.

Прайшоў не адзін год, перш чым Таццяна Аляксееўна набыла неабходны вопыт, уменні і навыкі. Гэта цяпер настаўніца без страху і хвалявання праводзіць для калег адкрытыя ўрокі і майстар-класы па геаграфіі, дзеліцца педагагічнымі сакрэтамі, а раней адчувала і горыч расчаравання, і нейкую няўпэўненасць. Але высокая патрабавальнасць да сябе, жаданне ісці ў нагу з часам, імкненне працаваць далі плён. Сёння Таццяна Аляксееўна ужо не капіруе чужое, а мэтанакіравана выпрацоўвае індыві-дуальны стыль, уласную тэхналогію падачы вучэбнага матэрыялу.

— Урокі геаграфіі — гэта не толькі мерыдыяны і паралелі, акіяны, глыбокія моры, высокія горы, нязведаныя далі і імклівыя рэкі, — адзначае Таццяна Аляксееўна. — Урокі геаграфіі фарміруюць асобу чалавека і грамадзяніна-патрыёта, выхоўваюць любоў да роднага краю і беражлівыя адносіны да таго, што знаходзіцца побач.

Т.А.Мартынюк максімальна напаўняе ўрокі практычным зместам, выкарыстоўвае элементы розных адукацыйных тэхналогій, якія паляпшаюць засваенне новых ведаў. На ўсіх занятках абавязкова прымяняе мультымедыя і інтэрактыўную дошку. Да кожнага вучня падыходзіць індывідуальна, ствараючы здароўезберагальнае асяроддзе.

Для павышэння матывацыі дзяцей, іх пазнавальнай актыўнасці і набыцця трывалых ведаў Таццяна Аляксееўна звяртаецца да праграм-трэнажораў. Добрыя вынікі дае і праблемнае навучанне. Выхаванцы настаўніцы неаднаразова займалі прызавыя месцы ў раённых алімпіядах па геаграфіі, раённых і абласных навукова-даследчых канферэнцыях. Вялікую ўвагу педагог удзяляе краязнаўчай рабоце.

— Даволі часта людзі пасля заканчэння школы пакідаюць малую радзіму, — гаворыць Таццяна Аляксееўна. — Але ў памяці назаўсёды застаюцца мясціны, дзе знаходзіцца бацькоўскі дом, таямніцы і дзівосы роднага краю. Хочацца іншы раз пабываць там, але да яго дзясяткі ці нават сотні кіламетраў. Тады на дапамогу прыходзяць не толькі розныя даведнікі і фотаальбомы.

Пад кіраўніцтвам настаўніцы рэалізаваны краязнаўчы інфармацыйны праект “Электронная энцыклапедыя Маларыты”. Вучні Таццяны Аляксееўны — актыўныя ўдзельнікі раённых і абласных краязнаўчых конкурсаў і канферэнцый. Педагог з’яўляецца аўтарам краязнаўчай брашуры “Мікратапаніміка Маларыцкага раёна”, выдадзенай Маларыцкай раённай бібліятэкай. Таццяна Аляксееўна ўдзельнічала ў Рэспубліканскай навуковай канферэнцыі “Краязнаўства як адзін з напрамкаў вучэбна-выхаваўчай работы ў школе і УВА”. Настаўніца ўзнагароджана дыпломам Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі за актыўны ўдзел у правядзенні Рэспубліканскай прафсаюзнай экскурсійна-турыстычнай выставы “Прафтур-2016”.

Педагагічнае крэда Таццяны Аляксееўны: “Удасканальвай сябе, і ўсё, што ты будзеш рабіць, будзе імкнуцца да дасканаласці”.

Пасля заканчэння ўрокаў Т.А.Мартынюк звычайна не спяшаецца дадому — затрымліваецца, каб падрыхтаваць наглядныя матэрыялы да заўтрашніх заняткаў, адабраць медыяматэрыялы. Таццяна Аляксееўна атрымлівае задавальненне, калі мэты, пастаўленыя перад урокам, дасягнуты. Значыць, урок атрымаўся: стаў выніковым, патрэбным і карысным.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.