Свята для “Званочкаў”

- 11:31Навіны рэгіёнаў

У дзіцячым садзе № 5 Маларыты даўно і плённа сябруюць са здаровым ладам жыцця.

— Аднымі з асноўных задач дашкольнай адукацыі з’яўляюцца ахова жыцця і ўмацаванне здароўя дзяцей, фарміраванне ў іх асноў здаровага ладу жыцця, — гаворыць загадчыца ўстановы Галіна Старожык. — Педагогі ўдзяляюць вялікую ўвагу фізічнаму выхаванню дашкольнікаў, накіраванаму на своечасовае фарміраванне ў іх рухальных навыкаў і ўменняў, пэўных фізічных якасцей, развіццё інтарэсу да розных відаў рухальнай дзейнасці і фізкультуры, выхаванне маральна-валявых рыс асобы. Гэтаму добра садзейнічаюць розныя спартыўныя мерапрыемствы з дзецьмі і іх бацькамі. Адно з такіх мерапрыемстваў прайшло ў старшай групе “Званочкі”, дзе выхавальнікамі працуюць Вольга Сіжук і Марына Андрэева. Арганізавалі своеасаблівую спартландыю, якая праводзілася пад назвай “Неразлучныя сябры: дарослыя і дзеці”, Людміла Моўчан, Наталля Аёвіч і Таццяна Раманюк. На старт выйшлі каманды “Ну, пачакай!” і “Парваныя кеды”, куды ўваходзілі дзеці, іх бацькі, браты і сёстры, бабулі і дзядулі.
Спартыўнае мерапрыемства пачалося з рытмічнай размінкі. Затым удзельнікам спаборніцтва было прапанавана шмат цікавых конкурсаў. Асабліва запомніліся “Ганаровыя прапаўзанні праз тунэль”, “Пераправа”, “Навядзі парадак”, “Здаецца, дождж пачынаецца”, “Накармі дзіця” і інш.
І вось фінал. Перамагла, як заўсёды, дружба. Кожнай сям’і былі ўручаны падзячныя лісты і смачныя прызы ад спонсара — Маларыцкага кансерваваагароднінасушыльнага камбіната.
— Мерапрыемства падарыла станоўчыя эмоцыі, зарад бадзёрасці і пазітыўнай энергіі, добры настрой і надзею на чарговую сустрэчу-спаборніцтва, — адзначае адна з удзельніц Ларыса Углянец. — Мерапрыемства вельмі спадабалася маёй дачцэ. Дзякуючы шматлікім фотаздымкам, успаміны пра спартыўнае спаборніцтва застануцца назаўсёды.
— Карысць здаровага ладу жыцця агульнавядомая і неаспрэчная, — заўважае дырэктар сярэдняй школы № 1 Маларыты Наталля Іванова. — Заняткі спортам дапамагаюць зняць стрэс, павысіць вынослівасць, атрымаць пазітыўныя ўражанні, таму з мужам і дачкой адразу згадзіліся паўдзельнічаць у спартыўным мерапрыемстве. І не пашкадавалі.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.