Свята дружбы, радасці, весялосці, творчасці

- 10:16Актуально, Апошнія запісы, Рознае

14 ліпеня адбылося ўрачыстае адкрыццё XXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, удзел у якім прыняў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.

Адкрываючы фестываль, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што фестываль — равеснік суверэннай Беларусі, паколькі зрабіў свае першыя крокі ў год атрымання рэспублікай незалежнасці: “Ён развіваецца разам з краінай, і ў ім адлюстроўваецца кожны этап станаўлення маладой дзяржавы”.

“Самае галоўнае, што кожны год фестываль дорыць мільёнам людзей сапраўднае, шчырае, душэўнае свята — свята дружбы, радасці, весялосці, творчасці, якое доўга жыве ў нашых сэрцах. Яно спалучае ў сабе класіку і сучаснасць, павагу да традыцый і свабоду мастацкага пошуку”, — сказаў прэзідэнт. Ён таксама падкрэсліў, што цяпер, калі нават самыя прэстыжныя міжнародныя конкурсы аказваюцца несвабоднымі ад закулісных палітычных інтрыг, нам удаецца захоўваць сумленнасць і непрадузятасць нашага “Славянскага базару”. Менавіта таму ён знайшоў шлях да сэрцаў мноства гледачоў на пяці кантынентах планеты”.

 Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэты юбілейны форум стаў цэнтральнай падзеяй аб’яўленага ў Беларусі Года культуры. “Гэтае свята ўвасабляе наша духоўнае багацце, адкрытасць і цікавасць да культуры розных народаў. Нездарма мы аб’ядналіся калісьці — тры брацкія краіны — Беларусь, Расія і Украіна. Мы сталі ядром фестывалю і на працягу гэтых гадоў з розным поспехам, калі шчыра гаварыць, дэманструем гэтае культурнае адзінства”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што віцебскі фестываль параўноўваюць з Алімпійскімі гульнямі. “Калі перафразаваць П’ера дэ Кубертэна, мы гаворым: “О фестываль, ты — мір!”. Гэта сапраўды пляцоўка міру і дабра. Думаю, яна яшчэ будзе запатрабавана”, — сказаў беларускі лідар.

“У нашых дзяржавах асаблівае значэнне надаецца развіццю нацыянальнага мастацтва, беражліва захоўваюцца традыцыі і творчыя дасягненні папярэднікаў, таму мы па праве можам заявіць, што гэтыя тры краіны — Беларусь, Расія і Украіна — цытадэль традыцыйнай культуры”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Паводле яго слоў, гэта асабліва важна ў наш час, калі ў свеце страчваюцца арыенціры, якія раней аб’ядноўвалі людзей розных поглядаў, пакаленняў і культур. “Многія краіны сёння церпяць ад міжнацыянальнай, рэлігійнай варожасці, упадку маралі, вострых супярэчлівых канфліктаў, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Думаю, справа ў тым, што плённае развіццё мастацтва патрабуе ўзаемаразумення, а не процістаяння, умацавання гуманістычных традыцый, а не варварскага разбурэння помнікаў культуры і адмаўлення ўсіх асноў грамадства”.

“Менавіта на канструктыўных прынцыпах грунтуецца наш фестываль. У гэтым яго сіла і прывабнасць”, — дадаў беларускі лідар.

На ўрачыстым адкрыцці XXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2015—2016 гады.

Лаўрэатам прэміі стаў народны артыст СССР мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага сімфанічнага аркестра імя П.І.Чайкоўскага Уладзімір Федасееў.

Прэмія таксама прысуджана аўтарскаму калектыву ў складзе аўтара ідэі, архітэктара, протаіерэя, настаяцеля Усіхсвяцкага прыхода Мінска Фёдара Поўнага; скульптара заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Уладзіміра Слабодчыкава; архітэктара лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Ігара Марозава.

Прэміі Саюзнай дзяржавы ўдастоены яшчэ адзін аўтарскі калектыў у складзе народнага артыста Беларусі і мастацкага кіраўніка ансамбля “Сябры” Анатоля Ярмоленкі; кампазітара заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Алега Елісеенкава; паэта ўладальніка літаратурнай прэміі “Залаты купідон” Івана Юркіна.

Прэміі прысуджаны за творы літаратуры і мастацтва, якія ўносяць вялікі ўклад ва ўмацаванне адносін братэрства, дружбы і ўсебаковага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй.

Кіраўнік дзяржавы таксама ўручыў спецыяльную ўзнагароду “Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення”, якая ў гэтым годзе прысуджана народнаму артысту Беларусі Міхаілу Фінбергу і Нацыянальнаму акадэмічнаму канцэртнаму аркестру Беларусі.

Заслужаныя ўзнагароды атрымалі таксама майстры мастацтваў, якія ўнеслі вялікі асабісты ўклад у станаўленне і развіццё фестывалю. Ордэны Францыска Скарыны прэзідэнт уручыў рэжысёру, сцэнарысту і прадзюсару Сяргею Пятрову, рэжысёру-пастаноўшчыку вядучай канцэртных і фестывальных праграм Заслужанага акадэмічнага ансамбля песні і танца Узброеных сіл Украіны Аксане Антанюк. Гэтай жа ўзнагароды ўдастоена спецыяльны карэспандэнт аддзела рэдактараў галоўнай дырэкцыі падрыхтоўкі тэлепраграм генеральнага прадзюсарскага цэнтра Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Алена Спірыдовіч.

У культурных мерапрыемствах плануецца ўдзел прадстаўнікоў з больш як чатырох дзясяткаў краін. Змест канцэртных праграм “Славянскага базару ў Віцебску” ў многім вызначаецца шматлікімі юбілейнымі датамі гэтага года. Запланаваны таксама спецыяльныя праекты, падрыхтаваныя да 25-годдзя фестывалю.

У гэтым годзе сярод гасцей “Славянскага базару” такія знакамітасці, як Ала Пугачова, Валерый Лявонцьеў, Марыля Радовіч, Надзея Бабкіна, Палад Бюльбюль-аглы, Томас Андэрс, Майкл Болтан і многія іншыя.

Гала-канцэрт закрыцця фестывалю адбудзецца 18 ліпеня.

Па матэрыялах БелТА.
Фота Аляксандра ХІТРОВА, БелТА.