Свята наваселля

- 10:12Сацыяльны ракурс, Соцыум

Калектыў ясляў-­сада № 1 Скідзеля ў новым навучальным годзе пераедзе ў сучасны будынак.

Прыгожы дзіцячы садок на 190 месцаў — мара, якая спраўдзілася для многіх маладых сем’яў мікрараёна Партызанскі.

— Будаўніцтва падыходзіць да завяршэння, на яго было выдаткавана з абласнога бюджэту і часткова з бюджэту Гродзенскага раёна больш за 7 млн рублёў, — гаворыць загадчыца ўстановы Людміла Іванаўна Чыжык. — Ранейшы сад, пабудаваны ў 1949 годзе, быў па-свойму ўнікальны, складаўся з будынкаў, якія стаялі асобна, — харчаблока, групавых памяшканняў, адміністрацыі і гаспадарчых пабудоў. Сад быў перапоўнены, бо ў ім магло размясціцца ўсяго 4 групы (100 выхаванцаў), а штат установы налічваў 30 чалавек. Зараз 190 дзяцей будуць займацца ў 10 групах, у тым ліку ў чатырох спецыяльных, а штат складзе 60 чалавек. Каля паловы малышоў — з мнагадзетных сем’яў. 

У новым яслях-садзе абсталяваны басейн, камп’ютарны кабінет для выхаванцаў, музычная і спартыўная залы. Закуп­лена па 90 пар ролікаў і лыж, трэнажоры. Прасторныя групавыя памяшканні дазволяць арганізаваць для хлопчыкаў і дзяўчынак гульнявыя зоны, якія будуць спрыяць іх гарманічнаму развіццю. Сучасныя кабінеты з’явяцца ў педагога-псіхолага і настаўнікаў-дэфектолагаў. Паўнацэнна будуць працаваць адаптацыйная група, мацярынская школа, будзе весціся падрыхтоўка да школы. Да таго ж у садку пачнуць аказваць дадатковую платную паслугу “Найпросты турызм”.

У новым яслях-садзе абсталяваны басейн, камп’ютарны кабінет для выхаванцаў, музычная і спартыўная залы. Закуплена па 90 пар ролікаў і лыж, трэнажоры.

Важны аспект — арганізацыя безбар’ернага асяроддзя для дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Звонку будынка ўсталяваны пад’ёмнік, ёсць ліфт. У дзіцячы сад закуплена сучаснае абсталяванне. На харчаблоку гэта дазволіць гатаваць смачную і карысную ежу, а ўсталяваныя відэакамеры гарантуюць бяс­пеку выхаванцаў. Тэрыторыя сада добраўпарадкавана. Разнастайнае гульнявое асяроддзе не ­дасць малым сумаваць. На вуліцы размешчана дзесяць гульнявых пляцовак з маляўнічым на­дворным абсталяваннем.

— Радуе, што да нас у калектыў прыхо­дзіць моладзь, — адзначае Людміла Іванаўна. — Сёлета ва ўстанове будуць працаваць 15 маладых педагогаў. Для іх арганізавана школа маладога педагога. Сучасны рытм жыцця патрабуе бесперапыннага прафесійнага росту, творчага стаўлення да работы, самааддачы, валодання інавацыйнымі тэхналогіямі. Усе нашы педагогі ўдасканальваюць сваё майстэрства, наведва­юць семінары, метадычныя аб’яднанні, павышаюць кваліфікацыю, удзельнічаюць у праектах. Так, выхавальніца Аксана Анатольеўна Гнідко (працуе ва ўстанове 35 гадоў, яе выпускнікі ўжо прыводзяць да яе сваіх дзяцей) удзельнічала ў адукацыйным праекце “Інфарматыка без разеткі” і атрымала пасведчанне цьютара. Вядома ж, гэта паўплывала на нашых маладых спецыялістаў, яны таксама сталі цьютарамі. Плануем павышаць прафесійную кампетэнтнасць моладзі ў пытаннях развіцця ў выхаванцаў звязнага маўлення і навыкаў здароўезберажэння праз прывіццё асноў бяспекі жыццядзейнасці.

Хочацца сказаць шчырыя словы падзякі кіраўніцтву вобласці і раёна за тое, што далі магчымасць у самым маладым мік­рараёне горада адкрыць новую ўстанову дашкольнай адукацыі. Мясцовыя прад­прыемствы таксама не засталіся ўбаку і гатовы аказаць нам матэрыяльна-тэхнічную дапамогу, папоўніць нашу базу новымі цацкамі. А мы, у сваю чаргу, пастараемся, каб кожную раніцу нашы выхаванцы з радасцю спяшаліся ў сад, дзе заўсёды будзе чутны дзіцячы смех, будуць панаваць дабро, творчасць і поспех.

 

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.