20 студзеня адзначаўся Дзень снегу. Для сучасных зім гэта сапраўды вялікае свята, асабліва для тых дзяцей і дарослых, якія любяць, калі гурбы снегу ўпрыгожваюць зямлю і можна пакатацца на каньках, лыжах, санках, пагуляць у снежкі і зляпіць снежную бабу. Гэты дзень у Мілявіцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Мастоўскага раёна было вырашана адзначыць вялікім агульнашкольным святам. Надвор’е ўнесла свае карэктывы: да суботы амаль увесь снег растаў, але нішто не магло сапсаваць нам святочны настрой і было прынята рашэнне: свята адбудзецца пры любым надвор’і!
І вось 19 студзеня ў Мілявіцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе адбылося свята “А ў нас Дзень снегу!”, у якім узялі ўдзел усе навучэнцы школы з 1 па 11 клас. Пад кіраўніцтвам Т.М.Галавач прайшлі гульні на свежым паветры “Вясёлыя санкі” для навучэнцаў 1—4 класаў. Для старэйшых вучняў С.М.Асцюкевіч арганізавала інтэрактыў “Зімовае сэлфі”, а Я.В.Яўсейчык наладзіў лядовае спаборніцтва “Ведай нашых!”, А.У.Майсюк і М.М.Тоўсцік усё ж змаглі знайсці снег і прапанавалі вучням 5—6 класаў зляпіць снежныя скульптуры.
Самым захапляльным момантам было катанне на каньках. Хтосьці першы раз спрабаваў свае сілы, а хтосьці віртуозна “наразаў” кругі на катку. Самымі спрытнымі аказаліся Уладзіслаў Галавач, Яўген Салейка, Анастасія Патаповіч, Дзмітрый Боцька, Анастасія Снітко. Скончылася свята добрым настроем са смачным чаем з лекавых раслін, які прыгатавалі А.І.Русак і І.У.Гардзейка. Будзем спадзявацца, што свежае паветра, добры пазітыўны настрой і кубачак гарачага чаю паспрыялі ўмацаванню як фізічнага, так і псіхалагічнага здароўя дзяцей і дарослых.
Людміла КІСЛАЯ,
дырэктар Мілявіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мастоўскага раёна.