Свята спорту, маладосці

- 9:58Актуально, Апошнія запісы

Учора на базе Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта прайшло ўрачыстае адкрыццё Рэспубліканскай універсіяды — 2017. На стадыёне адной з найстарэйшых УВА краіны сабралася самая спартыўная, самая актыўная частка беларускага студэнцтва, а таксама кіраўніцтва Міністэрства адукацыі, Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту, прадстаўнікі Нацыянальнага алімпійскага камітэта, рэктарата ўстаноў вышэйшай адукацыі краіны.

Дзясяткі сцягоў з эмблемамі ўніверсітэтаў, каля тысячы ўдзельнікаў парада каманд і тысячы ўсмешак — такім быў пачатак свята спорту і маладосці. Узначаліла парад каманда Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры — вядучай спартыўнай УВА краіны, неаднаразовага пераможцы Рэспубліканскай універсіяды. Сярод 51 каманды — удзельніцы шэсця былі і студэнты Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Нароўні са званнем вядучай педагагічнай альма-матар краіны БДПУ штогод уваходзіць у пяцёрку лепшых універсітэтаў па спартыўных выніках. І гэта нядзіўна, паколькі ў навучальнай установе вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю фізічнай культуры і спорту.

Рэспубліканская ўніверсіяда — гэта штогадовае масавае спартыўнае мерапрыемства для студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі, якое праводзіцца па ініцыятыве Міністэрства адукацыі, Міністэрства спорту і турызму і Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў. Спаборніцтвы адбываюцца па 31 відзе спорту, уключаючы 20 алімпійскіх і 11 неалімпійскіх, а таксама зімовае і летняе мнагаборства “Здароўе” Дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу Рэспублікі Беларусь.

Універсіяда з’яўляецца адной з яркіх спартыўных падзей краіны. Пастаянна расце спартыўнае майстэрства студэнтаў. Дзясяткі юнакоў і дзяўчат, паказаўшы на гэтых спаборніцтвах выдатныя вынікі, атрымліваюць пэўную спартыўную кваліфікацыю. Так, у мінулым годзе ў фінальных спаборніцтвах універсіяды прымалі ўдзел 3 заслужаныя майстры спорту, 68 майстроў спорту міжнароднага класа, 767 майстроў спорту, 2979 кандыдатаў у майстры спорту і больш за 5,5 тысячы спартсменаў масавых разрадаў.

— Рэспубліка Беларусь па праве лічыцца дзяржавай з вялікімі спартыўнымі традыцыямі. Галоўны прыярытэт палітыкі нашай краіны заключаецца не толькі ў стварэнні ўсіх неабходных умоў для развіцця спорту высокіх дасягненняў, але і для масавых заняткаў фізічнай культурай, папулярызацыі здаровага ладу жыцця. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь і прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, выступаючы нядаўна на Алімпійскім сходзе, паставіў задачу па актывізацыі студэнцкага спорту, які павінен стаць апорай для спорту прафесійнага. Міністэрствам адукацыі праводзіцца мэтанакіраваная праца ў гэтым кірунку. Важна разам з развіццём масавай фізічнай культуры сярод студэнтаў і навучэнцаў вылучыць і падтрымаць па-сапраўднаму таленавітых маладых людзей, якія могуць паказаць добрыя спартыўныя вынікі і ўнесці свой уклад у спорт высокіх дасягненняў, — адзначыў міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка.

Рэспубліканская ўніверсіяда — выдатны стымул для ўключэння моладзі ў актыўныя заняткі фізічнай культурай і спортам, цудоўная магчымасць для маладых людзей, матываваных на высокія спартыўныя дасягненні, заявіць пра сябе. Гэта важны этап для студэнтаў на шляху да алімпійскіх вяршынь.

Каманды ўніверсітэтаў, дзе навучаюцца будучыя алімпійскія чэмпіёны, прызёры і пераможцы ў чатырох групах Рэспубліканскай універсіяды — 2016 былі ўзнагароджаны дыпломамі і кубкамі.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.