Свята сталення

- 10:33Апошнія запісы, Рознае

Учора ва ўсіх навучальных установах рэспублікі празвінеў апошні званок для вучняў 11-х і 9-х класаў. На ўрачыстых лінейках гучалі словы падзякі настаўнікам, бацькам і вучням. А на самых пачэсных месцах стаялі галоўныя віноўнікі свята — адзінаццацікласнікі, якія апошні раз слухалі гучанне школьнага званка. Безумоўна, кожны з іх захавае ў памяці гэты святочны і ўрачысты момант, бо школьныя гады пакідаюць самыя светлыя і шчымлівыя ўспаміны ў кожнага з нас.

Менавіта пра гэта ў сваім прывітальным слове, адрасаваным выпускнікам, педагогам і бацькам гімназіі № 36 Мінска, гаварыла намеснік міністра адукацыі нашай краіны Раіса Станіславаўна Сідарэнка:

“Паважаныя бацькі, дарагія дзеці! Вось і наступіў той дзень, якога вы так доўга чакалі, і вас перапаўняюць эмоцыі. Першы іспыт у жыцці, першае расчараванне, першая памылка, першая перамога — усё гэта было ў сценах любімай гімназіі.

Заканчваецца этап школьнага жыцця. Упэўнена, што ўсе выпрабаванні і экзамены, якія для вас рыхтуе жыццё, вы пройдзеце дастойна і выйдзеце пераможцамі. Калі глядзіш на нашу моладзь, узнікае думка, што будучыня наша ў надзейных руках, у руках выхаваных намі дзяцей. Паважаныя калегі, дзякуй вам за тыя гадзіны, дні і гады, якія вы пражылі разам са сваімі выпускнікамі. Са святам вас, паважаныя сябры!”

4Сапраўды, няма ў жыцці больш важнага часу, чым пара вучнёўства. Менавіта за школьнай партай чалавек набывае патрэбу і ўменне мысліць, радасць пазнання і творчасці. Дырэктар гімназіі Андрэй Валер’евіч Стрыгельскі з гордасцю адзначыў, што выпускнікі іх гімназіі падрыхтаваны да жыцця. Са сцен гімназіі № 36 Мінска ў дарослае жыццё выходзяць два адзінаццатыя класы.

Адзінаццаць гадоў іх песцілі, вучылі, выхоўвалі настаўнікі школы і рабілі гэта прафесійна і ад душы. За вернасць педагагічным ідэям і высокі прафесіяналізм ім дзякавалі ўсе: і выпускнікі, і бацькі, і адміністрацыя гімназіі. Сёння ж іх перапаўняе радаснае шкадаванне: са сцен школы сыходзяць іх дзеці, якія за 11 гадоў сталі дарослымі і разумнымі.

Вось яны стаяць у рад, такія прыгожыя і ўрачыстыя. Вось яны чытаюць вершы на развітанне, а вось кружацца ў школьным вальсе і пускаюць рознакаляровыя шарыкі ў неба. А вось у гонар выпускнікоў выступае народная артыстка Беларусі Ірына Дарафеева! А вось з іншага кутка гімназічнага двара на адзінаццацікласнікаў захоплена паглядаюць першакласнікі. Значыць, радасны сум педагогаў хутка зменіцца захапленнем і новымі вучнёўскімі адкрыццямі. І гімназія зноў ажыве.

Такую ж урачыстасць і лёгкі сум учора адчувалі ў школах па ўсёй краіне. Сёлета ў рэспубліцы працавалі больш за 3000 агульнаадукацыйных навучальных устаноў. Гэты навучальны год заканчвае больш за 950 тысяч вучняў, з іх 90,7 тысячы дзевяцікласнікаў і 57,4 тысячы навучэнцаў 11-х класаў, для якіх учора завяршылася школьнае жыццё. Наперадзе выпускныя экзамены і ўступная кампанія. Са святам сталення вас! І ні пуху ні пер’я!

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.