У панядзелак на пляцоўцы каля шматпрофільнага культурна-спартыўнага комплексу “Мінск-Арэна” быў урачыста дадзены старт Рэспубліканскаму фестывалю “Тыдзень спорту і здароўя”, які традыцыйна праводзіцца пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, Міністэрства спорту і турызму, спартыўных федэрацый. Каардынатарам фестывалю выступае Рэспубліканскі цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў.
Вы захапляецеся валейболам? Калі ласка, у гонар 50-годдзя спецыялізаванай ДЮСШАР валейбольнага клуба “Мінск” 11 верасня праводзіўся адпаведны майстар-клас. Вас прыцягвае гандбол, футбол або акрабатыка? У гэты дзень у вас была цудоўная магчымасць праверыць сваё майстэрства. Можа вам даспадобы тэхнічныя віды, спартыўны турызм? У панядзелак вам таксама было, як кажуць, дзе разгарнуцца. Хаця чаму было? На працягу ўсяго тыдня кожны навучэнец і студэнт можа далучыцца да спорту. Хаця чаму толькі на працягу тыдня? Беларусь, як вядома, спартыўная краіна. Штогод у нас праводзіцца больш за 22 тысячы спартыўных мерапрыемстваў, функцыянуе больш за 23 тысячы фізкультурна-спартыўных аб’ектаў, дзейнічаюць вучэбныя цэнтры па падрыхтоўцы прафесійных спартсменаў. Асаблівая ўвага ўдзяляецца ўдасканальванню фізічнага выхавання дзяцей і моладзі. Спорт у нашай краіне з’яўляецца аб’яднальнай сілай, спорт — гэта свята, якое заўсёды з намі.
— Рэспубліканскі фестываль “Тыдзень спорту і здароўя” стаў традыцыйным мерапрыемствам, якое мы ўжо сёмы раз праводзім у верасні. Для ўсіх нас верасень — асаблівы месяц, бо гэта пачатак навучальнага года. Аднак вучоба — гэта не толькі атрыманне прафесійных ведаў і навыкаў, гэта яшчэ і магчымасць творчага развіцця, магчымасць займацца спортам. Для гэтага ў краіне створаны ўсе ўмовы, ёсць цудоўная база. У кожнай установе адукацыі ёсць спартыўныя пляцоўкі, працуюць кваліфікаваныя спецыялісты, якія дапамогуць зрабіць камусьці першыя, аматарскія, а камусьці і прафесійныя крокі ў спорце. Спорт робіць наша жыццё поўным, насычаным, дапамагае дабівацца поспехаў. Нездарма гавораць, што спартыўны характар дапамагае выгадаваць не толькі спартсмена-аматара, але і прафесіянала. Спорту ўсе ўзросты падуладны, — падкрэсліў першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Анатольевіч Богуш.
І ўсё ж у першую чаргу спорту падуладна моладзь. Па словах рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры віцэ-прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Сяргея Барысавіча Рэпкіна, маштабнае мерапрыемства нездарма праводзіцца кожны год, таму што атрымала пазітыўныя водзывы менавіта ад маладога пакалення. Для юнакоў і дзяўчат ва ўніверсітэтах створаны ўсе ўмовы, ёсць магчымасць займацца спортам на сур’ёзным узроўні. “Спорт яшчэ можа быць прафесіяй. Вы можаце стаць прафесіяналамі, спецыялістамі, якія будуць прадстаўляць нашу краіну на міжнароднай спартыўнай арэне. Мы і надалей будзем падтрымліваць спартсменаў, у якіх ёсць жаданне дабівацца высокіх мэт”, — адзначыў старшыня Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту Аляксандр Віктаравіч Багдановіч.
Тыдзень спорту і здароўя традыцыйна насычаны. Акрамя майстар-класаў па розных відах спорту, якія праходзяць ва ўстановах адукацыі, 12 верасня адбылася канферэнцыя, на якой абмяркоўваліся сучасны стан і тэндэнцыі развіцця фізічнага выхавання і спорту ва ўстановах вышэйшай адукацыі. Учора Беларуская асацыяцыя студэнцкага спорту правяла фінальны этап рэспубліканскага фестывалю “Старт пакаленняў”. Падчас урачыстага адкрыцця тыдня Міністэрства адукацыі ўручыла сертыфікаты ўніверсітэтам за актыўны ўдзел у Мінскім паўмарафоне. Былі ўручаны сертыфікаты і каштоўныя падарункі таксама пераможцам і прызёрам рэспубліканскага конкурсу на лепшую эмблему і сімвал (талісман) чэмпіянату свету сярод студэнтаў па канькабежным спорце ў 2018 годзе. Памятнай падзеяй урачыстага адкрыцця тыдня стала віншаванне з юбілеем чэмпіёна Алімпійскіх гульняў у Рыме 1960 года на каноэ-двойцы Сяргея Лаўрэнцьевіча Макаранкі. Заўтра будзе дадзены старт лёгкаатлетычнаму кросу сярод студэнтаў, прысвечанаму 950-годдзю Мінска. Ва ўсіх рэгіёнах праводзяцца спартыўныя святы для дзяцей і бацькоў “Здаровы я — здаровая сям’я”.
Спорту сапраўды усе ўзросты падуладны. Спорт — гэта свята, якое заўсёды з намі.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.