Святлана БАРОЎСКАЯ: “Я люблю ўсіх, але многія ў гэта не вераць”

- 15:01Моя школа

“Глупствам будзе какетнічаць і казаць, што жыццё не ўдалося, — з такіх слоў пачала гаворку Святлана. — Нават калі зараз больш нічога не адбудзецца ўвогуле, мне ўжо будзе досыць. Маці, бацька, бабуля, дзеці, сям’я, работа… Я з раніцы “машу крыламі” ў тэлеэфіры, днём перастройваюся на дзелавы лад і станаўлюся строгім кіраўніком (Святлана ўжо два гады ўзначальвае ўпраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязей Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь — рэд.), а ўвечары яшчэ буду і “свецкай ільвіцай” (хаця я лічу гэты выраз не зусім карэктным, і калі б мяне так назвалі, я б таго чалавека парвала на ласкуты) — для мяне мець такі кантраст у рабоце — шчасце”.

— Святлана, ці няцяжка ўсё жыццё жыць у такім шалёным рытме?
— Пры той колькасці падзей, якія адбываюцца з маім удзелам, іх, думаю, з лёгкасцю можна было б раздзяліць на тры жыцці — і кожнае з іх было б поўным і насычаным.
Я заўсёды так баялася застацца ў баку ад жыцця і настолькі “набіралася” рознай работы, што часам паўставала пытанне, як “запіхнуць” усё гэта ў 24 гадзіны. І так здараецца, відаць, таму, што на мяне чамусьці ўвесь час забываліся. Напрыклад, усе кудысьці едуць ці запрошаны, а мяне ў спісе няма… Так было і ў інстытуце. Я заўсёды кудысьці хацела трапіць, але мяне вельмі рэдка туды бралі — і гэта паўтаралася раз за разам.

— Многія публічныя людзі шмат увагі ўдзяляюць рэйтынгам і знешнім ацэнкам. А як на гэта рэагуеце вы?
— Як добры артыст, я, як кажуць, добра “прадаюся”, у мяне ёсць сябры і мне заўсёды ёсць куды пайсці. У мяне зараз мільён запрашэнняў, але я магу застацца дома. Я сябрую толькі з добрымі людзьмі, дазваляю сабе не бачыць падонкаў і ахоўваць ад іх сябе і сваю сям’ю.
Аднак мяне ніколі не турбуе, на якім месцы я, напрыклад, сярод вядучых маёй улюбёнай праграмы “Добрай раніцы, Беларусь!”. Я заўсёды імкнуся найлепш правесці кожны эфір. У мяне ўласная шкала ацэнкі, я ні з кім не імкнуся спаборнічаць. Канечне, вельмі прыемна, калі меркаванне маіх калег супадае з маім самарэйтынгам.

— Што ў вас засталося ад Святланы Бароўскай — вучаніцы школы № 6 Маладзечна?
— Мы не мяняемся, мы проста вырастаем. Зараз я вельмі шмат пытаюся ў бацькоў пра маё дзяцінства і многае аддала б за тое, каб убачыць сябе ў той час. На жаль, тады не было відэа, і аднавіць карцінку можна толькі па ўспамінах блізкіх людзей.
Для навакольных я ствараю ўражанне несумненнага лідара (ва ўсялякім выпадку пра мяне так гавораць), але я сябе лідарам не адчуваю. Я была моцнай чацвёрачніцай, членам савета дружыны, але ніколі не была сярод першых па паспяховасці ці старшынёй дзіцячых і юнацкіх арганізацый. І вось гэты люфт для мяне быў заўсёды вялікай загадкай. У інстытуце былі дзяўчаты, якіх лічылі таленавітымі актрысамі, якія зараз нават не працуюць у прафесіі. Мяне не называлі “подающей надежды”. Я нічога не “падавала”, аднак мая сённяшняя прафесійная кар’ера шмат у чым лепшая, чым у іншых.
А са школьных гадоў засталася ўпартасць. Жыццё да мяне ўвесь час ставілася , як у тым анекдоце: “ці акула глухая, ці свістка не хапіла”. Яно ўвесь час трымала і трымае мяне ў тонусе.
На выпускным курсе ў якасці дыпломнага спектакля мы ігралі чэхаўскі “Вішнёвы сад”. І кіраўнік нашага курса, Валерый Васільевіч Маслюк, вельмі ўдала зрабіў размеркаванне роляў. Я іграла Дуняшу — каваля свайго шчасця. І зараз я вельмі добра разумею, што іграла менавіта сябе.
Каб чагосьці дасягнуць, мне ў жыцці трэба было прыкласці 105 намаганняў. Напрыклад, пасля доўгіх пошукаў я ўсё ж знаходзіла магазін, дзе быў свежы хлеб, але гэта быў апошні магазін у гэтым раёне. Бо заўсёды ці перада мной забіралі апошнюю буханку, ці магазін быў закрыты на абед…

— Ці часта наведваеце школу, дзе вучыліся?
— Я стараюся прыходзіць на кожны вечар сустрэчы з выпускнікамі. Увогуле, мяне часам здзіўляе пазіцыя многіх людзей, якія кажуць: “Не хачу ісці ў школу, мяне яшчэ тады замучылі…” Мне важна хоць раз на год пабачыць гэтую пафарбаваную падлогу, гэту маленькую сцэну, якая па тым часе мне здавалася велізарнай, я прыходжу “нанюхацца” сценамі і класамі, атрымаць зарад энергіі да наступнага года… І не разумею, чаму ў іншых не так.

— Ці можаце пахваліцца вучэбнымі дасягненнямі?
— Я была не выдатніцай, аднак, праўда, і двоечніцай не была. Я заўсёды была ў ліку першых “харашыстак”, а выглядала, як выдатніца. Шмат у чым гэта заслуга маёй маці: яна заўсёды вельмі пільна сачыла за маёй формай, прывозіла з Вільнюса карункавыя каўнерыкі, газавыя чорныя фартухі. Я заўсёды павінна была быць “мамінай дочкай” — яе тварам — і выглядаць лепш за ўсіх. І вось яна намывала-нашывала ўсё да такой прыгажосці, што я аж свяцілася. І я з гонарам “іграла” яе дачку (сёння да знешняга выгляду сваіх сыноў (а іх у Святланы двое — рэд.) я адношуся не так пільна). Я заўсёды хадзіла ў кароткай спаднічцы (у разумных межах, бо ў некаторых былі яшчэ карацейшыя) — школьная форма мне падабалася. Па маім тагачасным адчуванні, я не ведала адзення, прыгажэйшага за школьную форму: чаго толькі плісіраваная спадніца была вартая!
Але найбольш мне падабаўся піянерскі гальштук, але, хутчэй, інтуітыўна, бо чырвоны колер пасуе любой жанчыне. Вось я і разумела, што з піянерскім гальштукам і вока гарыць, і шчочкі ружавейшыя. Але пры гэтым менш за ўсё я думала пра прынцып дэмакратычнага цэнтралізму. Ну падабалася мне гэта.
Я была ў першых радах і ў акцябратах, і ў піянерах. Аднойчы, вывучыўшы гэты самы дэмакратычны цэнтралізм, настолькі натхнёна пра яго расказвала камісіі (відаць, пагэтаму я і стала артысткай), што дарослыя дзядзькі і цёткі былі шчыра ўражаны і сказалі: “Вось гэта камсамолка…” Я была такой прыкладнай і правільнай, што хоць да помніка Леніну стаў.

— А на самай справе?
— Я проста была вельмі актыўнай. Займалася ў школьным англійскім драматычным тэатры — іграла цётку Полі ў “Прыгодах Тома Соера”, і ў гусарскім танцы я была салісткай, і ў вакальным гуртку спявала, акрамя гэтага, я вяла вечарыны ў школе і канцэрты ў мамы на заводзе. Дасюль памятаю, як неяк з адным хлопчыкам (а мне тады было гадоў пяць) вялі канцэрт. Мікрафон у нас быў адзін. Сказаўшы свае словы, я проста не аддала мікрафон таму хлопчыку, і мы сталі тузаць яго на сцэне — ну, канечне, зала захо-дзілася ад смеху.
Вельмі добра памятаю, як маёй маці на нейкім мерапрыемстве пры ўсім калектыве завода (а гэта тысячы людзей) далі грамату за добрае выхаванне дачкі (гэта значыць, мяне). Гэта было так “крута”, маці была такая шчаслівая (а асабліва шчаслівая была я), гэта накшталт сённяшніх “заслужаных” і “народных”.

— Якія прадметы ў школе даваліся лягчэй і з чым былі асаблівыя праблемы?
— У мяне са школай не звязана ніякіх непрыемных успамінаў. Гуманітарная скіраванасць выявілася ў мяне вельмі яскрава яшчэ ў школе. Не, канечне, ёсць і жудасныя ўспаміны, звязаныя з алгебрай, геаметрыяй, хіміяй і фізікай, таму што ў маім мазгу адсутнічае тая частка, якая адказвае за гэтыя чатыры навукі. Я не была двоечніцай па гэтых прадметах — я была нулявой. Мяне нельга было ацаніць, таму што ў маёй свядомасці поўнасцю асутнічала паняцце пра гэтыя навукі.

— І як вы з гэтым спраўляліся?
— Толькі зараз я магу вызначыць тыпы людзей, якія мяне вучылі ў школе, бо ў дзіцячыя гады ацэначныя характарыстыкі былі надзвычай нескладаныя: гэтая настаўніца добрая, гэтая строгая, гэтая мяккая, гэтая злая… Усё было вельмі проста.
Дык вось, настаўніца фізікі Галіна Іванаўна — на жаль, яе ўжо няма сярод жывых — была геніяльная ў тым, што мела ў лексічным запасе шыкоўную фразу: “Энштэйнам можаш ты не быць, а чалавекам — абавязаны”. Ад мяне патрабавалася вывучыць выдзеленыя ў падручніку тлустым шрыфтам правілы: закон Ньютана і нешта там яшчэ, бо больш карысці ад мяне не было ніякай. У мяне да гэтага часу выклікаюць усмешку ўспаміны пра тое, як мяне выклікалі да дошкі, а я стаяла і маўчала. Гэта было шоу з серыі “Пакажы лямпачку”. — “Вось яна”. Але што такое электрычнасць, як там па правадах “бяжыць керасінчык”, я дасюль вам не растлумачу.
Цікавыя ўспаміны звязаны з хіміяй. У кабінеце хіміі на сталах стаялі скрынкі з разнастайнымі колбамі і рэактывамі. І вось калі настаўніца хіміі, Галіна Сямёнаўна, расцягваючы словы і наганяючы на нас страх, у чарговы раз гаварыла: “Пой-дзе ад-каз-ваць…”, я прыгіналася да парты і хавалася за гэтай скрынкай (тут Святлана спрабуе схавацца за стос кніг, што ляжыць на яе рабочым стале), бо я лічыла, што калі мяне не будуць бачыць, то і не выклікаюць…
Гэта была добрая жанчына. Яна класна рабіла сваю работу, але добра разумела, што жыццё — гэта не толькі хімія. У яе былі дзеці, якіх я ведала, муж і, хутчэй за ўсё, у яе, як у кожнай жанчыны, мільён клопатаў. Яна разумела, што Ламаносавым я не стану, нават калі яна пакладзе на гэта жыццё (дзякуй богу, у нашым класе былі хлопцы і дзяўчаты, якія добра ведалі хімію). Яна не псавала мне нервы, я — ёй, і гэта было геніяльна.
Затое настаўніца матэматыкі — Валянціна Рыгораўна Бераснёва — добра пакаштавала маёй крыві. Але я, мабыць, выпіла ў яе крыві яшчэ больш. Яна хацела, каб я вывучыла (жах які!) яе прадмет. Таму яе ўпартасць (і мы пяём славу гэтай упартасці!) — гэта асобная гаворка. Калі мяне выклікалі, я нават “паказаць на лямпачку” не магла. Я моўчкі стаяла, успамінаючы на матэматыцы ліст Таццяны да Анегіна. Ну адсутнічаюць у мяне тыя кропкі, что адказваюць за матэматыку. Сёння зарплату палічыць я, канечне, змагу, — смяецца Святлана, — але болей — ні-ні.
Кожная кантрольная (а я была вялікая спісвальшчыца) была чарговым жахам: трэба было нешта зноў выдумляць, бо я не магла рашыць ні адной задачы (ну двойчы два я памятала, але крок управа ці ўлева быў катастрофай) — мая матэматычная адукацыя скончылася на элементарных матэматычных дзеяннях. Квадраты, лагарыфмы і інш. — гэта быў для мяне цёмны лес.
Я прыходзіла на кантрольную, ўжо маючы план: дамаўлялася з Андрэем Грынцэвічам, што ён мне напіша трэцяе заданне, Леначцы Сопат даручалася першае заданне, а Жаначцы Хрусталёвай — другое (дарэчы, з Ленай і Жанай мы сябруем з шасці год і да гэтага часу).
Ну і, безумоўна, на кантрольнай разварочвалася шоу-праграма. Спачатку, як пазыўныя “SOS” я шэптам крычала: “Жанна, Жанна, Жанна, Жанна…” А Жанначка паварочвалася (яна сядзела якраз перада мной) і таксама шэптам адказвала: “Я яш-чэ не ра-шы-ла”. Бывала, я магла і не дачакацца рэшанага задання, а яна здавала кантрольную і атрымлівала “выдатна”. Тады, канечне, узнікалі супярэчнасці (ды што казаць, і сёння ў нас яны ёсць, нягледзячы на тое, што мы сябруем ужо больш як трыццаць год). А Лена Сопат паспявала пісаць кантрольныя ўсім (такі душа-чалавек).
Калі настаўніца вяртала правераную кантрольную работу, у ёй не было ні аднаго выпраўлення (усё было правільна і акуратна спісана з розных крыніц), але стаяла “два”. А мне яшчэ хапала нахабства падысці да яе і запытаць: “Валянціна Рыгораўна, а чаму “два”?” На яе пытанне, колькі б я хацела, не міргнуўшы вокам, я адказвала: “Ну ча-ты-ры…”. І тады настаўніца прапаноўвала мне самастойна напісаць кантрольную — адной у класе, і гэта быў самы важкі аргумент у нашай размове. Некалькі разоў было нават такое, калі клас рашаў чатыры варыянты кантрольнай, а я рашала персанальны — пяты — за першай партай перад Валянцінай Рыгораўнай.

— Відаць, і хатнія заданні не вельмі любілі выконваць?
— Я памятаю, што цудоўна лавіла падказкі. Увогуле я жудасная гультайка (чаго не скажаш пра тую колькасць работы, якую я зараз выконваю). Я вучыла ўрокі павярхоўна. Рабіла ўрокі за некалькі хвілін: “Ага, гісторыя. Вялікая Айчынная вайна, партызаны, нейкія даты…” — пяць хвілін, і падручнік адкладзены. Па-першае, у мяне была выключная зрокавая памяць (нават зараз, прагледзеўшы старонку, я шмат што змагу па памяці ўзнавіць), таму я магла пры адказе нешта ўспомніць, нешта дадумаць (фантазіі, дзякуй богу, хапала) — і чацвёрка з плюсам забяспечана. На пяцёрку трэба было больш пасядзець над урокамі. Сшытак па матэматыцы я адразу адкладвала, бо ведала, што раніцай спішу хатняе заданне ў каго-небудзь з выдатнікаў.

— Ну былі ж, вядома, і ўлюбёныя прадметы?
— Рускую мову і літаратуру вёў Станіслаў Іванавіч Бурак. Строгі быў неймаверна — пра яго па школе легенды хадзілі. Ён быў геніяльным настаўнікам. Тыя веды, якія ён даў, я ацаніла пазней: калі мы ў тэатральным інстытуце пачалі вывучаць ямб і харэй, я, у адрозненне ад сваіх аднакурснікаў, усё гэта ведала — і тады я “блистала”. Станіслаў Іванавіч вельмі любіў даваць мне чытаць класу ўголас класічныя творы.
А вось калі задавалі вывучыць верш на памяць, наставаў мой зорны час. Калі, напрыклад, я з чацвёртай парты, гледзячы ў акно, чытала ліст Таццяны да Анегіна, у мяне ў дзённіку стаяла “пяць” з трыма плюсамі. І ўсе маліліся, каб іх не выклікалі адказваць на памяць пасля мяне, бо пасля майго чытання гэта быў “кол” без варыянтаў.
У музычнай школе, якую я таксама скончыла, вельмі падабалася музычная літаратура, якую выкладала Алена Анатольеўна Каралёва. А вось сальфеджыа для мяне было амаль катаргай. Вялікую ролю ў маім станаўленні адыграла педагог па музыцы, Святлана Міхайлаўна Антонава. Калі я была апошні раз на юбілеі музычнай школы, як магла, хацела паказаць усім, як я ганаруся імі: “Яны выдатныя, любіце іх!” Таму што менавіта радавыя настаўнікі робяць нас лепшымі. Яны сфарміравалі мяне як правільную асобу.

— А як складваліся адносіны з аднакласнікамі?
— Клас у нас быў вельмі дружны. Звычайна ў школе лічылі, што мы, “А” клас, лепшы, чым “Б” (праўда, “Б”, думаю, так не лічыў), лічылася, што ў “А” нібы набіралі разумнейшых дзяцей. І мы пацвярджалі гэты стэрэатып — амаль усюды былі першымі. А наш класны кіраўнік, Тяццяна Міхайлаўна Даніленка, заўсёды так вельмі смешна складвала ручкі (тут Святлана складвае рукі і ўвасабляецца ў вобраз настаўніцы) і гаварыла: “Дрэнна, вельмі дрэнна, маглі б лепш…” І нават калі мы займалі першае месца, фраза была такая ж: “Дэнна, вельмі дрэнна… Вось пастараліся б — было б зусім цудоўна…”
Я заўсёды была мозгам нашай кампаніі. Калі трэба было дапамагчы “разруліць” сітуацыю, я была тут як тут. Калі трэба было неяк адарвацца ад назойлівых кавалераў, план прыдумвала таксама я. У мяне быў нюх на небяспеку (можа, таму я зараз працую ў МУС?). Памятаю, як аднойчы, калі мы вучыліся ў класе 9-10, Жанна трапіла ў кіпцюры цыганак. Не паспела я адвярнуцца, як яна ўжо здымала залатыя завушніцы, а цыганкі ўжо ёй нешта гаварылі. Канечне, я кінулася на дапамогу з такімі словамі, што, мабыць, яны такіх не ведалі. Але я была ўпэўнена, што так трэба зрабіць, і ў мяне гэта атрымалася.
Бывалі і канфлікты — дзяўчаты не сябравалі са мной. Згаворваліся 5-6 чалавек і проста ігнаравалі мяне. Можа з-за таго, што я была незалежная і аўтаномная. Адным словам, я таксама не падарунак.

— А ўрокі прагульвалі?
— А як вы думаеце? У маёй сяброўкі Лены Сопат маці працавала на нейкай базе, і замест урокаў фізкультуры мы часам бегалі да яе дадому і ладзілі балі: у яе была смачненькая вараная каўбаска, які-небудзь сервелацік — тое, чаго ў той час днём з агнём было не адшукаць. І тое, што мы паспявалі на фізкультуры і здаць нарматывы, і збегаць укусіць каўбаскі, не азначала, што школа дрэнна працавала. Школа была лепшай у горадзе (спецшкола з “англійскім” ухілам).

— Наколькі моцна аўтарытэт маці паўплываў на ваш далейшы лёс?
— Тыя маці і дзяўчаты, якія прачытаюць гэтае інтэрв’ю, павінны зразумець, што паспяховыя людзі ў дзяцінстве часам могуць сябе не праяўляць, і да пэўнага часу талент і патэнцыял вызначыць у дзіцяці немагчыма — нішто ў ім гэтага не выдае.
Усе вашы дочкі, на першы погляд, самыя звычайныя, дасягнуць поспеху, калі, па-першае, яны вас любяць, па-другое, баяцца і слухаюць (напрыклад, у мяне ніколі нават у думках не было не паслухацца маці — пачуццё чакання пакарання не пакідае мяне і зараз). І каб я хоць раз пазней прызначанага часу прыйшла з вечарыны ці дыскатэкі… Нават, каб зайсці за дом пагуляць, я пыталася ў маці дазволу (са сваімі дзецьмі я так не раблю).
Не ведаю, ці мела рацыю мама, але мне было вельмі цяжка з ёй. І зараз цяжка, хаця мы вельмі любім адна адну (ды і як можна не любіць сваю маці!). Напрыклад, калі мы з маці не сыходзімся ў нейкіх меркаваннях і ў нас разгараюцца спрэчкі, я звычайна кажу: “Мама, я не буду на цябе крыўдзіцца, таму што гэта глупства. Ну давай разыдземся назаўсёды, не будзем размаўляць — і што гэта дасць?” Яна іншая, у нас розныя характары, і пытанне не ва ўзросце. Праз некаторы час я ёй званю (я звычайна першая іду на “прымірэнне”, бо не магу доўга маўчаць), і як нічога і не было, пачынаю звычайную размову з нуля. Ды і з сяброўкамі таксама.
Нягледзячы на тое, што школа была абсалютна шчаслівым часам, маці мяне нікуды не пускала (а можа, публічныя мерапрыемствы мне так і падабаюцца, што мне ўвесь час гэта забаранялі?). Усе сталі хадзіць у паходы, а мне нельга, бо там, на думку маці, нешта магло адбыцца. Сёння я стараюся ёй растлумачыць, што тады я цудоўна ведала, што можна, а чаго нельга, але яна з упэўненасцю дасюль сцвярджае: “Ты магла гэтага не ведаць”. З таго часу ў мяне засталася крыўдная незадаволенасць недаверам. А яна лічыць, што калі б яна так не рабіла, з мяне нічога талковага не выйшла б.
Шмат у чым мяне сфарміравала мая бабуля Надзея Максімаўна Бароўская, што жыла ў вёсцы Рабінавая. Яе паважала і баялася ўся вёска (смяецца). З ёй было цікава. Яна магла здорава “наехаць” на суседа, карова якога спынілася каля яе двара, каб справіць пэўныя патрэбы. Але як толькі мы ад’язджалі ад яе і нашы жоўценькія “Жыгулі” хаваліся за паваротам, яна ўжо бегла па ўсёй вёсцы і раздавала тое, што мы ёй прывозілі, па ўсёй вёсцы, нічога сабе не пакідаючы.

— У школьныя гады не абыходзіцца без першага кахання ці хаця б сімпатый…
— Першая сур’ёзная сімпатыя нарадзілася ў пятым класе. У той час у нашай школе вучыліся некалькі прыгажуноў-сямікласнікаў… Мне заўсёды падабаліся разумныя хлопцы, і ўсе мае кавалеры былі разумныя і даволі складаныя… Мне прыходзілася дабівацца іх увагі: я пісала ім запіскі ці мэтанакіравана “выпадкова” магла апынуцца побач. Калі я пачынала сустракацца з хлопцамі, я заўсёды пытала, якое ў яго прозвішча (смешна, але ўжо тады я думала, што я выйду замуж і мне трэба будзе ўзяць мужава прозвішча). І калі ў яго было прозвішча “Балванчыкаў”, пра каханне не магло ісці ніякай гаворкі, — смяецца Святлана. — Кім-кім, а Балванчыкавай я сябе не бачыла.
Памятаю, як мы ў школе пісалі сачыненне “Я ў 2000 годзе”. Я напісала, што выйшла замуж за ваеннага (тады гэта было надзвычай актуальна), у мяне двое дзяцей, я стала вялікай піяністкай (і ключавое слова было якраз “вялікай”!).
Я ніколі не была хударлявай, але па той увазе, якую ўдзялялі мне прадстаўнікі супрацьлеглага полу, пачынаючы з 6-7 класа, я разумела, што не ўсё так дрэнна, нягледзячы на тое, што мне самой у маім выглядзе не ўсё падабалася.

— У якой прафесіі сябе бачылі ў дзяцінстве?
— У пачатковых класах я марыла стаць хірургам, але потым, у класе пятым-шостым, калі зразумела, што хімія і матэматыка — гэта не маё, я на гэта забылася. Я была рэалісткай. Я ніколі не разумела дзяўчат, што былі закаханы, напрыклад, у Бруса Уіліса — бо сядзець і чакаць, што калісьці ён прыедзе да цябе ў Вілейку — абсалютна бессэнсоўна. Сёння я патэнцыяльна магу пазнаёміцца з тым жа Брусам Уілісам, але мне гэта непатрэбна.
У школьныя гады, калі ў горад прыязджалі нейкія вядомыя людзі, мне было вельмі цікава, я іх з задавальненнем слухала, але я ніколі не рвалася за аўтографам — я не разумею сэнсу гэтага рытуала. Сёння, калі аўтограф просяць у мяне, я сапраўды адчуваю сябе некамфортна. З цягам часу я стала разумець, што калі чалавеку гэта важна, хай так і будзе. Я не дала ні аднаго аўтографа проста так. Я аддаю кожнаму чалавеку (хай гэта будзе секунда) часцінку сябе — я даю дозу сваёй энергіі гэтаму чалавеку, бо самы галоўны субяседнік — гэта той, з якім ты зараз размаўляеш. Я засталася той, як і раней.

— Якія пачуцці вамі валодаюць падчас работы ў эфіры ці на канцэрце?
— Я адчуваю кайф ад “узыходжання на п’едэстал”. Працуючы на тэлебачанні з 1991 года, я ніколі не была сярод паспяховых, як мне гавораць пра гэта зараз. І я гэта ведала ад канкрэтных людзей.
У эфіры, на сцэне я аддаюся гледачам, ператвараючы сваю стомленасць у станоўчую энергію. І атрымліваю зарад энергіі ад гледачоў. Вось, напрыклад, я не паехала ў гэтым годзе на “Славянскі базар у Віцебску” і бядую, бо гэта як адпрацаваць год без водпуску — я не “хапанула” дозы любові, мяне не зарадзілі.
Аднойчы ў Лідзе пасля канцэрта я адчула шчасце Алы Пугачовай: калі я села ў машыну і паехала, людзі не пускалі машыну і хапалі яе рукамі, і я не магла паверыць у гэта. Шчасце гэтай прафесіі аднолькавае — ці то ў Маскве, ці то ў Галівудзе, ці то ў Мінску ці Лідзе.

— Відаць, трапляюцца і зайздроснікі?
— Аб’явіўшы нумар, я часта выходжу за кулісы і прашу мяне не чапаць. І не таму, што я “ах, якая зорка” — я берагу сілы. А тым, хто побач і мяне блізка не ведае, здаецца, што я непрыступная і самазадаволеная. Але мне зараз няма ніякай справы да таго, што пра мяне падумаюць… Атрымаўшы папулярнасць, я не стала чэрствай і жорсткай, як кажуць многія — я проста навучылася берагчы сілы і не растрачваць іх упустую.

— Ну і, відаць, паклоннікі ёсць?
— Ну а як жа ж! Неяк у газету “Советская Белоруссия” для мяне напісаў адзін мой паклоннік, ветэран вайны. У яго выраслі дзеці, унукі, ён шчасліва жыве з жонкай ужо многа год. Дык вось ён даслаў мне свой фотаздымак, дзе ён увесь у медалях і ўзнагародах, на адвароце якога было напісана “Свеце ад Жэні”.

— Хто вас заве па імені?
— Амаль усе. Толькі тут, ва ўпраўленні, мяне завуць Святлана Аляксееўна — такі закон. Ні адзін чалавек, акрамя супрацоўнікаў МУС, не называе мяне Святланай Аляксееўнай. Ёсць людзі, з якімі мы адно аднаго ведаем ледзь не мільён год і якія завуць мяне па імені, але на “вы”.

— І нарэшце, калі Святлана Бароўская сапраўдная?
— Я самая сапраўдная, толькі калі выходжу ў эфір праграмы “Добрай раніцы, Беларусь!”. Як любы чалавек, я хачу для дзяцей быць добрай маці, для мужа — добрай жонкай, хачу, каб мяне любілі мае калегі і супрацоўнікі, каб баяліся мае ворагі, каб я падабалася мужчынам, каб мне ніхно не зайздросціў… І я разумею, што, напрыклад, Ала Пугачова сапраўдная, толькі калі спявае на сцэне (прыводжу гэты прыклад, як надзвычай яскравы). А я сапраўдная, можа нават у нечым ідэальная, калі я вяду ранішнюю праграму. Публічныя людзі вымушаны закрывацца, і кожны выконвае нейкую ролю… І яна не заўсёды адпавядае сапраўднаму ўнутранаму стану чалавека.
Ёсць Светачка, а ёсць Бароўская. І гэтыя дзве жанчыны між сабою незнаёмыя. І для вас будзе лепш сябраваць са Светачкай.

— Што можа вас заставіць пакінуць тэлекар’еру?
— Нават калі б мне сказалі, што я буду працаваць на тэлебачанні без зарплаты, я ўсё роўна пагадзілася б. Я б што-небудзь прыдумала, таму што гэта не работа, а місіянерская дзейнасць. Будзіць краіну, дарыць ёй сонца — гэта цудоўна.

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з архіва Святланы БАРОЎСКАЙ.