Святлана Капачэня: «Мы набіраем абароты ў алімпіядным руху»

- 16:09Планерка

Якімі поспехамі ўстаноў адукацыі ганарыцца начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Старадарожскага райвыканкама Святлана Капачэня, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— У гэтым годзе ў нас чатыры стабальнікі па ЦЭ. Два скончылі гімназію № 1, яшчэ два вучыліся ў школах № 1 і № 2. За мінулы навучальны год дзеці атрымалі дзесяць дыпломаў на абласных алімпіядах. Вынік удзелу ў заключным этапе Рэс­публіканскай алімпіяды па гісторыі — дыплом II ступені. Для нас гэта дасягненне. Мы набіраем абароты ў рабоце з таленавітымі вучнямі і не плануем спыняцца, — гаворыць Святлана Віктараўна.

Такой высокай выніковасці спрыяе плённая работа, якая праводзіцца аддзелам адукацыі. Сваю ролю ў ёй адыгрывае арганізацыя раённай алімпіяды сярод вучняў 5—9 класаў. Яна ахоплівае ўсе прадметы, спрыяе павышэнню ўзроўню ведаў школьнікаў і росту прафесіяналізму настаўнікаў. Не застаюцца па-за бортам алімпіяднага руху і вучні сельскіх школ.

— Два гады запар на базе гімназіі № 1 летам арганізоўваем кругласутачны лагер для высокаматываваных дзяцей. Да нас прыязджалі таленавітыя школьнікі з вёсак. Тут яны жылі, з імі працавалі трэнеры-педагогі, вялася выхаваўчая работа. Акрамя таго, вучні мелі магчымасць наведваць басейн, хадзіць на экскурсіі. Сёлета ў такім лагеры адпачывалі трынац­цаць навучэнцаў. Мы ўлічвалі іх запыты адносна прадметаў. Найбольш папулярнымі былі геаграфія, беларуская мова, матэматыка і працоўнае навучанне, — удакладняе начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Старадарожскага райвыканкама.

З 1 верасня ўсе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі раёна далучыліся да пілотнага праекта па школьным харчаванні.

— Усё атрымаецца! Я пераканана ў гэтым на сто працэнтаў. Напярэдадні новага навучальнага года ва ўпраўленні па адукацыі правялі нараду, прысвечаную гэтай тэме. Увага была засяроджана на ўмовах працы кухараў, на ўзроўні іх заработнай платы. Дарэчы, усе нашы сталовыя ўкамплектаваны спецыялістамі, прыхо­дзяць да нас і маладыя кадры, — адзначае Святлана Віктараўна. — Заняткі толькі пачаліся, а ўжо і самі дзеці, і бацькі падкрэсліваюць, што харчаванне ў школьных сталовых палепшылася. Колькасць адходаў значна зменшылася. Калі наведваю ўстановы адукацыі, абавязкова іду ў сталовую, размаўляю з загадчыкам харчаблока, з кухарамі. Так, вочы ў вочы, мы знаходзім рашэнне праблем, калі яны ўзнікаюць. Лічу важным, каб у школах кіраўнікі былі сапраўднымі лідарамі, здольнымі ісці наперад і дзяліцца сваёй упэўненасцю ў тым, што ўсё будзе добра. Тады і падначаленыя будуць працаваць з энтузіязмам.

Марына ЖДАНАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА