Год назад завяршыўся Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года — 2017”, пераможцай якога стала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Баравухскай сярэдняй школы № 15 Наваполацка Святлана Леанідаўна Румянцава. Мы вырашылі сустрэцца са Святланай Леанідаўнай і даведацца, ці памяняў яе жыццё ўдзел у конкурсе, а таксама пагаварыць пра дзяцінства, юнацтва і людзей, якія сустракаліся на шляху настаўніцы.
— Святлана Леанідаўна, раскажыце, калі ласка, адкуль вы родам.
— Нарадзілася я ў вёсцы Краснаполле Расонскага раёна Віцебскай вобласці. Краснаполле — значыць “прыгожае, паўнакроўнае, шчодрае”. Глеба тут пераважна пясчаная (чырвоная). Думаю, што, даючы такую назву вёсцы, людзі выказвалі сваё захапленне дзівоснымі краявідамі роднай зямелькі-матухны. Вёска, акружаная лясамі, размя-шчаецца на беразе Дрысы. Я люблю назіраць за яе плынню. Мімаволі прыходзяць думкі, што ты пылінка ў сусвеце, а рака — вечная. Яна бярэ пачатак з нетраў зямлі, якая песціла цябе з самага дзяцінства, дапамагала вырасці, вывучыцца, знайсці сваю справу ў жыцці, працаваць і заўсёды памятаць, хто ты і адкуль. Нідзе так не спявае душа, не распростваюцца крылы, як у гэтым мілым сэрцу краі — непаўторным, ягадным, грыбным, песенным.
Расонская зямля асветлена беларускім словам. Пісьменнік Ян Баршчэўскі, паэты Генадзь Бураўкін і Анатоль Канапелька, драматург Мікалай Матукоўскі — іх карані адсюль, з Расоншчыны. Еднасць з прыродай, клопат пра яе, працавітасць робяць гонар маім землякам. А яшчэ — цесныя сямейныя сувязі, традыцыі продкаў, якія заўсёды былі ў пашане ў маім краі.
— Вашы чалавечыя і прафесійныя якасці таксама закладзены ў сям’і?
— Безумоўна. Мой бацька — Леанід Мікітавіч Раманенка — прысвяціў сябе служэнню людзям: працаваў галоўным урачом участковай бальніцы.
Бацька быў чалавекам сціплым, нешматслоўным, стрыманым. Вызначальная рыса яго характару — працавітасць. Ні хвіліны бацька не мог абысціся без справы.
У вольны час ён звычайна цяслярыў, рабіў розныя гаспадарчыя прыбудовы, добраўпарадкоўваў тэрыторыю каля дома і бальніцы, якая знаходзілася побач з нашай сядзібай. Любіў саджаць дрэвы, яму падабалася бываць сам-насам з прыродай.
Настойлівы, мэтанакіраваны, ён адказна ставіўся да любой справы. Рабіў усё якасна, не спяшаючыся. Тата часта паўтараў: “Калі ты зробіш справу хутка, але абы-як, людзі будуць бачыць, што ты зрабіў дрэнна, і забудуць, што зроблена хутка. А калі ты будзеш рабіць павольна, але старанна, усе забудуць, што ты рабіў доўга, а будуць бачыць, што зроблена выдатна”. Тата любіў ва ўсім парадак і лад.
Змалку бацька прывучаў нас да працы, паказваў прыклад гаспадарлівасці, сумленнасці, тактоўнасці. Навучыў бачыць цудоўнае і захапляцца прыродай. Няспешнасць, настойлівасць, імкненне да якаснага выканання любога даручэння ў мяне таксама ад бацькі.
Мая маці — Лідзія Маркаўна — працавала настаўніцай матэматыкі, намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце ў школе. Яе любоў да прафесіі заўсёды была ўзорам для калег і вучняў.
З дзіцячых гадоў памятаю маміны ўрокі. Школа працавала па шасцідзёнцы, а дзіцячы садок — 5 дзён, і па суботах маці брала мяне з сабой у школу. І мае ўспаміны — гэта ўражанні, атрыманыя з апошняй парты. Я кожны раз з заміраннем сэрца сачыла за тым, як маці вяла ўрокі. Я нічога не разумела з таго, пра што яна гаварыла з дзецьмі, таму, відаць, уражанні былі яшчэ мацнейшымі. Мне вельмі падабалася яе манера паводзін, яе голас.
Мамачка — яркая і творчая асоба. Лідар па натуры, яна заўсёды вядзе за сабой, з’яўляецца душой любой кампаніі. Нястомнасць, імкненне да новага, шчырасць, бязмежная дабрыня, аптымізм — рысы характару маёй матулі. Яна валодае артыстычнымі здольнасцямі, выдатная спявачка і чытальнік. Я бязмежна шчаслівая, што некаторыя асаблівасці яе характару перадаліся і мне.
З дзяцінства маці для нас, дачок, з’яўляецца лепшай сяброўкай. Нам заўсёды хацелася быць падобнымі да яе, таму невыпадкова ўсе мы выбралі прафесію настаўніка. Мае сёстры зараз настаўнічаюць у родным Краснаполлі. Алена выкладае хімію і біялогію, а Таісія — геаграфію, з’яўляецца намеснікам дырэктара школы па выхаваўчай рабоце.
— Як жа ў сям’і ўрача і матэматыка нарадзіўся філолаг?
— Справа ў тым, што ў маёй матулі вельмі шырокія здольнасці. Яна добра ведае рускую і беларускую, а таксама нямецкую мову. Чаму тады яна стала матэматыкам? У Віцебску, да якога было дабрацца лягчэй, на той час філалагічнага аддзялення ў інстытуце не было.
А прыязнасць да літаратуры і любоў да слова ў мяне ад бабулі Валянціны. Яна валодала паэтычнымі здольнасцямі. Друкавалася ў раённай газеце “Голас Расоншчыны”, а таксама ў газеце “Віцебскі рабочы”. Вершы трэба было рэдагаваць, бо ў бабулі не хапала ведаў. З болем у сэрцы скардзілася яна на тое, што не змагла атрымаць добрую адукацыю. Толькі чатыры зімы пашчасціла ёй наведваць школу, а потым ранняе сіроцтва і жыццё ў мнагадзетнай сям’і, замужжа пазбавілі яе надзеі на працяг вучобы. Калі б бабуля змагла вывучыцца, яна, безумоўна, стала б паэтэсай. Бабуля вельмі хацела, каб і мы нейкім чынам развівалі сябе ў гэтым напрамку. Падчас сумеснай штодзённай сялянскай працы яна заўсёды чытала мне вершы, якія ведала на памяць, а таксама свае творы, спявала песні.
Не толькі бабуля цікавілася літаратурай. Ведаў шмат вершаў, цытаваў вялікія ўрыўкі з паэм класікаў рускай і беларускай літаратуры і мой дзядуля Марк. З яго вуснаў я ўпершыню пачула паэму Канстанціна Вераніцына “Тарас на Парнасе” і захапілася. Дзядуля чытаў на памяць так артыстычна, так па-майстэрску, што душа разгортвалася і перад вачыма паўставалі шматлікія прыгоды палясоўшчыка. Здавалася, што галоўны герой паэмы побач, што палясоўшчык Тарас не хто іншы, як дзядуля Марк. Можа, тады, калі я слухала дзядулевы чытанні, у маім сэрцы ўпершыню і пачала запальвацца бязмежная любоў да роднага слова…
— Відаць, цяжка вучыцца ў школе, дзе нехта з бацькоў працуе настаўнікам?
— Я асаблівых цяжкасцей не адчувала. Наадварот, было прыемна, што мама побач. Галоўнае — мяне ніхто ніколі не папікаў, калі раптам штосьці не атрымлівалася, у тым, што я настаўніцкае дзіця, таму павінна заўсёды быць на вышыні і паказваць прыклад.
— Ці скарыстоўвалі калі-небудзь тое, што маці выкладала ў вашым класе?
— Мама выкладала ў нас алгебру і геаметрыю. Вельмі добра, што яна яшчэ ў маім дзяцінстве зразумела, што я не матэматык па сутнасці і што мне больш блізкае чытанне і слова, таму да мяне асаблівых, завышаных патрабаванняў не было.
Неяк я занадта доўга прыбірала ў хаце… І потым звярнулася да маці: “Мамачка, бачыш: я ўсюды прыбрала, усё перамыла, але крышачку матэматыку недавучыла… Не выклікай, калі ласка, мяне заўтра. Адзін раз толькі!”
Маці пайшла мне насустрач і спытала іншых вучняў. Убачыўшы, што я паленавалася вывучыць тэарэму і на наступны ўрок, яна спецыяльна выклікала мяне да дошкі. Я, вядома, не змагла сказаць і слова, таму атрымала “двойку”. Мне было вельмі сорамна перад аднакласнікамі, матуляй. На яе я зусім не пакрыўдзілася, а, наадварот, запомніла той урок на ўсё жыццё! Даў слова — трымай!
— Зразумела, што вашай маці не прыходзілася спецыяльна прыходзіць на бацькоўскія сходы. Ці часта ў школе бываў тата?
— На бацькоўскія сходы ён не хадзіў, а вось мерапрыемствы, якія ладзіліся ў школе, творчыя конкурсы, канцэрты наведваў заўсёды. На Новы год мы звычайна арганізоўвалі карнавал і рыхтавалі касцюмы. Тата абавязкова прыходзіў, бо яму было вельмі цікава сачыць за нашымі поспехамі, бачыць, якія мы шчаслівыя.
— Ні вы, ні сёстры не пайшлі па слядах бацькі. Ён не крыўдаваў на вас за гэта?
— Тата марыў, што хто-небудзь з нас пойдзе па яго шляху. Гэта магла б быць старэйшая сястра — у яе больш лагічны склад розуму і здольнасці да дакладных дысцыплін, але яна не пайшла ў медыцыну. Бацька выдатна разумеў, што гэта быў наш выбар.
Мы ўсе пайшлі ў прафесіі за маці, бо заўважалі, што настаўніцкая праца робіць яе шчаслівай.
— Атрымліваецца, вы можаце “сямейным падрадам” выкладаць амаль усе школьныя прадметы…
— Выходзіць, што так. (Смяецца.) Матэматыка, фізіка, астраномія, хімія, біялогія, геаграфія, руская і беларуская мова і літаратура. А ў гэтым годзе мая дачка Дзіяна скончыла Віцебскі педагагічны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава па спецыяльнасці “Рамана-германская філалогія”, так што ў нашай педагагічнай дынастыі ёсць яшчэ і настаўнік англійскай і нямецкай мовы. Дзіяна паступіла ў магістратуру, працягвае навучанне.
— Якую самую каштоўную параду вы атрымлівалі ў жыцці ад бацькоў?
— Ніколі не спыняцца на дасягнутым, не баяцца цяжкасцей, заўсёды ісці наперад. Бацька ўвесь час казаў, што перашкоды робяць чалавека толькі мацнейшым. Гэта і мая жыццёвая філасофія, бо дарогу адолее той, хто ідзе.
Матуля гадавала нас адказнымі перад сваёй справай і перад людзьмі, вучыла сябраваць і любіць: “Вы — адна кроў. Трымайцеся разам, падтрымлівайце адна адну, беражыце”.
— Якое месца ў вашым жыцці займаюць школьныя гады?
— Школьныя гады — час незабыўны, бо ў школе я была вельмі шчаслівая. Гэтаму садзейнічалі выдатныя ўмовы, у якіх я расла і развівалася. Краснапольская сярэдняя школа заўсёды была ў ліку лепшых у Расонскім раёне. Гэтаму садзейнічалі зладжаная дзейнасць адміністрацыі і настаўніцкага корпуса. Калі я вучылася ў старшых класах, дырэктарам школы была Таццяна Аляксандраўна Васільева. Яе педагагічная дзейнасць — яркі прыклад таго, як чалавек усё сваё жыццё прафесійна развіваўся і ўзнімаў да вяршынь вучэбнай і практычнай дзейнасці сваіх калег і выхаванцаў. Школа знаходзілася ў пастаянным развіцці, а супрацоўніцтва настаўнікаў, навучэнцаў, бацькоў было зладжаным і эфектыўным. Установа жыла насычаным, яркім жыццём.
У нас былі цудоўныя педагогі — разумныя, творчыя, апантаныя сваёй працай. На іх хацелася раўняцца, яны заўсёды ў маім сэрцы. Гэта настаўніца беларускай мовы і літаратуры Антаніна Міхайлаўна Данчанка, хіміі — Маіна Іванаўна Герасімава, настаўнік фізічнай культуры Мікалай Іванавіч Мухін, фізікі — Зоя Сцяпанаўна Маслоўская… Яны не толькі далі веды, але і пакінулі часцінку сваёй душы ў маім сэрцы.
Асабліва хочацца адзначыць настаўніцу рускай мовы і літаратуры класнага кіраўніка Раісу Паўлаўну Цімошчанка. Педагагічнае майстэрства, глыбокае веданне свайго прадмета, шчырасць, эмацыянальнасць нястомнасць — усім гэтым надзелена Раіса Паўлаўна. Гэтая настаўніца, бясспрэчна, зацікавіла прадметам не адно пакаленне вучняў, запаліла агеньчык творчасці і адданасці літаратуры і ў маёй душы.
Добра запомніліся ўрокі Алы Сцяпанаўны Лук’янавай. Маладая і прыгожая, яна настолькі цікава і даходліва выкладала прадмет, што мы таксама вельмі любілі гісторыю. Яна любіла падарожнічаць, і нас, вясковых дзяцей, імкнулася як мага больш развіваць. З ёй мы некалькі разоў наведалі Санкт-Пецярбург, пабывалі ў Пецяргофе, падарожнічалі на цеплаходзе па Дняпры з Лоева да Кіева, ажыццявілі паездку ў Брэст, Гомель, некалькі разоў бывалі ў Мінску, Віцебску. А ў той год, калі я паступала ў інстытут, мае школьныя сябры (на жаль, без мяне) выбраліся да мора ў Еўпаторыю. Мы ўсюды наведвалі музеі і памятныя месцы і да моманту заканчэння школы ўжо мелі даволі шырокі кругагляд. Канечне, аплачваць паездкі нам дапамагаў саўгас, бо летам школьнікі актыўна працавалі на карысць гаспадаркі і на зернетаку, і на саўгасных палях.
А які цудоўны клас у нас быў: дванаццаць хлопчыкаў і дзве дзяўчынкі! Усе — з характарам, са сваімі здольнасцямі і захапленнямі. Я памятаю цудоўныя суботнія вечарыны ў школе, дзе мы не толькі танцавалі, але і ўдзельнічалі ў разнастайных конкурсах, пастаноўках. Памятаю паходы, спартыўныя і творчыя мерапрыемствы. Старалася ўдзель-нічаць у кожным з іх, бо была няўрымслівая, актыўная, мэтанакіраваная.
Напэўна, гэтыя якасці дазволілі мне стаць лідарам: была і старшынёй савета піянерскай дружыны імя Паўліка Марозава, і сакратаром школьнай камсамольскай арганізацыі. Мне быў уручаны значок “Піянер-інструктар”, а калі заканчвала школу, атрымала Ганаровую грамату ЦК ЛКСМБ за плённую дзейнасць. Актыўная жыццёвая пазіцыя, сфарміраваная ў школьныя гады, і далей дапамагала мне ў жыцці.
— Вы былі прыкладнай вучаніцай і актывісткай. А пасваволіць не хацелася?
— Безумоўна, бывалі і такія здарэнні, за якія мне потым было вельмі сорамна. У 8 класе я разам з іншымі аднакласнікамі прагуляла ўрок беларускай літаратуры. Настаўніца на некалькі хвілін па аб’ектыўных прычынах спазнілася на ўрок, а мы збеглі ў школьны парк. Неяк не змагла супрацьстаяць калектыву, ды, напэўна, не вельмі і старалася. Мінула шмат гадоў, а гэты сонечны майскі дзень не забываецца. Здавалася б, усяго толькі неабдуманы ўчынак, а ў душы на ўсё жыццё прыкрасць: як маглі так зрабіць?
Так што ў школе я атрымала розныя ўрокі. Дзякуй кажу ўсім сваім настаўнікам, бо яны навучылі галоўнаму: таму, што заўсёды трэба заставацца чалавекам, што ў жыцці важнымі з’яўляюцца дабрыня і спагада, сумленне і здольнасць прызнаваць памылкі, што нельга навучыцца на ўсё жыццё, а трэба ўсё жыццё вучыцца.
Дарэчы, сёлета маёй роднай Краснапольскай школе спаўняецца 100 гадоў. І я вельмі рада, што трохпавярховы будынак навучальнай установы патанае ў кветках і зеляніне, а абноўленыя кабінеты са зручнай мэбляй і сучасным абсталяваннем поўняцца дзіцячымі галасамі. Жыццё прадаўжаецца! Няхай школа дорыць шчаслівае дзяцінства яшчэ многім і многім маім маленькім землякам! Няхай яе яркае святло асвятляе і далей іх жыццёвыя шляхі!
Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць усіх настаўнікаў, навучэнцаў і выпускнікоў са святам, пажадаць поспехаў, здзяйснення задуманага, творчага палёту і, канечне, здароўя!
— Што вам найбольш запомнілася са студэнцкіх часоў?
— Студэнцкія гады — а я скончыла Віцебскі педагагічны інстытут імя С.М.Кірава — незабыўныя. Гэта і шчырае сяброўства, і бяссонныя ночы за кнігамі, і першыя крокі да прафесіі. Запомніліся мне і заняткі з любімымі выкладчыкамі, і вечары ў інтэрнаце, і атмасфера Віцебска — горада майго юнацтва. Гэта былі гады, напоўненыя святлом ведаў, сяброўства, кахання.
— Каго з выкладчыкаў універсітэта ўспамінаеце і сёння?
— З павагай і цеплынёй успамінаю Генадзя Антонавіча Арцямёнка (ён быў куратарам нашай групы), загадчыка кафедры Віктара Іванавіча Несцяровіча, Вольгу Іванаўну Русілку, Ванду Юльянаўну Бароўка, Анатоля Мікалаевіча Канапельку, Людмілу Сяргееўну Васюковіч, Юрыя Уладзіміравіча Маханькова, Людмілу Іванаўну Злобін, Яўгенію Нічыпараўну Марозаву, Віктара Віктаравіча Здольнікава, выкладчыцу педагогікі Іну Яфімаўну Кернажыцкую… На старшых курсах да нас прыйшлі маладыя выкладчыкі Галіна Канстанцінаўна Семянькова, Алена Сяргееўна Дзядова, Юрый Міхайлавіч Бабіч. Усе выкладчыкі паўплывалі на маё прафесійнае развіццё.
— Ці даводзілася вам шкадаваць, што выбралі прафесію настаўніка?
— За гады працы было рознае: радасць і расчараванне, знаходкі і страты, задавальненне ад здзейсненага і бяссонныя ночы… Але заўсёды было адчуванне, што самую высакародную, універсальную, самую лепшую прафесію я выбрала 30 гадоў назад, калі я паступала ў Віцебскі педагагічны інстытут імя Кірава…
— Як даўно вы працуеце ў Баравухскай школе?
— Я прыйшла працаваць у Баравухскую сярэднюю школу 1 верасня 1993 года, адразу пасля заканчэння інстытута. І ўжо 25 гадоў мы разам.
А працаваць настаўнікам я стала крыху раней, на 5 курсе, у сярэдняй школе № 12 горада Наваполацка (па вобласці не хапала настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, таму дзве групы студэнтаў-пяцікурснікаў былі накіраваны ў розныя навучальныя ўстановы Віцебшчыны). Мяне прынялі ў школе з увагай і клопатам. І дырэктар Святлана Іванаўна Драздова (якая потым стала начальнікам аддзела па адукацыі), і намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Галіна Васільеўна Ананка падтрымалі, дапамаглі, зрабілі працэс адаптацыі прасцейшым.
У Баравуху я прыехала з мужам-ваенным, якога накіравалі ў адзін з дэсантных палкоў, што тады базіраваліся тут. Нам далі інтэрнат, з’явілася работа, якая потым стала любімай.
Зараз я жыву ў Наваполацку (гэта больш за 12 кіламетраў ад Баравухі), кожны дзень езджу на работу, але нічога мяняць не збіраюся. Столькі гадоў аддадзена гэтай школе!
У тыя часы яна мела статус школы-гімназіі, што для сельскай мясцовасці было вялікай рэдкасцю (Баравуха ўваходзіла ў склад Полацкага раёна). Узначальваў школу Міхаіл Міхайлавіч Лузгін. Пастаянны рух наперад, укараненне ў практыку работы ўсяго новага, перадавога, творчы падыход да справы — галоўныя рысы яго дзейнасці як настаўніка і як кіраўніка. З падачы няўрымслівага дырэктара школа ўдзельнічала ў шматлікіх праектах, інавацыях. У 1995 годзе наша ўстанова адукацыі стала пераможцай Рэспубліканскага конкурсу “Лідар адукацыі” сярод школ новага тыпу Рэспублікі Беларусь, а затым — пераможцай абласнога агляду-конкурсу “Школа года — 97”.
І зараз мэты і задачы Баравухскай сярэдняй школы № 15 Наваполацка (з 2014 года дырэктарам установы адукацыі з’яўляецца Ірына Уладзіміраўна Васіленка) рэалізоўваюцца на аснове развіццёвай арыентацыі навучання, увядзення ў адукацыйны працэс інавацыйных педагагічных тэхналогій і дыягностыкі ўзроўню развіцця. Адукацыйны працэс будуецца на прынцыпах асобасна арыентаванай педагогікі. У школе шчыруе згуртаваны калектыў педагогаў-аднадумцаў, здольных якасна працаваць на вынік: на працягу апошніх гадоў Баравухская школа ўпэўнена трымаецца ў пяцёрцы лідараў сярод устаноў адукацыі Наваполацка.
І зараз мне думаецца, ці мог мой настаўніцкі лёс скласціся неяк па-іншаму ў такой цудоўнай установе адукацыі?! Не, бо ўжо праз год сваёй педагагічнай дзейнасці я была ўключана ў склад настаўнікаў, якія прымалі ўдзел у рэспубліканскім інавацыйным праекце па арганізацыі сістэмы індывідуалізаванага навучання.
— Існуе меркаванне, што, каб не таптацца на месцы, кожныя 10 гадоў трэба мяняць месца работы або занятак. Што вы думаеце на гэты конт?
— Няма нічога дрэннага ў тым, што ты працуеш на адным месцы, як, напрыклад, я, 25 гадоў. У тым, што ты прырастаеш да аднаго месца, ёсць свая карысць, аднак у такім выпадку трэба шукаць новыя шляхі і выходзіць на новыя віткі развіцця.
Прафесію я выбірала свядома. Мабыць, магла б стаць журналістам. Мне ад школы нават давалі накіраванне ў БДУ на факультэт журналістыкі, таму што ў мяне на той час былі публікацыі ў раёнцы. Да сённяшняга часу захавалася нататка ад 1 верасня 1986 года, у якой я як сакратар камсамольскай арганізацыі школы пісала пра тое, што мы, старшакласнікі, падтрымліваем ідэі захавання міру ў свеце.
Магла б таксама стаць бібліятэкарам, бо кнігі мяне прываблівалі заўсёды. У бібліятэцы я была ў сваёй стыхіі. Першую сваю заработную плату, калі мы палолі буракі на калгасных палях, я, тады яшчэ школьніца, патраціла на набыццё збору твораў Тэадора Драйзера.
— Што падштурхнула вас прыняць удзел у конкурсе “Настаўнік года”?
— Калі я паспяхова здала ў 2015 годзе экзамен на кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”, адзіная прапанова, якая мне была выказана членамі атэстацыйнай камісіі, тычылася ўдзелу ў прафесійных конкурсах. А ў школе адміністрацыя прасіла паспрабаваць.
Мне было няпроста прыняць гэтае рашэнне. Па-першае, любы конкурс — гэта і сумненні, і хваляванне, і недахоп часу, а па-другое, падрыхтоўка на ўсіх этапах конкурсу была вельмі сур’ёзнай. Акрамя таго, трэба ж было выконваць і свае прамыя абавязкі ў школе. Адна я не змагла б пераадолець гэты шлях, таму шчыра дзякую за дапамогу і падтрымку адміністрацыі школы, маім калегам і сябрам, Наваполацкаму аддзелу па адукацыі, Віцебскаму інстытуту развіцця адукацыі…
— Святлана Леанідаўна, пасля вашай перамогі прайшоў год. Што памянялася ў вашым жыцці з таго часу?
— І многа, і мала… Не памянялася вучнёўская прыхільнасць. Дзеці, якіх я вучу, не сталі ўспрымаць мяне інакш. Не змяніліся і адносіны калег у школе, у горадзе. Гэтыя адносіны заўсёды былі вельмі добразычлівымі, цёплымі.
Засталося пачуццё палёту, шчасця, што ты пазнаёміўся з таленавітымі творчымі людзьмі (удзельнікамі конкурсу, членамі клуба “Крыштальны журавель”). У гэтых людзей я многаму вучуся, нашы метадычныя сустрэчы — гэта магчымасць абмяняцца вопытам, павысіць сваё прафесійнае майстэрства.
Пасля конкурсу я стала яшчэ больш цаніць тое месца, дзе працую, і людзей, з якімі працую. Мне былі створаны ўсе ўмовы для паспяховага ўдзелу ў конкурсе.
Я ўпэўнілася, што ў мяне ёсць сапраўдныя сябры, людзі, якія заўсёды былі побач. Я бязмежна ім удзячна!
За гэты час я стала больш публічнай асобай. Мяне часта запрашаюць на мерапрыемствы, звязаныя са школай і метадычнай падрыхтоўкай настаўнікаў.
Таксама памянялася ступень адказнасці. Перамога ў конкурсе — гэта не толькі радасць, але і вялікая адказнасць. Я заўсёды займалася самаадукацыяй, аднак пасля конкурсу зразумела, што трэба рабіць гэта яшчэ больш грунтоўна.
— Якія прафесійныя задачы вы зараз перад сабой ставіце?
— Мне ёсць у чым удасканальвацца і ёсць чаму вучыцца. Я не збіраюся спыняцца на дасягнутым. І мне здаецца, мае вучні бачаць прыклад, які пераконвае: трэба расці, шукаць, ствараць, усё жыццё вучыцца, бо гэта абавязковая ўмова гарманічнага развіцця асобы, неад’емная частка жыцця.
Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з архіва Святланы РУМЯНЦАВАЙ і адкрытых інтэрнэт-крыніц.