Пра гэтага педагога ўся краіна (ды што тут краіна — увесь свет) даведалася ў снежні 2005 года, калі яе дачка і выхаванка Ксенія Сітнік перамагла на міжнародным дзіцячым “Еўрабачанні”. Але мала хто ведае, што за чатырнаццаць гадоў да гэтага Беларусь магла даведацца пра яе як пра лепшага педагога — яна павінна была прадстаўляць Гомельскую вобласць на фінальным этапе конкурсу “Настаўнік года”. На жаль, тады абставіны склаліся не на яе карысць. Сёння заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Святлана Адамаўна Стацэнка ўзначальвае Нацыянальны цэнтр музычнай творчасці імя Уладзіміра Мулявіна і выпускае ў эстрадныя нябёсы новых зорачак.
— Святлана Адамаўна, кажуць, што поспехі кожнага чалавека вырастаюць з сямейных адносін і будуюцца на падтрымцы родных людзей. Вы можаце пагадзіцца з гэтым сцвярджэннем?
— Відаць, так. Бацьку свайго я не памятаю, бо ён пайшоў з сям’і, калі мне было два гады. Маці гадавала нас траіх адна: маю старэйшую сястру Наталлю, мяне і малодшага брата Валерыя. Ну, і як заведзена, старэйшы выхоўваў сярэдняга, сярэдні — малодшага. Маці не было часу асабліва займацца выхаваннем — ёй трэба было зарабляць грошы, каб паставіць нас на ногі. І праз усё жыццё я адчувала падтрымку маёй мамы, Дар’і Лук’янаўны, якая, дзякуй богу, дасюль жывая.
— Адкуль вы родам?
— Мой родны горад — Мазыр. Ён вядомы ў нашай краіне і за яе межамі нафтаперапрацоўчым заводам і солевыварным камбінатам. Гэта вельмі прыгожы горад — дзякуючы ландшафту яго часам называюць маленькай Швейцарыяй. Пра мазырскія горкі ёсць нават жарт. Справа ў тым, што радзільны дом знаходзіцца на самай высокай горцы і ўзімку туды вельмі цяжка заязджаць машынам. Дык у Мазыры кажуць, што калі парадзіха ўзімку дойдзе туды сама, то дзіця будзе вельмі здаровае і дужае.
Спачатку мы жылі ў аднапакаёвай гарадской кватэры, але потым маці памяняла квартэру на большую, але без выгод. Менавіта так я атрымала асноўныя жыццёвыя навыкі: я ведаю, і як свіней пакарміць, і курам насыпаць — каб выжыць, у нас была досыць вялікая гаспадарка. А з-за таго, што кватэра была ў прыватным доме, мы навучыліся і дровы калоць, і ў печы паліць. І калі мама ехала ў санаторый папраўляць здароўе, я заставалася на ўсёй гэтай гаспадарцы: у свае 11-12 гадоў я павінна была завесці браціка ў дзіцячы сад ды работу дома ўсю парабіць. Гэта значна адбілася на сённяшнім маім жыцці — я вельмі адказная, і ведаю, што калі нешта паабяцаў, гэта трэба зрабіць. Так вучыла мяне маці: або не абяцай, або, калі паабяцаў, зрабі!
— Калі вы пачалі спяваць?
— Спявала я заўсёды, з самага маленства. І вельмі любіла, калі мяне аб’яўляюць. Хавалася за парцьеру і чакала, пакуль мама мяне аб’явіць. А яна, канечне, падыгрывала: “Выступае самая любімая, самая таленавітая, самая-самая народная артыстка (яна не ведала ўсіх гэтых тытулаў і званняў!) Святлана Стацэнка!” Маёй самай любімай гульнёй была гульня ў артыстку, асабліва падчас сямейных свят. Усе павінны былі пляскаць у далоні, і я вельмі крыўдзілася, калі нехта гэтага не рабіў. Свят было ў нас заўсёды многа: і звычайныя агульнапрынятыя, і рэлігійныя. Мая маці веруючая жанчына, і нават у тыя часы мы паціху імкнуліся прытрымлівацца ўсіх рэлігійных свят, а на Вялікдзень фарбавалі яйкі. І кожны прыход гасцей у наш дом суправаджаўся маім сольным канцэртам.
У адзін з вясновых дзён у дзіцячы сад № 9 Мазыра, у які я тады хадзіла, прыехала нейкая камісія з Мінска. Потым высветлілася, што гэтыя людзі ездзілі па гарадах і ў выпускных групах дзіцячых садкоў адбіралі таленавітых дзяцей у рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве. І наш музычны кіраўнік параіла ім у ліку іншых дзяцей паслухаць і мяне. Мы спявалі нейкія песенькі.
— Было страшна выступаць перад незнаёмымі людзьмі?
— Абсалютна не! Мне тады было нястрашна, хоць і споўнілася толькі шэсць гадоў. Я праспявала, і мяне ўзялі. Тады я нічога не разумела. Маці мне сказала, што трэба праспяваць — ну я і гатова!
Дык вось, мяне адабралі і запрасілі на другі тур, у Мінск. Вельмі добра памятаю той прыезд у Мінск. Дабіраліся ў сталіцу мы на… самалёце – “кукурузніку”. Недалёка ад Мазыра ёсць вёска Быхаў і адтуль ляталі гэтыя кукурузнікі. Як мама дамовілася, што нас павезлі на ім у Мінск, я дасюль не ведаю… Божачкі, што мне тады давялося перажыць… Дзверы ў самалёце былі адчынены, ляцеў ён вельмі нізка, і праз тыя дзверы бачыла вёскі, палі і лясы, што праплывалі пад намі.
У школе на праслухоўванні была вельмі вялікая чарга, і вакол усюды насіліся дзеці. Ну і, канечне, я таксама з хлапчукамі паляцела па завуголлях (у мяне быў вельмі хлапечы характар. Банцікі і сукенкі мяне мала цікавілі. Штаны, шорты, пералезці цераз плот — вось гэта было сапраўды маё. Маці пастаянна мне казала: “Ты ж дзяўчынка, як жа так можна сябе паводзіць…”). І вось тыя хлопцы вырашылі з мяне пажартаваць, пачаўшы расхвальваць ягады шыпшыны: “Ах, якія ж яны смачныя!”. Ну і я, канечне, схапіла гэтыя ягады і пачала жаваць… І вось асцё з зярнятак, што ўнутры чырвонай каробачкі, паўпівалася мне ў язык (!). Хлопцы смяюцца, я языком павярнуць не магу, а маці галосіць: “Што ж мне рабіць з гэтай дзяўчынкай…”.
— Так і спявалі?
— Нешта праспявала, прастукала, і па выніках праслухоўвання прайшла. Як гэта было, я памятаю мала, бо самы яскравы ўспамін — адчуванне нясцерпнага болю.
Правучылася я там тры гады, мела поспехі: і па скрыпцы, і па фартэпіяна, і па арфе, на якой я таксама вучылася іграць, — займаліся мы вельмі многа.
— І ў чым жа была праблема?
— Мяне немагчыма было прымусіць паесці. Патрэба ў ежы ў мяне адсутнічала цалкам. Калі мы прыходзілі ў сталоўку, я садзілася за стол і найперш раздавала тое, што ляжала ў мяне на талерцы: аднаму масла, другому — бульбу, трэцяму — мяса. У лепшым выпадку я піла ваду. А выхавальнікі за ўсімі прасачыць таксама не маглі. Канечне, так доўга працягвацца не магло. У мяне былі галавакружэнні, я некалькі разоў страчвала прытомнасць, і ўрач, сустрэўшыся з маёй мамай, сказала: “Калі вы хочаце мець геніяльнае, але хворае дзіця, можаце яе тут пакінуць, калі не — забірайце!” Маці, безумоўна, было вельмі шкада, бо для яе маё вучэнне ў Мінску абыходзілася нятанна (але дзеля таго, каб дачка стала артысткай, яна была гатова на ўсё), але маё здароўе было для яе важней, і мы паехалі дадому ў Мазыр.
— А як ішлі справы з агульнаадукацыйнымі прадметамі?
— З прычыны таго, што ў Мінску асноўная ўвага ўдзялялася музычнаму напрамку, на агульнаадукацыйныя прадметы звярталі мала ўвагі. Найбольшыя праблемы ў мяне былі з дакладнымі навукамі — асабліва нас там гэтаму і не вучылі. Галоўным прадметам была, як вы разумееце, музыка. Неяк, ужо ў Мазыры ў чацвёртым класе, я запыталася ў суседа па парце: “Вунь там на дошцы напісана лічба 32 потым 2, а паміж імі дзве кропачкі. Гэта што?” — “Гэта дзяленне!” — са здзіўленнем сказаў мне ён.
Затое мая музычная адукацыя ўразіла настаўнікаў адразу. Зразумела, што ў Мазыры я таксама пайшла ў музычную школу, і вось там я была прымай! Памятаю, на адным з урокаў сальфеджыа мы пісалі музычны дыктант. Настаўніца сыграла мелодыю і сказала загадным тонам: “Пішам!” Для мяне тое, што патрабавалася зрабіць, было вельмі лёгка, і я адразу за настаўніцай хутка напісала ўвесь дыктант. “Пішам! Вызначаем такты і пішам!” — яшчэ раз сказала яна, паглядзеўшы на мяне. Я абсалютна не разумела, што ад мяне патрабуецца, а настаўніца зноў казала: “Пішам! Я што, незразумела сказала?” Я не магла ўцяміць — тое, што сыграла настаўніца, для мяне было занадта проста, бо ў Мінску мы ўжо пісалі нават двухгалосныя дыктанты. “Пішам!” — у чарговы раз сказала настаўніца. — “А што пішам?” — наважылася запытацца я. — “Што сыграла, тое і пішам!” — адрэзала яна. — “Але я ўсё ўжо напісала”. Здзіўленая маімі словамі, настаўніца папрасіла паказаць работу, а пасля невялікай паўзы сказала: “Ведаеш, гады два можаш не хадзіць на сальфеджыа…”.
— А якія ўспаміны ўвогуле пакінула школа?
— Усё прайшло досыць спакойна, пакінуўшы хутчэй адмоўныя, чым станоўчыя ўражанні. Магчыма таму, што я гадавалася без бацькі і за мяне не было каму заступіцца — даводзілася самой стаяць за сябе. Ці, можа, ад таго, што я ў адзіночку змагалася супраць сістэмнай несправядлівасці? Я ніколі не магла прамаўчаць. “Хто ўзяў?” — “Ён узяў, я бачыла!” — і пасля ўрокаў я атрымлівала кухталі ад аднакласнікаў: “Занадта многа бачыш!” Педагог па матэматыцы замест таго, каб дапамагчы (бо матэматыка была запушчана яшчэ з пачатковай школы!) і дадаткова са мной пазаймацца (бо дурніцай я ніколі не была), папросту не звяртала на мяне ўвагі. Настаўніца біялогіі вызначала сабе любімчыкаў, і я, канечне, у гэты склад не трапляла, і як бы я ні рыхтавала дамашняе заданне (нават на памяць, як мастацкую прозу!), усё роўна атрымлівала свой “траяк”. Стымулу не было ніякага: вучы, не вучы — усё роўна “тры”. Як прадмет, любіла рускую літаратуру, але сказаць, што настаўніца літаратуры выклікала ў мяне станоўчыя эмоцыі, на жаль, не магу. Відаць, адзіным педагогам, які мне падабаўся, была настаўніца англійскай мовы Раіса Дзмітрыеўна Каркошка, якая прыйшла ў школу маладым спецыялістам. Яна цудоўна гаварыла на незразумелай мне мове, праводзіла цікавыя ўрокі. Яна да гэтага часу працуе дырэктарам маёй сярэдняй школы № 7 Мазыра, і я сапраўды радуюся яе поспехам. Большую частку свайго часу я аддавала танцавальнаму калектыву “Рамонак”, якім кіравалі муж і жонка Авяр’янавы, вакальнай студыі. Дзяцінства ў мяне асацыіруецца менавіта з пазашкольным жыццём.
Вельмі часта мяне папракаюць, што я забрала дзяцінства ў Ксеніі (Сітнік — Рэд.). Я тут гляджу па сабе. Калі б у дзяцінстве ў мяне забралі вакальную студыю, танцы, невядома, ці стала б я такой, якая зараз, і мне б не было што ўспомніць увогуле. Таму з пастаноўкай пытання, забралі ці не забралі дзяцінства, я не згодна. Калі дзіцяці гэта падабаецца, яно гэта прымае. А калі дзіця нікуды не ходзіць і нічым не займаецца, і бацькі пакідаюць яму “дзяцінства”, гэта заканчваецца пустым сядзеннем у інтэрнэце, зносінамі ў сацыяльных сетках, камп’ютарнымі гульнямі. Я не магу сцвярджаць, што гэта адназначна дрэнна, але і што гэта цалкам добра, таксама не скажу.
— Я так разумею, што і з паводзінамі праблемы былі?
— Ну што ж тут крывіць душой, асабліва ведаючы мой характар. Аднойчы зусім выпадкова я ўбачыла дзяцей, што жылі ў дзіцячым доме. Першае, што мяне здзівіла, гэта аднолькавае адзенне ва ўсіх. Маці патлумачыла мне, што гэта дзеці, ад якіх адмовіліся бацькі. Тады я ніяк не магла ўцяміць, як можна кінуць сваё дзіця? І пасля гэтай размовы ўвесь час баялася, што мама мяне кіне.
Побач з дзіцячым садком была сядзіба заможнага паляка, а ў садзе раслі грэцкія арэхі. І я вырашыла пачаставаць дзетдомаўцаў арэхамі (адкуль я тады ведала, што гэтыя арэхі адразу з’есці не атрымаецца…), падбухторыла сяброўку і мы палезлі на дах дзетсадаўскай веранды па арэхі, бо галіны аднаго з дрэў звісалі над ім. Калі мы рвалі тыя арэхі, гаспадар заўважыў, пачаў на нас крычаць. Нам удалося збегчы, але літаральна праз некалькі дзён нас, як злодзеяў, ганьбавалі перад усімі (бо, як ведаеце, сок грэцкага арэха з рук не адмываецца).
Проста той гаспадар паскардзіўся дырэктару школы і яны сталі хадзіць па класах ва ўсіх правяраць рукі (“Рукі на стол!!!”). Потым выклікалі маю бедную маму (два разы на тыдзень яна ў школе была дакладна) і расказалі ёй пра мае нездавальняючыя паводзіны.
Дарэчы, пападала мне вельмі часта, але я не разумела, чаму: я ж заўсёды сцяной стаяла за справядлівасць, але заўсёды, чамусьці (ва ўсякім разе мне так здавалася), я заставалася вінаватай. Колькі разоў мама плакала, гледзячы на мяне, плакала, баючыся за мой далейшы лёс. “Мама, не плач, калі ласка, я ж гэтыя арэхі хацела ў дзіцячы дом аднесці…” — супакойвала яе я. Ды і, уласна кажучы, якая ўжо была розніца, каму былі патрэбны тыя арэхі!
У нашым класе вучылася дзяўчынка з вельмі дрэнным зрокам, якая насіла акуляры з таўшчэзнымі лінзамі. Яе вельмі крыўдзілі ўсе мае аднакласнікі, а я — малая і худая — заўсёды бясстрашна ўставала на яе абарону, нягледзячы на тое, хто быў маім сапернікам: равеснік, старшакласнік ці яшчэ хто… Я не адчувала страху. Нават сама баялася, што не маю страху перад крыўдзіцелямі — я ж стаяла за праўду.
І я неяк паабяцала маці, што калі вырасту, яна будзе ганарыцца мной. Мама, канечне, не верыла і казала на гэта: “Я ўжо зараз пачынаю табой ганарыцца…”. Мне было вельмі крыўдна, што яна не верыць, і ўвесь час хацела ёй гэта даказаць.
— Як вы апынуліся ў Клінцах у вучылішчы?
— Адвучыўшыся ў школе 5 гадоў — з 5 па 8 клас, я вырашыла паступаць у музычнае вучылішча. У Мазыры і тады было вучылішча. Аднак калі я скончыла восем класаў, набору на эстрадны вакал не было, толькі на харавое дырыжыраванне. На што мая мама сказала: “Не, харавое дырыжыраванне прапусцім”. Я не хачу крыўдзіць тых, хто скончыў гэтае аддзяленне, але маме не падабалася, а ў мяне мама такая: як яна сказала, яно так і будзе! Так мы знайшлі музычнае аддзяленне педагагічнага вучылішча ў Клінцах Бранскай вобласці.
У вучылішчы была зусім іншая сітуацыя. Там былі любімыя педагогі, тыя людзі, якія ўнеслі вельмі значны ўклад у маё развіццё як асобы. Я многа магу гаварыць пра педагогаў майго вучылішча (зараз каледжа), бо, відаць, 80% маёй асобы сфарміравалі менавіта яны. Цяжка назваць тых, хто мне не падабаўся… Гэта былі вельмі цікавыя педагогі, з якімі можна было нешта абмеркаваць, падыскутаваць, адстойваючы свой пункт погляду. У мяне быў цудоўны педагог па вакале Віктар Майсеевіч Самоша. У свой клас ён набіраў лепшых, і мне пашчасціла ў яго займацца. Быў цудоўны педагог па музычнай літаратуры Ірына Уладзіміраўна Падсасонная, якая падавала матэрыял праз звычайныя побытавыя асацыяцыі (“Тое, што напісана ў падручніку, вы і самы прачытаеце,” — казала яна).
Немалую ролю ў маім станаўленні адыграла і тое, што гэтае ж вучылішча ў свой час скончыла мая старэйшая сястра, якая зараз працуе настаўніцай музыкі і спеваў у 13-й школе Мазыра.
— Цяжка, відаць, даводзілася? Як правіла, у навучальнай установе параўноўваюць дзяцей з адной сям’і.
— Кожны раз, калі я адчыняла дзверы вучылішча, бачыла пільны погляд маёй старэйшай сястры — яе партрэт вісеў сярод здымкаў тых, кім ганарыцца вучылішча. Гэта быў выхаваўчы момант, бо мне даводзілася трымаць планку, якую паставіла сястра. Памятаю, як на першым курсе часцяком у мяне запытваліся: “А ці не сястрычка вы Наташы?” — “Так”. — “Ну, я спадзяюся, вы будзеце такой жа стараннай і таленавітай, як Наташа”. У адрозненне ад сястры, я была больш “шухерная”, яна ж, наадварот, больш разважлівая, удумлівая, адказная. І я не магла дазволіць сабе дрэнна вучыцца — мне было няёмка не перад выкладчыкамі, а перад сястрой.
У вучылішчы ў мяне была вельмі добры педагог па матэматыцы. Яна звярнула ўвагу на тое, што “траяк” у мяне быў толькі па яе прадмеце (атрымаць другую “тройку” я не магла, бо тады засталася б без стыпендыі) і што я проста “не даганяю” матэматыку. І яна, парушаючы ўсе правілы, мне дапамагала: давала задачы, якія я павінна была вывучыць і перад класам адказаць каля дошкі, а потым ставіла мне “заслужаную” чацвёрку. І вельмі добра, што на маім шляху трапляліся такія педагогі, якія маглі ўвайсці ў маё становішча і своечасова дапамагчы.
Потым, калі я ўжо працавала ў Мазыры, скончыўшы вучылішча, у адной школе з сястрой, Наталля была для мяне галоўным дарадчыкам. Да яе ўсе прыходзілі вучыцца, і я ганарылася тым, што Наталля Адамаўна Марынчанка — мая сястра. Зараз яна кажа, што таксама ганарыцца мной.
Нават дома, калі патрабавалася нейкім чынам на мяне паўплываць, маці казала: “Наташа, скажы ёй”. Калі я вырасла, я “ўплывала” на малодшага брата.
— Брат таксама выбраў музычную кар’еру?
— Ён не пайшоў нашымі сцежкамі. Сёння займаецца бізнесам.
— Ці былі якія іншыя варыянты пасля заканчэння вучылішча, акрамя таго, як вяртацца дадому ў Мазыр?
— Я стала шчаслівым уладальнікам мэтавага накіравання ў Маскву. Трэба было здаваць адзін экзамен па фартэпіяна, што для мяне не было праблемай. Усе цяжкасці заключаліся ў тым, што першакурснікам інтэрнат не давалі, і з-за невырашальнасці гэтага пытання прыйшлося з вучобай у Маскве развітацца.
Спачатку я крыху папрацавала ў Расіі, потым вярнулася ў Мазыр. Колькі сябе памятаю, увесь час працавала з-за таго, што патрэбны былі сродкі. Ужо ў вучылішчы я адмаўлялася ад матчынай дапамогі, ведаючы, як ёй цяжка. Па выхадных спявала на вяселлях у складзе групы. Я навучылася іграць і на гітары, і на барабанах, на чым скажуць, на тым і іграла. Але я не прасіла платы грашыма, я прасіла ежу (бо ўвесь час хацела есці — ува мне тады было 39 кілаграмаў пры росце каля 170 сантыметраў! Жах!). Менавіта тады я навучылася адкладваць грошы, бо на ежу не трэба было траціцца.
Вельмі добра памятаю сваё класнае кіраўніцтва ў школе (абставіны склаліся так, што гэта быў мой першы і адзіны выпуск). І вельмі радасна, што да гэтага часу мае выпускнікі віншуюць мяне са святамі — гэта вялікае шчасце, калі цябе памятаюць.
— Вышэйшую адукацыю вырашылі атрымаць, каб павысіць прафесійны ўзровень?
— У мяне былі настолькі моцная база і практычны вопыт, што нечаму новаму мяне было навучыць вельмі цяжка. Таму атрыманне вышэйшай адукацыі хутчэй было звязана з неабходнасцю атрымаць дыплом, ну і, безумоўна, у нечым для павышэння прафесійнага ўзроўню.
— Наколькі вядома, на пачатку 90-х вы павінны былі ўдзельнічаць у фінале конкурсу “Настаўнік года”?
— Сапраўды, я прайшла два адборачныя туры конкурсу “Настаўнік года” — спачатку рэгіянальны этап у Мазыры, а потым і абласны ў Гомелі. А на рэспубліканскі фінал не трапіла толькі таму, што захварэла на ангіну. Мне тэлефанавалі і тлумачылі, што я павінна годна прадставіць вобласць на конкурсе, але мая маці ў чарговы раз сказала сваё “не!” і на працягу двух тыдняў мяне лячыла, а на фінал паехаў іншы прадстаўнік Гомельшчыны.
Няхай нехта назаве мяне зазнайкай, але ў сваёй прафесіі я ведала ўсё, а калі не ведала, не саромелася пытацца найперш у сваёй сястры.
Але пасля нараджэння Ксеніі ў школу я ўжо не вярнулася — мне там стала цеснавата. І ў гарадскім Палацы культуры я ўзяла вакальную студыю, назваўшы яе “ЮМЭ’С” — “Юныя майстры эстрады”.
Адной з першых гучных перамог маіх выхаванцаў было другое месца на тэлеконкурсе “Ранішняя зорка”. Вось проста так дзве дзяўчынкі з Мазыра — Настасся Стацэнка (мая старэйшая дачка) і Дар’я Коркіна — насуперак злым языкам паехалі ў Маскву і перамаглі.
— У Мінску вы з 2006 года. Гэта канцавы пункт вашага руху наперад ці?..
— Пасля перамогі Ксюшы на дзіцячым “Еўрабачанні” ў снежні 2005 года, я пераехала ў Мінск і ўзначаліла Нацыянальны цэнтр музычнага мастацтва імя У.Мулявіна. Кожны чалавек павінен займацца тым, што ён умее. Няхай меншым, але якасна.
Я не толькі сама праводжу многа майстар-класаў, але і наведваю ўсе, якія можна. Гэта вопыт, якім трэба дзяліцца. І вельмі крыўдна, што многія педагогі ставяцца да ўласнага прафесійнага росту недастаткова ўважліва.
На жаль, даводзілася сустракацца з “педагогамі”, якіх і педагогамі назваць язык не павернецца. Была ў мяне ў школе такая настаўніца, што вяла хор, якая магла пры ўсім калектыве абразіць (а дзіцячыя крыўды помняцца даўжэй за ўсё). Неяк яна размаўляла з канцэртмайстрам, выбіраючы дзяцей на выступленне, і сказала ў мой адрас (і гэта чулі ўсе!): “Спявае яна няблага, ды ў яе чыстай кашулі не будзе на выступленне!” Мяне гэта абразіла ледзь не да слёз: ну, небагата мы жылі і не было ў мяне новай кашулі, але чыстая яна была заўсёды. І, канечне, аўтаматычна да мяне так пачыналі ставіцца ўсе, хто гэту абразу пачуў. Таму сёння пры дзіцяці пра дзіця нікому нічога не кажу.
— А які вы кіраўнік?
— Дэмакратычны. Часам аж занадта. Бывае, хочацца сказаць: “Ну чаго ж вы толькі на шыю селі? Давайце ўжо на галаву адразу”. Я стараюся падтрымліваць адказнасць сваіх супрацоўнікаў. І для мяне галоўнае — вынік працы, таму перад справаздачным канцэртам па некалькі разоў праглядаем і абмяркоўваем нумары.
— Ці даводзіцца вам сёння змагацца за праўду?
— Так, і гэта сёння цяжка, як і тады, у школьныя гады. У сілу ўзросту і вопыту, я зараз імкнуся згладжваць вострыя вуглы, але нешта даказаць і паспрачацца магу. Сёння крыху лягчэй, бо дзіцяці змагацца з дарослым светам немагчыма, а з маім меркаваннем зараз вымушаны лічыцца — няхай не пагодзяцца, але выслухаюць і, спадзяюся, возьмуць на заметку.
— Вялікі дзякуй за размову. Поспехаў вам і вашым выхаванцам!
Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з архіва.