Святло надзей і шчасце — нашы дзеці

- 10:56Актуально, Апошнія запісы, Нашы дзеці

У Баравухскую сярэднюю школу № 15 Наваполацка штораніцы спяшаюцца за новымі ведамі і адкрыццямі больш за 430 навучэнцаў. Кожны настаўнік, які працуе ў гэтай установе адукацыі, асабістым прыярытэтам лічыць прымнажэнне багатых школьных традыцый і засваенне вялікага педагагічнага вопыту праз прызму інавацый. У Баравусе сабраліся сапраўды працаздольныя, творчыя настаўнікі, нацэленыя на амбіцыйныя планы. І ёсць усе падставы сцвярджаць, што намечанае абавязкова спраўдзіцца!

Напярэдадні навагодніх свят у Баравуху завіталі міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Вадзім Дзевятоўскі, начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома, прадстаўнікі гарадской і мясцовай улады, кіраўнікі ўстаноў адукацыі Наваполацка. Школа сустрэла шаноўных гасцей яркай творчай прэзентацыяй і выдатнай канцэртнай праграмай, падрыхтаванай лепшымі самадзейнымі калектывамі педагогаў і навучэнцаў.

— Зараз па ўсёй краіне крочыць вялікая дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”. Мне ўдвая больш прыемна знаходзіцца ў вашай школе, таму што гэта магчымасць дакрануцца да маладосці: у свой час зусім непадалёк пачыналася мая працоўная дзейнасць, — расказаў Ігар Васільевіч. — Па выніках рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства мы дамовіліся падтрымаць усе калектывы, якія прадстаўлялі фіналісты. І, канечне, кропкай адліку стала школа, дзе адбыўся “Настаўнік года — 2017”. Спадзяюся, наш падарунак — камп’ютарны клас і мультыборд — будзе садзейнічаць далейшаму павышэнню якасці адукацыйнага працэсу. У гэтым, безумоўна, вялікая роля педагога: важна, каб кожны настаўнік разумеў агульнасць мэт і задач, што стаяць перад сістэмай адукацыі. Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць вас з надыходзячым Новым годам і Калядамі, пажадаць усяго самага добрага. Няхай наступны год прынясе новыя цікавыя ідэі і ператворыць іх у жыццё, а нашы дзеці радуюць сваімі талентамі і поспехамі, растуць і становяцца лепшымі за нас. Напэўна, у гэтым залог руху наперад.

Віншуючы калектыў баравухскай школы № 15 і ўсе ўстановы адукацыі Наваполацка, начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома падзякаваў за выдатную працу і яе вынікі. На працягу дзесяцігоддзяў па многіх паказчыках Навапалацк трымае лідарства ў сістэме адукацыі вобласці. Не стаў выключэннем і 2017-ы: напрыклад, колькасць пераможцаў і прызёраў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах павялічылася амаль удвая, а па выніках цэнтралізаванага тэсціравання па ўсіх прадметах навапалачане прадэманстравалі бал, вышэйшы за рэспубліканскі. І, канечне, выдатным сведчаннем сістэмнай метадычнай работы па павышэнні прафесійнай кампетэнтнасці, зладжанай працы ўсяго калектыву, накіраванай на дасягненне агульнай мэты — выхаванне чалавека, грамадзяніна, патрыёта — з’яўляецца бліскучая перамога настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Святланы Румянцавай.

—Настаўніцтва трывала ўвайшло ў маё жыццё, стала не проста прафесіяй, а ладам жыцця, — прызналася Святлана Леанідаўна. — Яно — жывая частка існавання маёй сям’і, педагагічнай дынастыі, якая налічвае тры пакаленні. І так хочацца, каб гэтая духоўная пераемнасць не перапынялася! Шчыра веру: такі галоўны закон вечнасці і неўміручасці народа, сям’і, прафесіі. Нішто так не палоніць, як прыгажосць, не пераконвае, як праўда, і не ўздзейнічае, як прыклад. Для нас, сённяшніх настаўнікаў, сапраўдным прыкладам з’яўляюцца нашы настаўнікі. Яны мелі самае галоўнае, што рабіла іх справу дасканалай, — любоў да вучняў, сваёй прафесіі і самаахвяраванне. Гэтыя якасці вырашальныя і для нас. Цяпер ад нашай працы залежыць не толькі лёс канкрэтнага вучня, але і дабрабыт і бяспека дзяржавы ў цэлым. Гэтая прафесія і праз дваццаць, і праз сто гадоў будзе прад’яўляць звышпатрабаванні — найперш таму, што ўсё, чаму вучыць настаўнік, павінна быць у ім самім, бо розум выхоўваецца толькі розумам, маральная высакароднасць — асабістай высакароднасцю, а патрыятызм — любоўю да Радзімы і адданасцю ёй. Настаўнік — самая лепшая прафесія ў свеце, прафесія па-за часам і геаграфіяй. Як кажуць у народзе, яна ад Бога, а ўсе іншыя прафесіі — ад настаўніка.

Шырокі спектр пытанняў сучаснай адукацыі і яе перспектывы, рэалізацыя канцэптуальных падыходаў, прынятых на рэспубліканскім педагагічным савеце, сталі прадметам размовы падчас круглага стала, у якім прынялі ўдзел педагогі і госці школы. У ходзе рабочай паездкі Ігар Карпенка таксама наведаў Наваполацкае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву і ліцэй Наваполацка.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.