Святочную песню праспявалі разам

- 11:59Навіны рэгіёнаў

Вось ужо на працягу 10 гадоў напярэдадні Каляд і Новага года ў сярэдняй школе № 2 імя М.П.Масонава Свіслачы праводзіцца міжнародны тэлемост, які аб’ядноўвае школьнікаў Беларусі і краін далёкага замежжа.

Ініцыятарам такіх сустрэч выступае настаўнік англійскай мовы школы Вячаслаў Мікалаевіч Караткевіч. У калядна-навагоднім культурным абмене навучэнцы Беларусі, Японіі, Фінляндыі, Англіі, Непала, Інданезіі спачатку віталі адно аднаго на англійскай мове, затым прадставілі свае музычныя нумары.

Японскія школьнікі ўразілі віртуознай ігрой на этнічным музычным інструменце кота, а навучэнцы з Непала — на духавых і клавішных інструментах, англічане выканалі калядную песню, інданезійцы — народны танец, падчас якога здзейснілі нацыянальны абрад, які сімвалізуе яднанне сэрцаў. Школьнікі з Фінляндыі праспявалі калядную песню пад акампанемент на нацыянальных струнных інструментах. Музычнае віншаванне прагучала і ад вучняў сярэдняй школы № 2 Свіслачы і Свіслацкай школы мастацтваў: выступленне ансамбля духавых інструментаў “Кара-Бас” і вакальны нумар ад Кацярыны Хмурчык.

У заключэнне анлайн-сустрэчы аднагодкі з розных краін разам выканалі традыцыйную святочную песню We wish you a Merry Christmas!. Міжкультурны дыялог школьнікаў аб’яднаў культуру еўрапейскіх і азіяцкіх краін, усталяваў і ўмацаваў міжнародныя сувязі, камунікацыйнае асяроддзе, пашырыў культурныя межы.

Вольга ГАЛАВАЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 2
імя М.П.Масонава Свіслачы.