Свяціце, зорачкі!

- 15:53Выхаванне, Рознае

“Маленькая зорачка” — менавіта так называецца традыцыйны фестываль дзіцячай творчасці, удзельнікамі якога з’яўляюцца выхаванцы дашкольных устаноў Маскоўскага раёна Мінска. Сёлета ён праходзіў ужо дзявяты раз.

Як адзначыла начальнік упраўлення адукацыі, спорту і турызму Маскоўскага раёна Ала Куніцкая, менавіта ў рамках гэтага фестывалю ў дашкалят ёсць магчымасць паспрабаваць свае сілы на сцэне, паказаць свае дасягненні ў галіне прыкладнога мастацтва, больш цесна пасябраваць.
На працягу некалькіх месяцаў у кожным дзіцячым садзе з выхаванцамі займаліся вопытныя педагогі — музычныя кіраўнікі, выхавальнікі, педагогі дадатковай адукацыі. Не засталіся раўнадушнымі і бацькі: яны афармлялі дэкарацыі, шылі касцюмы, рыхтавалі падарункі. У фінал выйшлі 22 установы з самымі цікавымі нумарамі. Сваё майстэрства юныя таленты прадэманстравалі ў розных намінацыях — вакальна-харавое і харэаграфічнае майстэрства, арыгінальны жанр, сумесная творчасць дзяцей і педагогаў.

Галоўным мерапрыемствам свята стаў гала-канцэрт, які быў прысвечаны Году гасціннасці. У актавай зале школы № 26 было шмат гасцей. Але, бадай, дзеці хваляваліся менш за ўсіх, выступалі ярка, прыгожа. Дашкаляты з дзіцячага сада № 453 у чырвона-зялёных касцюмах прадставілі харэаграфічную кампазіцыю “Няма другой такой” пра сваю Радзіму — Беларусь. Тэму працягнулі выхаванцы дзіцячага сада № 7 з вясёлым танцам. Прыгажосць і непаўторнасць надыходзячай вясны змаглі паказаць дзеці са 172-га садка. На вачах гледачоў на клумбе з’явіліся першыя прыгожыя кветкі і прачнуліся пасля зімы матылькі. Спадабаліся і іншыя нумары — “Падарожжа ў падводнае царства”, танец “Русалачка”.
Шматлікія гледачы змаглі таксама пабываць у казачнай краіне. Дзеці выходзілі на сцэну ў касцюмах гномаў, пчолак, кропелек вады, вясёлых нязнаек. Кожны ўдзельнік свята быў узнагароджаны дыпломам і памятным падарункам, а педагогі, якія рыхтавалі нумары, — ганаровымі граматамі ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму.

Яркай падзеяй фестывалю стала выстава “Гульня і цацка спартыўная”. Яе арганізатары прымеркавалі да чэмпіянату свету па хакеі, які адбудзецца ў сталіцы. Лялькі-марыянеткі, вялікія і маленькія роставыя лялькі, якія з’яўляюцца сімвалам спартыўнага свята, былі зроблены з самых разнастайных матэрыялаў. “Персанажы” прымалі ўдзел у вясёлых розыгрышах, дарылі гасцям сувеніры. А выхаванцы дзіцячай установы № 400 падрыхтавалі цікавы танцавальна-харэаграфічны нумар “Трус не играет в хоккей”.
Спадзяёмся, што маленькія зорачкі зрабілі на гэтай сцэне толькі свае першыя крокі. Хочацца, каб у далейшым яны сталі сапраўднымі зоркамі.

 

Святлана СТРУКАВА,
метадыст Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі.