Сябруюць факультэтамі

- 11:41Навіны рэгіёнаў

Дагавор аб супрацоўніцтве падпісалі факультэт матэматыкі і інфарматыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і механіка-матэматычны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В.Ламаносава.

Супрацоўніцтва факультэтаў мае шматгадовую гісторыю, яшчэ ў 60-х гадах мінулага стагоддзя гродзенскія навукоўцы пачалі прымаць удзел у семінарах і канферэнцыях МДУ.

Дэлегацыя механіка-матэматычнага факультэта сустрэлася з рэктарам ГрДУ імя Янкі Купалы Андрэем Каралём, дэканам факультэта матэматыкі і інфарматыкі Аленай Лівак, загадчыкамі кафедр, якія расказалі аб даследаваннях сваіх калектываў.

Як паведаміла Алена Мікалаеўна, абмяркоўваліся пытанні сумесных навуковых даследаванняў, дыстанцыйных форм навучання, стажыровак выкладчыкаў ГрДУ ў Маскоўскім універсітэце, публікацыі ў навуковых часопісах двух універсітэтаў, студэнцкія абмены.

Дагавор аб супрацоўніцтве падпісалі дэкан факультэта матэматыкі і інфарматыкі Алена Лівак і намеснік дэкана механіка-матэматычнага факультэта па навуковай рабоце Андрэй Шафарэвіч.

Маскоўскія навукоўцы прынялі ўдзел у семінары і сустрэліся з гродзенскімі навучэнцамі, якія наведваюць “Школу дакладных навук ГрДУ”.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.