Сябруюць гімназія і школа

- 11:52Навіны рэгіёнаў

Дагавор аб супрацоўніцтве паміж гімназіяй № 1 Астраўца і школай № 1 г.Сасновы Бор Ленінградскай вобласці быў падпісаны ў 2013 годзе. За гэты час адбылося шмат сумесных мерапрыемстваў і некалькі візітаў. У снежні наша гімназія чарговы раз сустракала гасцей з Расійскай Федэрацыі.

Дэлегацыю з Сасновага Бора цёпла віталі дырэктар гімназіі Алена Чаславаўна Севасцьян і гімназісты. Для гасцей была падрыхтавана насычаная праграма. Яны сустрэліся з на-меснікам старшыні Астравецкага райвыканкама Віктарам Збігневічам Свілам, які пазнаёміў іх з гісторыяй нашага горада, пабывалі ў Хатыні.

На працягу чатырох дзён школьнікі з Сасновага Бора жылі ў астравецкіх сем’ях, хадзілі на ўрокі, наведвалі ўстановы адукацыі раёна, семінары і пазакласныя мерапрыемствы, вечары дружбы і сумесныя канцэрты — словам, жылі жыццём беларускіх падлеткаў.

У адзін з дзён расійскіх школьнікаў сустракалі ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, дзе іх навучылі працаваць з саломкай. Дзякуючы майстру саломапляцення Валянціне Вільеўне Віннічак, дзеці навучыліся рабіць сувеніры-абярэгі.

Педагогі з сасноваборскай школы таксама актыўна ўключыліся ў адукацыйны працэс. Разам з адміністрацыяй гімназіі наведвалі ўрокі і мерапрыемствы ў межах метадычнай дэкады “Кампетэнтнасны падыход у адукацыі: ад тэорыі да практыкі”. Удзельнічалі ў майстар-класах і метадычным дыялогу, а таксама ў пасяджэнні раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры па тэме “Метады і сродкі арганізацыі кантрольна-ацэначнай дзейнасці на ўроках беларускай мовы і літаратуры”, што дало гасцям магчымасць лепш пазнаёміцца з сістэмай работы педагогаў не толькі гімназіі, але і раёна.

Сярод асноўных напрамкаў супрацоўніцтва гімназіі № 1 Астраўца і школы № 1 г. Сасновы Бор — вывучэнне асаблівасцей арганізацыі адукацыйнага працэсу ў Рэспубліцы Беларусь і Расійскай Федэрацыі, развіццё сацыяльнага партнёрства з прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый, культуры і ўстаноў дадатковай адукацыі; грамадзянска-патрыятычнае выхаванне на нацыянальных і этнакультурных традыцыях беларускага і рускага народа. Апошні візіт стаў яшчэ адным крокам на шляху рэалізацыі гэтага супрацоўніцтва.

Марыя ПАГАДА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Астраўца.