Сямейны круіз

- 10:42Навіны рэгіёнаў

У Цэнтры юных маракоў з флатыліяй Брэста вялікую ўвагу ўдзяляюць узаемадзеянню з бацькамі навучэнцаў. Педагогі ўстановы праводзяць шмат цікавых тэматычных мерапрыемстваў, дзе з вялікім задавальненнем удзельнічаюць мамы, таты і дзеці. Адно з іх нядаўна адбылося на базе гарадской дзіцячай бібліятэкі імя А.С.Пушкіна.

У конкурсна-гульнявой праграме “Сямейны круіз” удзельнічала шмат сямейных каманд, якія зусім не пашкадавалі, што прыйшлі на мерапрыемства, бо лічаць час, праведзены разам, надзвычай каштоўным. Удзельнікі праграмы спявалі, танцавалі, спаборнічалі ў інтэлектуальных турнірах і эстафетах. Але, бадай, самым цікавым момантам мерапрыемства стала інсцэніроўка казкі, падчас якой мамы і таты паказвалі творчыя здольнасці. Смех у зале не змаўкаў.

Не засталіся ў баку ад мерапрыемства і навучэнцы цэнтра, якія падрыхтавалі для бацькоў некалькі канцэртных нумароў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.