Сямейнае свята

“Лепш няма на свеце — тата, мама, дзеці”, — гучала са сцэны Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра падчас фіналу ІІ Рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года”. Так, крыху перайначыўшы словы вядомай песні, спявалі ўдзельнікі адной з сямейных каманд-фіналістак. Усяго іх было сем — па адной з кожнай вобласці Беларусі і Мінска. Кожная сям’я прайшла рэгіянальны адбор, так што кожная ўжо стала пераможцай.

Давайце ж пазнаёмімся з гэтымі мнагадзетнымі сем’ямі, бо ў ІІ Рэспубліканскім конкурсе ўдзельнічалі выключна мнагадзетныя сем’і. І знаёміцца будзем у тым парадку, у якім фіналісты выходзілі на сцэну, спачатку ў конкурсе візітовак, потым — у конкурсе на лепшы сацыяльны праект “Мая сям’я — мая краіна”.
Сям’я брэстаўчан Лысых — гэта бацька Валерый Паўлавіч, які працуе правільшчыкам на прадпрыемстве “Гефест-тэхніка”, маці Анжэла Іванаўна, якая ўзначальвае жыллёва-будаўнічы кааператыў, і чацвёра дзяцей. Старэйшы сын дзесяцікласнік Віталь, шасцікласніца Ангеліна і малодшыя дзяўчынкі Аня ды Каця трымаліся на сцэне тэатра музкамедыі вельмі ўпэўнена. Ды і нядзіўна, бо ў кожнага з іх за плячыма ўласныя перамогі, вялікія і маленькія. Напрыклад, турніры Віталя па хакеі ў Чэхіі, Славеніі, Латвіі або дыплом І ступені Ангеліны за ўдзел у V фестывалі дзіцячай творчасці “Краіна дзяцінства”.
Віцебшчыну прадстаўляла сям’я Ніканчук з Наваполацка. У Таццяны і Аляксандра трое дзетак: Марк, Насця і Софія. А бацькі калісьці разам вучыліся ў мастацкай школе, разам закончылі мастацкае вучылішча і таксама разам вучыліся на мастацка-графічным факультэце Віцебскага педагагічнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава. Зараз Аляксандр працуе ў “Нафтан-Сэрвісе”, распрацоўвае фірменны стыль прадпрыемства, стварае плакаты і г.д. Таццяна ж кіруе сямейным бізнесам — багетнай майстэрняй і невялікай крамай тавараў для хобі і творчасці.
Сям’я Дзятлавых прыехала з Гомельшчыны. Між іншым, Юлія Дзятлава наша калега — працуе ў газеце “Голас Веткаўшчыны”, Андрэй Дзятлаў — інжынер па водазабеспячэнні КЖУП “Веткаўскае”. З бацькамі на сцэне выступалі не толькі тры іх дачушкі — Дзіяна, Ульяна і Яна, але і бабуля з дзядулем і цётка Ганна. І гэта была не проста сям’я на сцэне, перад гледачамі выступіў сямейны ансамбль, які існуе ўжо некалькі гадоў.
А сям’я Канецкіх з Ваўкавыска Гродзенскай вобласці паставіла рэкорд конкурсу “Сям’я года” — у ёй 13 дзяцей. Гэта Ганна (дарэчы, педагог), Аляксей, Арсеній, Ангеліна, Ягор, Лізавета, Елісей, Вера, Люба, Таня, Света, Міхаіл і Веньямін. Як кажуць бацькі Валерый Міхайлавіч і Марына Дзянісаўна, сумна жыць адным, а вялікая сям’я — гэта шчасце.
Мінскую вобласць прадставіла сям’я Харланчук-Южаковых. Яе галава Павел Харланчук — вядомы акцёр тэатра і кіно, рэжысёр і, канечне, бацька чатырох дзяцей. Гэта Піліп, Адэля, Івона і Аліва. А хутка, дакладней, літаральна гэтымі днямі, у сям’і з’явіцца пятае дзіця. Тым не менш мама Ганна выходзіла на сцэну, падтрымліваючы сваю сям’ю. Яна, між іншым, таксама мае акцёрскую адукацыю.
Мінчане Каласоўскія выхоўваюць чатырох дзяцей — Маргарыту (яна ўжо студэнтка), Алега, Платона і Софію, якая яшчэ ходзіць у дзіцячы садок. Маці Вольга Эдуардаўна рэжысёр масавых свят, заснавальніца дзіцячай творчай карпарацыі “Кіндэрлэнд”, аўтар серыі кніг “Вольны час, гульні, забавы”, завадатар яшчэ некалькіх цікавых праектаў. І бацьку Дзмітрыю Валер’евічу ўдаецца многае: ён, маючы фізіка-матэматычную адукацыю, кіруе саліднай кампаніяй, а таксама ўласным тэатрам роставых лялек.
І, нарэшце, з Магілёва на фінал прыехала сям’я Бядуліных. Гэта Мікалай Уладзіміравіч — майстар аварыйна-дыспетчарскай службы Магілёўскага раённага вытворчага ўпраўлення газавай гаспадаркі, а з параўнальна нядаўняга часу яшчэ і студэнт Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, яго жонка Ірына — начальнік участка ў ААТ “Хімвалакно”, дочкі Таццяна — настаўніца хіміі, біялогіі і геаграфіі ў Чавусах, Настасся — студэнтка Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, сыны — школьнікі Сярожа і Юра. Ну а малодшаму Сашу толькі два гады.
Вось гэтыя цудоўныя сем’і і склалі фінал рэспубліканскага конкурсу. А адкрыў яго намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусі Анатоль Афанасьевіч Тозік, старшыня аргкамітэта, які сказаў: “Я думаю, што гэта самы кранальны, самы прыгожы, самы душэўны, самы хвалюючы конкурс з усіх, якія мы праводзім у нашай краіне. Сям’я, дзеці, дом — гэта тое, без чаго чалавек не можа быць шчаслівым, тое, без чаго ён не можа рэалізаваць свой патэнцыял”.
Журы конкурсу ўзначаліла старшыня праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, старшыня Беларускага саюза жанчын Надзея Андрэеўна Ермакова. У склад журы таксама ўвайшлі першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Ігар Анатольевіч Рачкоўскі, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя Уладзіміра Мулявіна дзяржансамбля “Песняры” Святлана Адамаўна Стацэнка, намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Аляксеевіч Румак, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Святлана Іванаўна Сухавей, генеральны дырэктар аб’яднання “Камунарка” Іван Іванавіч Данчанка, генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Іванавіч Пракапцоў і народны артыст Рэспублікі Беларусь мастацкі кіраўнік ансамбля “Сябры” Анатоль Іванавіч Ярмоленка.
Агульнае кіраўніцтва конкурсам ажыццяўляла Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, партнёрамі сталі Беларускі саюз жанчын, міністэрствы адукацыі, культуры, інфармацыі, аблвыканкамы, Мінскі гарвыканкам, грамадскія аб’яднанні і міжнародныя арганізацыі.
Падчас выступлення канкурсанты паспелі шмат расказаць і пра сябе, і пра свае дамы, і пра свае гарады, і пра нашу краіну. І расказаць, і спець, і патанцаваць, і нават разыграць цэлыя спектаклі. А ў глядзельнай зале іх падтрымлівалі сябры і родныя, бо за кожную каманду актыўна хварэлі іх землякі, якія спецыяльна прыехалі ў Мінск. У зале, як і на сцэне, было шмат дзяцей, нават зусім маленькіх. Яшчэ прыемна ўразіла тое, што гучала шмат беларускай мовы — многія сем’і стварылі свае спектаклі менавіта на роднай мове. Дарэчы, канкурсанты з’ехаліся ў сталіцу за некалькі дзён да фіналу: паспелі не толькі парэпеціраваць, але і наведаць цырк і дэльфінарый.
Але вось мы і дабраліся да фіналу. Трэцяе месца заняла сям’я Харланчук-Южаковых з Мінскай вобласці, другое — Канецкіх з Гродзеншчыны, першае — сям’я Ніканчук з Віцебскай вобласці, усім лаўрэатам уручылі і дыпломы, і грашовыя прэміі. Канецкія, акрамя таго, атрымалі дыплом Беларускага саюза жанчын за годнае выхаванне дзяцей і ўклад у паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне. Прычым дыплом атрымаўся імправізаваны, ідэя яго ўручэння нарадзілася падчас фіналу, настолькі вялікая сям’я з Ваўкавыска ўразіла журы ды і ўсіх прысутных. Астатнія сем’і атрымалі дыпломы ўдзельнікаў фіналу, а ўсе фіналісты — шмат падарункаў і шчодрыя апладысменты гледачоў. Бо, як сказала міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Акіндзінаўна Шчоткіна, на сцэне былі лепшыя сем’і краіны.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.