Настаўнік — прафесія далёкага дзеяння, галоўная на Зямлі. У яго руках — мінулае, сучаснасць і будучыня. Сям’я — пачатак усіх шляхоў. Менавіта з яе пачынаецца жыццё чалавека, тут праходзіць яго станаўленне як асобы. Сям’я — выток любові, павагі і салідарнасці, тое, на чым будуецца любое цывілізаванае грамадства, без чаго не можа існаваць чалавек. Поспеху можна дасягнуць толькі тады, калі настаўнікі і бацькі стануць саюзнікамі, калі іх сумесныя дзеянні будуць накіраваны на інтарэсы асобы дзіцяці.
Наша невялікая сярэдняя школа размешчана на тэрыторыі аграгарадка Прудок Мазырскага раёна Гомельскай вобласці. За доўгія гады работы ў дзіцячым калектыве мы вызначылі, на наш погляд, вельмі дзейсны і правільны кірунак у выхаванні падрастаючага пакалення: выхаванне дзіцяці пачынаецца з сям’і, і поспех гэтага выхавання ў многім залежыць ад ладу жыцця дарослых. Ідэя стварэння клуба выхаднога дня з удзелам бацькоў узнікла даўно, але рэалізаваць задумку атрымалася толькі зараз, сумеснымі намаганнямі ўсяго калектыву. Першым мерапрыемствам стала спартыўная эстафета “Мая сям’я — мой гонар!”. На запрашэнне паўдзельнічаць у спартыўным свяце адгукнуліся пяць сем’яў: Саган, Абрамавы, Бурак, Васкевіч, Несцярэнка. Папярэдне бацькам было прапанавана запоўніць анкеты аб сваёй сям’і, адабраць лепшыя фотаздымкі з сямейнага альбома (ужо на падрыхтоўчым этапе многія з бацькоў з сорамам прызналіся, што вельмі даўно не зазіралі ў сямейны архіў). Нашы канкурсанты атрымалі дамашняе заданне — прэзентаваць эмблему сям’і, дэвіз, падрыхтаваць творчыя работы ў выглядзе вырабаў з прыроднага матэрыялу, якія адлюстравалі б узаемаадносіны, адчуванні, эмоцыі.
Аб’ява пра свята з хуткасцю абляцела наваколле, таму і гледачоў было шмат, і на працягу ўсяго спаборніцтва вялікую эмацыянальную падтрымку даваў зал: родныя, блізкія, сябры. Паўзы паміж конкурсамі запоўнілі ўдзельнікі дзіцячага музычнага калектыву Прудкоўскай сярэдняй школы “Спяваем разам”. Напрыканцы свята адбылося сумеснае чаяванне, дзе ўдзельнікі падзяліліся сваімі ўражаннямі і хваляваннямі.
— Цудоўнае свята! Дзякуй за цёплую сяброўскую сустрэчу, за магчымасць паўдзельнічаць у школьным жыцці дзяцей, за эмоцыі, атрыманыя ад мерапрыемства! З задавальненнем наведаемся да вас зноў! — падзялілася ўражаннямі сям’я Абрамавых.
Гэтыя словы сталі для нашага калектыву своеасаблівым стымулам і арыенцірам у развіцці кірунку. Ужо праз месяц разам з выканаўчым камітэтам Прудкоўскага сельскага Савета, спартыўным клубам “Ураджай”, бацькамі, навучэнцамі і педагогамі Прудкоўскай сярэдняй школы адбылося яшчэ адно мерапрыемства ў рамках клуба выхаднога дня — “Тата, мама, я — спартыўная сям’я!”. Хваляванне і спаборніцтва адышлі на другі план, паколькі мэта клуба “Сямейны ачаг” — сумесны адпачынак, пазітыўныя эмоцыі, актыўнае правядзенне вольнага часу. Акрамя пазітыўных эмоцый, усе ўдзельнікі сямейнага свята атрымалі памятныя прызы і падарункі, а самыя маленькія — салодкія прысмакі ад сельскага выканаўчага камітэта.
У выхаваўчай рабоце калектыў нашай школы выкарыстоўвае разнастайныя кірункі ўзаемадзеяння сям’і і школы. Работа з бацькамі заўсёды лічылася адной з самых цяжкіх у педагагічнай дзейнасці. Поспех узаемадзеяння сям’і і школы дасягаецца дзякуючы педагагічнаму такту і этыцы ўзаемаадносін, педагагічнай падрыхтаванасці бацькоў і ўзроўню іх культуры, уменню бачыць цяжкасці ва ўзаемаадносінах паміж членамі сваёй сям’і.
Адміністрацыя, калектыў Прудкоўскай сярэдняй школы выказваюць падзяку ўсім сем’ям, якія прымаюць удзел у жыцці школы, дапамагаюць увасобіць у рэальнасць займальныя задумкі творчых педагогаў.
Галіна ЛЯХАВЕЦ,
настаўніца музыкі;
Таццяна МАСЦІЧ,
намеснік дырэктара Прудкоўскай сярэдняй школы Мазырскага раёна.