Сяргей Бараноўскі: «Маё жыццёвае крэда можна сфармуляваць так — «Спазнай сябе праз пазнанне свету»

- 11:27Учитель года

Пра сучасную школу, рамантыку і дакладны разлік у жыцці пагутарылі з пераможцам абласнога этапу конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” Сяргеем Бараноўскім, які выкладае матэматыку ў сярэдняй школе № 15 Наваполацка.

— Праўда, што вы разам з выпускнікамі здавалі цэнтралізаванае тэсціраванне па сваім прадмеце?

— Прычым некалькі разоў. Проста адна справа — разбіраць і тлумачыць заданні са зборнікаў, хаця і тут карысць несумненная. Зусім іншае — далучыцца да вучняў, каб з імі праверыць уласныя веды. У кожнага з калег сваё меркаванне, ці патрэбна такое. Сам я зыходзіў з таго, што неабходна. Прыгадваючы крылатае сura te ipsum: як можна навучыць паспяхова здаваць важны іспыт, калі ў цябе няма падобнага вопыту?!

— Які атрымалі вынік?

— Першы раз звыш 90 балаў: добра для выпускніка, аднак недастаткова для настаўніка. Зноў пайшоў, і яшчэ. Балы штораз падрасталі. Аднак я паставіў перад сабой найвышэйшую планку, таму спробы не спыняў. У 2019 годзе здаў ЦТ на 100 балаў. Дасягнуў мэты, больш пакуль не хаджу. 

— Вы ў школе, напэўна, вучыліся на выдатна?

— Так, мяркуючы па атэстаце.(Усміхаецца.) Шчыра прызнацца, бягучыя тройкі і нават двойкі здараліся. Помню, у 10 класе ўсе напісалі кантрольны зрэз па біялогіі на добра ці выдатна — тады дзейнічала пяцібальная сістэма. Мы з аднакласніцай, якая таксама ішла на медаль, здавалі работы з упэўненасцю ў сваіх пяцёрках, але атрымалі па тройцы. Крыўдна было, словамі не перадаць, бо памылкі дапусцілі ў элементарным. 

— Што робіце на занятках, калі ў аналагічную сітуацыю трапляе школьнік?

— Асабіста мяне адмоўныя моманты ў жыцці стымулююць да развіцця. А ў цэлым падобная сітуацыя можа здарыцца даволі лёгка. Дзеці, якія выдатна ведаюць прадмет, звычайна адразу канцэнтруюцца на складаных заданнях — яны ж цікавейшыя! Паспяхова спраўляюцца, аднак пры гэтым час ад часу дапускаюць прык­рыя памылкі. Магчыма, з-за самаўпэўненасці: не звяртаюць увагу на простыя заданні. Ці дзесьці псіхалагічна не настроена дзіця. Калі ўсё ж такі мой вучань зрабіў памылку, я зыходжу ў далейшым з ведання яго індывідуальных асаблівасцей, характару. Моцны справіцца самастойна, са слабейшым у ведах папрацуем ра­зам. Або арганізоўваю работу ў групах, каб дапамаглі аднакласнікі, — так дасягаецца яшчэ лепшы эфект. 

— Вы для вучняў найчасцей строгі настаўнік, вядучы ў камандзе ці сябар?

— Хутчэй другое, аднак па-рознаму здараецца, у залежнасці ад сітуацыі. Сябар таксама можа быць строгім. Было б над­звычай некамфортна працаваць, калі б мае вучні мяне баяліся. Разам з тым заслу­жыць іх павагу неабходна, інакш які з цябе настаўнік?! Акрамя ведання прадмета, псіхалогіі і методыкі выкладання, мае складнікі поспеху ў рабоце — аб’ектыў­насць, давер, тактоўнасць, пачуццё гумару. Па форме — сістэма, якая грунтуецца на дакладным разліку, строгім планаванні, але абавязкова прадугледжвае імправізацыю. Нашы вучні растуць, мы развіваемся. Таму з часам, па-за школьнай прасторай, пры супадзенні ўмоў і інтарэсаў узаемаадносіны могуць выйсці на якасна новы ўзровень. Адзін з маіх даўніх і блізкіх сяброў — мой былы вучань. Каля 10 гадоў назад я ў яго выкладаў інфарматыку. Мы з ім, дарэчы, кожнае лета падарожнічаем па Беларусі.

— Далёка? Пешшу або на аўто?

— Аднойчы на веласіпедах са Ждановіч праз Стоўбцы, Мір, Нясвіж 140 кіламетраў за дзень накруцілі ў ахвоту, спадабалася. Наступным разам сабраліся ў больш працяглае падарожжа. Са сталіцы — праз Паставы, на Глыбокае, і, вяртаючыся, яшчэ 5—6 кіламетраў пакружылі ля Мінскага мора, каб на спідометры красавалася лічба 500. Потым былі падарожжы па Палессі на 1000 кіламетраў, з Полацка на Асвейскае возера — маршруты штораз розныя. Матэрыялы з вандровак выкарыстоўваю на ўроках: мая фірменная фішка. Увогуле, імкнуся напаўняць змест заняткаў практыка-арыентаванымі заданнямі. Умоўна кажучы, прапаную разлі­чыць, колькі часу спатрэбіцца караблю на плаванне ці турыстам на падарожжа. Або на мясцовасці ў садзе трэба разбіць клумбу пэўнай формы, колеру і вызначыць, як зручней пракласці дарожкі, каб было прыгожа і рацыянальна.

— Вашы адносіны да спісвання і шпаргалак: жорстка караеце?

— Сам быў грэшны. У школьныя, студэнцкія гады мне нярэдка даводзілася даваць сябрам спісваць. Хваліцца няма чым, пра маральны бок пытання мы тады асабліва не задумваліся. Затое ведаю многія хітрыкі. Уважліва сачу на занятках за дзецьмі. Ясна бачу, калі хтосьці вырашае змухляваць. Падыходжу і ціхенька яму: “Спыніся, не трэба”. Звычайна такога папярэджання дастаткова. Як настаўнік прымаю сігнал, што ў вучня прабел у ведах. Трэба разабрацца, чым гэта выклікана — асабістымі, сямейнымі прычынамі, звычайнай лянотай — і, магчыма, папрацаваць індывідуальна. Выпадкаў са шпаргалкамі ў мяне нямнога здараецца. Не вітаю такую творчасць, але, прызнацца, не настроены катэгарычна супраць іх напісання, бо ў працэсе структуруюцца веды, вылучаецца самае істотнае, коратка занатоўваецца вялікі аб’ём матэрыялу, запамінаецца глыбей, паўтараць зручна. Заўважу на перапынку — папрашу паглядзець. І замест чаканага вучнем ушчування магу часам пахваліць: можа, так будучы аўтар новага падручніка па прадмеце сябе праяўляе. (Усміхаецца.) Параю ў сшытак перанесці, захаваць вынік працы. Галоўнае — прасачыць, каб прадпрымальныя дзеткі карысталіся сваімі “самадапаможнікамі” па-за межамі вучэбных заняткаў.

— З якімі дзецьмі цікавей працаваць: з яршыстымі ці паслухмянымі?

— Не з ціхімі і пасіўнымі. Стараюся такіх заахвоціць да працы. Здзівіць, знайсці нешта, каб загарэліся вочы. З яршыстымі таксама хутчэй не. Гаворка не пра дысцыпліну — гэта вырашальна. Аднак у іх, як правіла, увага рассеяная, трэба і тое, і тое адначасова, што не лепшым чынам адбіваецца на выніку. Заўсёды вельмі матывуе работа з вучнямі таленавітымі і схільнымі да сістэмнага вывучэння прадмета. У выпускным класе ёсць дзяўчына, якая можа падысці ў чацвер са сшыткам, запытацца: “Разбіралася дома і заўважыла, што вось гэты момант урока ў панядзелак мне недастаткова зразумелы. Патлумачце, калі ласка”. Яна скрупулёзна абдумвае, па некалькі разоў прапускае праз сябе кожны этап заняткаў, кожнае заданне з аналагічнымі прыкладамі. Менавіта такія дзеці, здараецца, задаюць пытанне, на якое і мне бывае цяжка адка­заць.

— Што тады робіце?

— Не саромеюся ў гэтым прызнацца перад класам. Мы каманда, выклік кінуты — пачынаем шукаць рашэнне ра­зам. Часцей не на ўроку, бо запланаваны матэрыял трэба разабраць. Затое дома грунтоўна падумаем. Абменьваемся ідэямі ў Telegram, дзе створана свая група. Зразумела, я хутчэй знаходжу адказ. Але не спяшаюся паведаміць яго вучням, толькі неўпрыкмет накіроўваю пошук. Урэшце штосьці атрымліваецца: мы малайцы! Пашырэнню і замацаванню ведаў, матывацыі да вывучэння прадмета падобныя матэматычныя прыгоды спрыяюць цудоўна. Часам варта справакаваць аналагічную сітуацыю. Толькі асцярожна: калі дзеці адчуюць фальш, замест карысці будзе шкода. І, канечне ж, зрэдку, у парадку выключэння. Таму што, з аднаго боку, настаўнік — жывы чалавек, які не можа ведаць усё. Разам з тым ён павінен мець бездакорны прафесійны аўтарытэт, калі вучні цвёрда ўпэўнены: сваім прадметам педагог валодае выдатна.

— Тут выразна прасочваюцца элементы гульні. Часта выкарыстоўваеце яе на ўроках?

— Адна з маіх педагагічных тэм, па якіх працую, “Матэматычная гульня як сродак фарміравання вучэбна-пазнавальных кампетэнцый вучняў на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі”. Гульня ні ў якім разе не замяняе класічныя формы і метады навучання, але яна рацыянальна іх дапаўняе. У выніку больш эфектыўна дасягаюцца мэты і задачы канкрэтных заняткаў. Павышаецца матывацыя да вывучэння прадмета і самаацэнка, фарміруюцца лідарскія якасці і ўменне дзейнічаць у камандзе, расце пазнавальная актыўнасць дзяцей.

Ніколі не разумеў тых, хто школу параўноўвае з канвеерам: штораз адны і тыя ж тэмы, вучні, пытанні, тлумачэнні ад званка да званка. Для мяне тут кожны дзень як першы, бо не ведаеш, што цябе чакае.

— Навошта настаўніку пераўвасабляцца на ўроку ў Дзеда Мароза ці добрага чараўніка?

— Чаму б не парадаваць дзяцей нечаканым сюрпрызам? Хаця з’яўленне ў вобразе Дзеда Мароза, можна сказаць, ужо школьная традыцыя. Практыкую гэта на адным з апошніх урокаў другой чвэрці, напярэдадні Новага года, калі дзецям вельмі хочацца свята, цудаў і весялосці. Вяду заняткі ў парадным навагоднім адзен­ні, за ўдалае рашэнне задачы частую цукеркамі.

— Вы цікавіцеся паэзіяй і пішаце вершы. Як у матэматыка нараджаюцца вершаваныя радкі?

— Звычайна па натхненні. Свае першыя пробы пяра ў другім класе я адпраўляў у дзіцячыя ўсесаюзныя газеты. Чытаў ветлівыя адказы: “Мілы сябар, мы вельмі рады, што ты захапляешся паэзіяй, але…” Карацей, вершы сырыя, іх друкаваць рана. Было непрыемна, закінуў тую справу. Потым у 8 класе па рускай мове мы пісалі невялікае сачыненне. Зноў нешта ў свядомасці пераключылася, і маё “Падарожжа па краіне Граматыка” атрымалася ў вершаванай форме. Ва ўніверсітэце выкладчык філасофіі Павел Васільевіч Кікель практыкаваў нестандартны падыход да дамашніх заданняў. Да кожных заняткаў нам прапаноўвалася прыдумаць верш на пэўную тэму. Напрыклад, “Маё быццё”. Студэнцкі вопыт значна паспрыяў авалоданню вершаванай формай. З таго часу пішу паціху і на рускай, і на беларускай мовах. Бывае, з нейкай нагоды: да конкурсу, дня нараджэння каго-не­будзь з сяброў. А бывае, на душы зашчэміць. Настрою няма, але нешта на сэрцы не дае спакою, і стараешся гэта выказаць у вершах. Маё жыццёвае крэда можна сфармуляваць так: “Спазнай сябе праз пазнанне свету”. Вершаскладанне — таксама дзейсны спосаб.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара