Сяргей Чудзілоўскі: «Мая роля — быць правадніком для дзяцей у свет бясконцых ведаў»

- 17:29Учитель года

Настаўнік біялогіі сярэдняй школы № 53 Мінска фіналіст конкурсу “Настаўнік года” Сяргей Чудзілоўскі называе сябе фанатам біялогіі і сапраўдным батанікам. Ён упэўнены, што толькі захоплены сваім прадметам педагог можа зацікавіць дзяцей. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Любоў да прыроды ў мяне сфарміравалася з дзяцінства, — расказвае суразмоўнік. — Я вырас у вёсцы Наваполле Пухавіцкага раёна, дзе скончыў Грабенскую сярэднюю школу. З ранніх гадоў дапамагаў маме па гаспадарцы, асабліва любіў працаваць на зямлі, вырошч­ваць агародніну і кветкі. І сёння гэта маё хобі: у кабінеце біялогіі ў школе і на дачы ў мяне сапраўдныя райскія сады. Вучылі мяне педагогі з вялікай літары, якія трымалі высокую прафесійную планку. Біялогію выкладаў малады, актыўны педагог Аляксандр Міхайлавіч Каралёў, які ўмеў зацікавіць сваім прадметам, я нават на раённыя алімпіяды ездзіў.

Скончыў школу Сяргей Чу­дзілоўскі з сярэбраным медалём, здаў на выдатна адзін уступны экзамен і стаў студэнтам факультэта прыродазнаўства педінстытута імя А.М.Горкага. У педагогіку пайшоў свядома. У сям’і Сяргея Міхайлавіча былі настаўнікі. Да таго ж у дзяцінстве мой суразмоўнік любіў гуляць з малодшымі сёстрамі ў школу. Пасля ўніверсітэта працаваў у розных школах Савецкага раёна Мінска, мае пяцігадовы вопыт работы дырэктарам установы. У сярэднюю школу № 53 прыйшоў у 2015 годзе.

— Мне цікава на сваіх уроках, — прызнаецца Сяргей Міхайлавіч. — Для мяне гэта асноўны крытэрый прафесійнага майстэрства. Калі педагог адносіцца да работы як да руціны, з урока ва ўрок дае сухую інфармацыю з падручніка, жыве па прынцыпе “абы дзень да вечара”, то і ў дзяцей не ўзнікне цікавасці і жадання вучыцца. І наадварот, калі настаўнік неабыякавы, у яго ёсць значны багаж ведаў, які ён увесь час папаўняе, займаецца з дзецьмі дадаткова, дзеліцца сучаснай інфармацыяй, раіць карысныя кнігі, то і вынік будзе зусім іншы.

Як падтрымліваць цікавасць вучняў да прадмета? Ёсць два шляхі: расказваць ім мноства цікавых фактаў і загружаць работай. Калі вучыцца расслаблена, нічога не атрымаецца. Некаторыя ма­юць першапачаткова няправільную ўстаноўку, якую ў іх фарміру­юць бацькі: маўляў, што там складанага вучыць біялогію, адны песцікі і тычынкі. Калі я бачу павярхоўнае стаўленне да біялогіі, калі хтосьці спрабуе няўдала пра гэта жарта­ваць, я не маўчу, даказваю, што біялогія насамрэч вельмі сур’ёзная навука, часта сухая і сумная, і яе можна вывучыць, калі прыкласці максімум намаганняў. Мая пазіцыя такая: біялогія альбо ідзе ў вучня, альбо ён папросту гультай.

Дзеці атрымліваюць ад Сяргея Міхайлавіча заданні і самі вырашаюць, на якім узроўні ў іх выкананні спыніцца. Камусьці дастаткова мінімуму. Убачыўшы такі падыход, настаўнік прапаноўвае вучню паспрабаваць зрабіць больш, даць поўныя і аргументаваныя адказы на пытанні. Кагосьці даво­дзіцца літаральна сілай цягнуць да лепшага выніку, падштурхоў­ваць да самаразвіцця, за што потым вучні ўдзячны Сяргею Міхайлавічу.

Ёсць дзеці, якім складана даецца біялогія, яны не выдатнікі, але вельмі імкнуцца вучыцца, каб паступіць на спецыяльнасці адпаведнага профілю. І такіх вучняў варта падтрымаць, не падразаць крылы. Нават калі ў іх максімум будзе 7 балаў па біялогіі, але яны падняліся з 4—5 балаў, гэта поспех. Ёсць настаўнікі, якія працуюць на здольных вучняў і прыво­дзяць іх да перамог на алімпіядах і конкурсах, часам нават высокага ўзроўню. Але пры гэтым яны не заўважа­юць сярэдняга і адстаючага вучня, якому патрэбна дапамога. ­Сяргей Міхайлавіч працуе з усімі і з кожным паасобку. Што тычыцца дасягненняў, то яны ў яго вучняў ёсць. Гэта штогадовыя перамогі на раённых этапах: Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі, гарадской канферэнцыі даследчых работ вучняў па біялогіі, гарадскога конкурсу навукова-даследчых работ і праектаў па экалогіі, завочна-вочнага турніру юных эколагаў Мінска для навучэнцаў 8-х класаў. Лізавета Родзічава некалькі гадоў назад атрымала дыплом II ступені рэспубліканскай экалагічнай акцыі “Сцяжынкамі Бацькаўшчыны” ў намінацыі “Юны эколаг”.

 У зносінах з вучнямі Сяргей Міхайлавіч прытрымліваецца педагогікі супрацоўніцтва. На яго ўроках пануе рабочая атмасфера. Дзеці могуць звярнуцца да настаўніка з любым пытаннем. Калі пытанне будзе цікавае, Сяргей Міхайлавіч можа так захапіцца адказам, што нават адыдзе ад асноўнай тэмы ўрока. Вядома, не на ўсе пытанні ў яго атрымаецца адразу даць вычарпальны адказ, усё ве­даць немагчыма. Тады педагог рыхтуецца да наступнага ўрока альбо дае гэта права вучням.

Сяргей Міхайлавіч чацвёрты год вядзе суполку “Біялогія па-за ўрокамі” ў сацыяльнай сетцы “УКантакце”. Сярод яго падпісчыкаў вучні 53-й школы Мінска і іншых школ і гімназій горада, выпускнікі, бацькі і педагогі з Беларусі і Расіі. Суполка дазволіла педагогу сфарміраваць анлайн-банк заданняў па біялогіі, звесці вялікі масіў у пэўную сістэму. Так у вучняў з’явілася магчымасць выканаць нешта дадатковае па тэме ўрока, азнаёміцца з цікавай інфармацыяй, абмеркаваць яе. Дзеці могуць знайсці тут дамашняе заданне або ідэі для таго, каб палепшыць сваю адзнаку. Педагогі таксама карыстаюцца заданнямі з суполкі. Большасць з іх не аўтарскія, але перапрацаваныя, адаптаваныя пад дзеючую вучэбную праграму, узровень навучанасці дзяцей, забяспечанасць кабінета.

— З адным і тым жа метадычным багажом у розныя класы не пойдзеш. Заўсёды шукаеш тое, што будзе ўспрынята канкрэтнымі вучнямі, — адзначае Сяргей Міхайлавіч. — Выкарыстоўваю ІКТ, групавую і парную работу, метад праектаў. Ёсць такія тэмы па біялогіі, калі стандартныя ўрокі будуць нецікавымі. Напрыклад, у 10 класе, калі вывучаюцца тэмы па экалогіі. І тады мы ладзім марафон праектаў, калі не я вяду ўрок, а дзеці рыхтуюць выступленні і прэзентацыі, часта сумесныя, а затым абмяркоўваюць іх з аднакласнікамі. У працэсе такой работы вучні не толькі засвойваюць матэрыял па прадмеце, але і вучацца працаваць з інфармацыяй, дамаўляцца паміж сабой, размяркоўваць абавязкі, правільна і прыгожа гава­рыць, прэзентаваць сябе. Усе гэтыя навыкі спатрэбяцца ім у штодзённым жыцці.

Наяўнасць мультыборда ў класе і выхаду ў інтэрнэт дазваляе мне сумесна з вучнямі ствараць прэзентацыі. Пры гэтым я дакладна акрэсліваю крытэрыі, якім павінна адпавядаць такое выступленне. Галоўнае, каб агучаная дадатковая інфармацыя па тэме была цікавай, паведамленне доўжылася 2—3 мінуты, дзіця не чытала, а расказвала сваімі словамі з поўным разуменнем тэмы. Часам вучні звяртаюцца да складаных тэрмінаў, але пры гэтым яны павінны прадэманстраваць поўнае іх разуменне, даць азначэнне. 

Некаторыя вучні просяць педагога падрыхтаваць рэферат. Але ён не вітае такую форму, бо часта гэта проста ўзятыя з інтэрнэту гатовыя тэксты. Дарэчы, апошнім часам дзеці выкарыстоўваюць для гэтага магчымасці штучнага інтэлекту. Рэфераты настаўнік прапаноўвае зрабіць толькі тым, хто слабы ў прадмеце, для іх гэта як выратавальная палачка для паляпшэння выніковай адзнакі.

Сёння Сяргей Міхайлавіч абагульняе педагагічны вопыт па выкарыстанні практыка-­арыентаваных заданняў для фарміравання прыродазнаўчанавуковай дасведчанасці вучняў 7—9 класаў. Летась ён прэзентаваў свае напрацоўкі на семінары-практыкуме “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця: ад навукі да практыкі” для настаўнікаў біялогіі і хіміі ўстаноў адукацыі Мінска.

Практыка-арыентаваныя заданні прадугледжваюць прымяненне ведаў, уменняў, навыкаў і спосабаў дзейнасці ў канкрэтных жыццёвых сітуацыях, што дазво­ліць дзецям у будучыні быць паспяховымі ў асабістым, прафесійным і грамадскім жыцці, прымаць абгрунтаваныя рашэнні ў сітуацыях з высокай ступенню нявызначанасці. Для вырашэння такіх задач недастаткова проста ведаць факты, законы і правілы. Трэба яшчэ ўмець іх выкарыстоўваць на практыцы. 

У метадычнай літаратуры і інтэрнэце прапануецца мноства практыка-арыентаваных заданняў. Яны, як правіла, занадта аб’ёмныя для таго, каб іх у поўнай меры прымяніць у рамках аднаго ўрока біялогіі. Настаўнік падбірае і адаптуе гэтыя заданні пад канкрэтныя мэты і задачы заняткаў, кантэкст, рэальны ўзровень навучанасці дзяцей. Пераўтварае іх пад сітуацыю, якую неабходна выра­шыць, вылучае па тэме біялагічныя факты, якія могуць быць выкарыстаны для гэтага. У ідэале такія заданні можна сканструяваць самому пад канкрэтную тэму, падабраўшы сітуацыю з жыцця або якога-небудзь віду дзейнасці.

Сяргей Міхайлавіч стварыў банк практыка-арыентаваных заданняў рознай накіраванасці: грамадзянска-патрыятычнай, экалагічнай, турыстычна-краязнаўчай, валеалагічнай, медыцынскай, даследчай, звязанай з тэхнікай і IT. Найбольшую цікавасць у вучняў выклікаюць заданні, якія дапамагаюць пазнаваць прыроду роднага краю, знаходзіць незвычайныя прыродныя, турыстычныя аб’екты ў Беларусі, прымаць правільныя рашэнні для вядзення здаровага ладу жыцця і прафілактыкі захворванняў, якія прадугледжа­юць правядзенне біялагічных даследаванняў і звязаны з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій.

У раздзеле “Абмеркаванні” суполкі “Біялогія па-за ўрокамі” можна азнаёміцца з практыка-арыентаванымі заданнямі.

Педагог шмат чытае, сочыць за развіццём біялагічнай навукі. Але пры падрыхтоўцы да заключнага этапу конкурсу “Настаўнік года” яго асноўныя настольныя кнігі — па педагогіцы. Зараз, напрыклад, Сяргей Міхайлавіч штудзіруе выданне “Майстэрства настаўніка. Правераныя методыкі выдатных выкладчыкаў”, якую напісаў Дуг Лемаў.

Галоўнае, з чым я іду на прафесійны конкурс, — гэта любоў да свайго прадмета і да прафесіі, — адзначае настаўнік. — Мне хочацца расказаць усім, што біялогія — вельмі цікавая навука, якая тлумачыць сутнасць нашага жыцця. Мая роля як педагога — быць правадніком для дзяцей у свет бясконцых ведаў, якія ўрэшце ім неабходна будзе навучыцца самастойна здабываць і прымяняць у жыцці.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара