Сяргей РУТЭНКА: “Увесь час жыццё ставіць у сітуацыю выбару”

- 11:33Моя школа

Крыху больш за год назад сённяшні герой рубрыкі “Мая школа” збянтэжыў гандбольных балельшчыкаў навіной пра завяршэнне спартыўнай кар’еры. Самы паспяховы гандбаліст Беларусі і ўладальнік мноства спартыўных тытулаў Сяргей Рутэнка за час спартыўнай кар’еры выступаў за каманды некалькіх еўрапейскіх краін і мае каштоўны вопыт, які, нягледзячы на сыход з гульнявой пляцоўкі, гатовы перадаваць маладому пакаленню гандбалістаў.


— Сяргей, раскажыце, калі ласка, адкуль вы родам?

— Я нарадзіўся пад Мінскам, потым бацькі на нейкі час пакінулі Беларусь — вырашылі з’ездзіць на заробкі ў Сібір, тым больш што гэта радзіма маёй маці і ў той час там жыла бабуля. Але да маіх 6 гадоў усе вярнуліся назад, і ў школу я пайшоў таксама тут, у пасёлку Прывольным. У гэтай школе я правучыўся 7 класаў.

— Якія ўспаміны ў вас засталіся са школьных часоў?

— Успаміны пра школьныя гады, відаць, ва ўсіх вельмі добрыя.

Я пайшоў у школу ў 6 гадоў, можна сказаць, у несвядомым узросце, таму асабліва не памятаю ні першага верасня, ні самой вучобы. Першы яркі ўспамін са школьных гадоў адносіцца да больш сталага ўзросту. Была ранняя вясна, а я, горды тым, што мяне прынялі ў піянеры, ішоў у расшпіленай куртцы, каб усе бачылі чырвоны гальштук на маёй шыі.

Колькі сябе памятаю, уся мая вучоба ў школе Прывольнага была звязана са спортам. Быў нават такі момант, калі я запісаўся ва ўсе магчымыя спартыўныя секцыі: барацьба, стальба, шашкі… (Смяецца.) Па-першае, энергіі было многа, а па-другое, мне гэта ўсё вельмі падабалася. Да таго ж пасёлак быў невялікі, мы ўсе ведалі адно аднаго і пастаянна разам бавілі час, гуляючы ў казакоў-разбойнікаў і іншыя рухавыя гульні.

— Спорт не перашкаджаў вучобе?

— Выдатнікам я не быў, але вучыўся добра. Усе трэніроўкі ў школе праходзілі пасля ўрокаў, ды і вучоба давалася лёгка, так што час на спорт быў заўсёды.

— Ці бывала, што выклікалі да дырэктара?

— Здаралася такое. Праблемы з паводзінамі ў мяне былі, як і ва ўсіх — куды ж было дзець тую невычэрпную энергію. Бацькі не ўшчувалі мяне за дрэнныя паводзіны, а знайшлі іншы сродак уздзеяння: стымулявалі да таго, каб адзнака за паводзіны была добрая.

Аднойчы, у 5 ці 6 класе, я вельмі не хацеў ехаць на прывычныя тады сельгасработы. Трэба было прыдумаць нешта, каб ад гэтага абавязку пазбавіцца. У першы ж дзень, як прыехалі на поле, здарыўся выпадак: я злавіў палёўку і закінуў яе за каўнер адной з дзяўчынак. Беднае дзяўчо спужалася і нарабіла крыку, але мэта была дасягнута — мяне тэрмінова адправілі дадому і больш на бульбу не бралі. Безумоўна, ганарыцца гэтым выпадкам зараз не варта, але што было, тое было.

А яшчэ напярэдадні выпускнога я ажыццявіў своеасаблівы акт самавыяўлення. У аднаго з гульцоў нашай гандбольнай каманды жонка працавала цырульнікам. Мы ся-дзелі разам, і я выказаў думку, што мне хочацца зрабіць нешта “гэтакае”. “Пафарбуйся”, — прапанавала мне дзяўчына (тады ў маладзёжным асяроддзі гэта было модна). Я пагадзіўся, але пасля таго як усё было завершана, вырашыў, што крыху перабраў: на маёй галаве валасы пафарбаваліся пераходамі чырвонага, зялёнага і жоўтага колераў. Настаўнікі на выпускным глядзелі на мяне з жахам і нават, як мне падалося, не хацелі ўручаць атэстат. А выпускнога вечара ў нас фактычна не было, бо на наступны дзень была чарговая трэніроўка — асабліва не разгуляешся.

— Заканчвалі вы ўжо іншую школу?

— Так. Гэта было ў тагачаснай 114-й школе са спартыўным ухілам. Клас быў цалкам хлапечым: наша гандбольная каманда і некалькі плыўцоў (дзяўчаты вучыліся ў іншым класе).

Калі я сёння размаўляю з тымі, хто вучыўся ў звычайных школах, разумею, што мы вучыліся, нібы на іншай планеце. Адрозненне найперш у тым, што ва ўсіх нас былі аднолькавыя інтарэсы, сярод якіх спорт стаяў на першым месцы. Па-другое, як гэта ні дзіўна, вучэбны працэс падладжваўся пад нас: ужо ў школьныя гады было шмат трэніровак і раз’ездаў, таму даводзілася прапускаць заняткі: мы ўсёй камандай выязджалі на спаборніцтвы, і клас выпадаў са школьнага раскладу. Але пасля вяртання ўсе разам наганялі вучэбную праграму — такая будова вучэбнага працэсу была аптымальнай (сур’ёзна гандболам я стаў займацца ў 7 класе і яшчэ ў старой школе зразумеў, што такое самастойна асвойваць прапушчанае падчас спаборніцтваў).

— Хто з настаўнікаў вам найбольш запомніўся?

— Выдатныя настаўнікі працавалі ў абедзвюх школах. У Прывольненскай школе такіх педагогаў было некалькі. Найперш гэта настаўніца англійскай мовы, якая заклала асновы вывучэння замежных моў і, відаць, несвядома паўплывала на маю цікавасць і здольнасць да іх. Сёння, акрамя рускай, беларускай і ўкраінскай, я размаўляю на пяці мовах: англійскай, іспанскай, славенскай, сербскай і крыху на нямецкай.

Наш настаўнік фізкультуры Аляксандр Іванавіч заўсёды казаў, што ў мяне ёсць шансы стаць вядомым спартсменам, але я да гэтага сур’ёзна не ставіўся. Была любоў да спорту, аднак пра вялікі спорт я тады не задумваўся. Безумоўна, былі моманты, калі я, напрыклад, адзін гуляў супраць усяго класа ў піянербол і выйграваў. Як бачыце, яго прароцтва збылося.

А вось наш класны кіраўнік, наадварот, імкнуўся адгаварыць мяне ад прафесійнага спорту. “У спартсменаў у нашай краіне часта няма будучыні”, — казаў ён, бо, сапраўды, у тыя часы са спортам у нас было не ўсё так гладка. Ён нават адгаворваў маю маці, прасіў, каб яна не аддавала мяне ў спартыўны клас. Але я быў настроены толькі на спорт, тым больш што з нашай секцыі толькі мяне адабралі ў гэты клас, ды і я шмат займаўся дзеля гэтага і з трэнерам, і самастойна.

У 114-й школе ўспрыманне рэчаіснасці было больш свядомае, але з-за шчыльнага турнірнага графіка на вучобу часу было мала. Шмат працавала маладых настаўніц, якім з намі, спартсменамі-хуліганамі, было вельмі няпроста. Нам заўсёды гаварылі, што мы самы горшы са спарткласаў за ўсю гісторыю школы, але потым я заўважыў, што так гаварылі кожнаму такому класу. (Смяецца.)

— Хто з вашых аднакласнікаў, як і вы, дасягнуў значных вынікаў у спорце?

— З маіх аднакласнікаў і гульцоў нашай каманды шмат хто пайшоў са спорту. У вялікім гандболе засталіся толькі, бадай, Міхаіл Няжура і Васіль Астроўскі. Той узровень адукацыі, які нам дала школа, дазволіў аднакласнікам уладкавацца ў жыцці, ды і настаўнікі ўвесь час падкрэслівалі, што не ўсе трапяць у вялікі спорт і адукацыя вельмі важная ў любым выпадку. Але многія ў той час гэтага не разумелі, эйфарыя ад трэніровак, раз’ездаў па краіне і за мяжой, спаборніцтваў і перамог не спрыяла ўсведамленню тагачаснай сітуацыі. Пагадзіцеся: у 15—16 гадоў мала хто думае пра будучыню.

— Ці сустракаецеся з аднакласнікамі?

— Пакуль была актыўная спартыўная кар’ера, гэта было немагчыма. Зусім нядаўна, у лютым, сустракаліся з аднакласнікамі па спартыўнай школе. Канечне, не ўсе змаглі прыйсці, але было вельмі прыемна ўсіх убачыць і ўспомніць школьныя гады. Ды і ўвогуле, асноўнае кола маіх кантактаў — гэта людзі са спорту.

— Як выбіралі далейшы прафесійный шлях пасля школы?

— Калі пасля заканчэння школы я паступаў у тагачасны Гуманітарна-эканамічны недзяржаўны інстытут, у мяне была магчымасць выбраць факультэт і спецыяльнасць. Усе мае аднагодкі ішлі на эканамістаў і юрыстаў, а я выбраў сацыяльную псіхалогію: асэнсоўваў, што ў мяне больш гуманітарны склад розуму. Выкладчыкі былі вельмі моцныя, яны мне потым казалі, што ў мяне ёсць схільнасць да псіхалогіі.

Увогуле, амаль увесь час жыццё ставіць у сітуацыю выбару: заўсёды сустракаюцца людзі, якія адгаворваюць мяне, але я сам прымаю рашэнне і выбіраю тое, што мне сапраўды падабаецца.

— Калі ў прафесійнай дзейнасці здараецца сітуацыя выбару, чым кіруецеся падчас прыняцця рашэння?

— У кожнага выбар адбываецца па-рознаму ў розны час. У выбары навучальнай установы пасля школы вялікую ролю адыграла спартыўная цікавасць. Спачатку я прыглядаўся да студэнцкіх спартыўных каманд і потым выбіраў ВНУ, з якой яны былі звязаны (не сакрэт, што ў студэнцкіх камандах шмат прафесійных гульцоў). У тым узросце гаворкі пра грошы не ішло, хаця, як і кожнаму, хацелася быць фінансава незалежным. Па гэтай прычыне падпрацоўваць я пачаў з 16 гадоў.

На жаль, з-за загружанасці скончыць інстытут не ўдалося (спыніўся на трэцім курсе), але зараз на гэта час з’явіўся. Сёння я разумею каштоўнасць ведаў і вырашыў, што, відаць, пачну ўсё спачатку — з першага курса. Азы былі закладзены, але каб стаць спецыялістам, веды трэба аднавіць і ўдасканаліць.

— Што падштурхнула стаць легіянерам?

— Маючы кантакты з рознымі гульцамі, бачыў вельмі шмат розных падыходаў ды выбару клуба і краіны для рэалізацыі сябе як спартсмена. Нехта ў якасці асновы разглядае фінансавы складнік — яму ўсё роўна, якая гэта будзе краіна і клуб. Іншы ўлічвае, акрамя грошай, камфортнасць знаходжання ў краіне, адкуль паступіла праанова.

Я вельмі хацеў трапіць у Германію. У той час нямецкая Бундэсліга была надзвычай моцнай і прэстыжнай. Але, добра разумеючы, што я вельмі малады і не магу “цягацца” з вядомымі спартсменамі, стаў шукаць стартавую пляцоўку. Мяне павінны былі заўважыць трэнеры вядомых буйных каманд. Як раз у той час паступіла прапанова са Славеніі, дзе дынамічна развіваўся гандбол. Славенскія клубы займалі топавыя пазіцыі ў еўрапейскіх рэйтынгах. Так я трапіў спачатку ў клуб “Гарэнье”. Пры пераездзе ў Славенію я асабліва не кіраваўся фінансавым складнікам (хаця, безумоўна, заработная плата была значна вышэйшай за тую, что мы тады атрымлівалі ў Беларусі). Галоўнае, каб мяне заўважылі.

Потым паступіла прапанова ад “Цэле” — топавага славенскага клуба (ён належаў вядомым у Славеніі піваварням “Лашко”), з якім я праз некалькі гадоў выйграў Лігу чэмпіёнаў Еўрапейскай федэрацыі гандбола. Ды і на Алімпійскіх гульнях 2004 года ў Афінах я выступаў таксама за зборную Славеніі.

Калі зарабіў сабе імя і атрымаў шэраг спартыўных тытулаў, я ўжо меў магчымасць выбіраць. На той момант маё ўспрыманне гандбола і ўвогуле жыцця змянілася, я перахацеў ехаць у Германію. Да таго ж у той час стаў павышацца ўзровень чэмпіянату Іспаніі. Ды і выбар іспанскага клуба адбываўся ў зусім іншых умовах: на той момант я ўжо быў жанаты. Канечне, мне было толькі 25 гадоў, але пэўныя жыццёвыя прыярытэты былі сфарміраваны. Колькасць крытэрыяў стала іншай, тым больш што мне быў важны выбар жонкі — ці захоча яна пераязджаць у іншую краіну.

Сёння, калі маладыя спартсмены просяць даць параду, я проста ім расказваю пра свой вопыт, а рашэнне кожны павінен прымаць самастойна.

У 2010 годзе перада мной зноў паўстаў выбар: працягваць гуляць за зборную Іспаніі ці вярнуцца ў Беларусь? З фінансавага і спартыўнага пункту погляду (у прыватнасці, выйграць медалі чэмпіянату свету і Алімпіяды) гульня ў Іспаніі давала больш магчымасцей, але я асэнсоўваў, што тут, у Беларусі, я быў патрэбны. Ды і на той момант спартыўная кар’ера дазваляла зрабіць выбар на карысць Беларусі.

Адзін з маіх аднаклубнікаў, які застаўся гуляць за іспанскую зборную і ў складзе каманды заваяваў тытул чэмпіёна Еўропы і свету, а таксама алімпійскі медаль, пасля пытаўся, ці не шкадую я, што вярнуўся ў Беларусь.

— Пэўны час спартыўнае грамадства лічыла вас ледзь не здраднікам. Чаму была такая няміласць?

— Нават сёння тыя, хто не ведае ўсёй сітуацыі, лічаць мяне здраднікам. Я ніколі не апраўдваўся, але калі ў мяне пра гэта пытаюцца, заўсёды расказваю, што і як адбывалася.

Пасля распаду СССР у беларускім гандболе (ды і ў спорце ўвогуле) быў поўны бардак. Прыязджаючы на зборы перад выступленнем за маладзёжную зборную Беларусі (дарэчы, у 2000 годзе на маладзёжным чэмпіянаце Еўропы мы сталі другімі), мы не ведалі, ці аплацяць нам білеты, ці выдадуць форму (часам даводзілася купляць яе за свае грошы, а потым здаваць, каб іншым спартсменам было ў чым гуляць). Але гэта не стала прычынай не гуляць за Беларусь.

У 2001 годзе з-за траўмы пляча ў мяне не атрымалася прыехаць на чарговыя зборы, і трэнеры палічылі мяне здраднікам — на тры гады мне забараняўся ўдзел у зборнай Беларусі. Якраз у гэты час да мяне звярнуліся славенцы з прапановай: “Калі ты не патрэбен Беларусі, магчыма, пагадзіўся б выступаць за нас?” Для мяне як для спартсмена гэта была вельмі цікавая прапанова, тым больш што размова ішла пра ўдзел у алімпійскім турніры. Але каб гуляць за зборную, мне неабходна было стаць грамадзянінам Славеніі. Адзінай маёй умовай было пакінуць беларускі пашпарт. Праз некаторы час я ўжо ўваходзіў у склад зборнай Славеніі.

Шмат дзе двайное грамадзянства забаронена, але амаль у кожнай краіне свету ёсць палажэнне, па якім чалавеку, які прадстаўляе інтарэсы краіны, у парадку выключэння можа быць дадзены дазвол на двайное грамадзянства, прычым такое рашэнне прымаецца на самым высокім узроўні. Нягледзячы на наяўнасць некалькіх пашпартоў (Беларусі, Славеніі і Іспаніі), я з’яўляюся грамадзянінам Беларусі і менавіта ім сябе найперш адчуваю.
Сёння Славенія для мяне — другі дом, бо гэтая краіна вельмі дапамагла мне ў спартыўным плане. Я жыў там з 18 гадоў.

Былі моманты, калі жонка Алёна абуралася, што ўсе адпачынкі мы праводзілі ў Беларусі замест таго, каб куды-небудзь з’ездзіць. (Смяецца.) А я інакш не мог: тут мая Радзіма, мае бацькі і сябры. Прыязджаючы, рэгулярна браў уд зел у дабрачыннай акцыі “Спартсмены — дзецям”.

Калі Беларускую федэрацыю гандбола ўзначаліў тагачасны Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Канаплёў, работа федэрацыі наладзілася, стала больш упарадкаванай. І калі пры асабістай сустрэчы ён запытаў, ці хачу я вярнуцца ў Беларусь, мой адказ быў станоўчы. Я з вялікім задавальненнем вярнуўся ў зборную. Мяне асабліва не цікавілі ўмовы, у якіх мы жылі. Я быў вельмі рады абараняць гонар сваёй краіны і бачыць хлопцаў, з якімі разам вучыўся і гуляў.

— Ваш брат Дзяніс пайшоў у спорт, гледзячы на вас?

— Безумоўна, нейкі штуршок з майго боку быў. У той час у мяне быў дастаткова шчыльны графік па трэніроўках і зборах, маці пастаянна прападала на рабоце, і Дзяніс часта заставаўся адзін. Я бачыў яго аднагодкаў, якія бадзяліся па двары без мэты і занятку, таму неяк прапанаваў брату пайсці са мной на трэніроўку.

З-за таго, што гэты від спорту вельмі кантактны, узроставыя межы ўваходжання ў гандбол вельмі высокія. Атрымліваецца, што ўсіх схільных да спорту хлопцаў разбіраюць у іншыя віды. Здарылася так, што, калі Дзяніс прыйшоў у секцыю, яго не хацелі браць па прычыне малога ўзросту, а да старэйшых хлопцаў ісці не было сэнсу. І мы з ім па выхадных пачалі “нелегальна” працаваць асобна. Я не сказаў бы, што яго трэніраваў, проста паўтараў тое, што калісьці рабілі трэнеры са мной. Паступова брата зацягнула, але, думаю, калі б у Дзяніса не было жадання, у спорт ён не пайшоў бы.

— На пачатку мінулага года вы паведамілі пра завяршэнне спартыўнай кар’еры. Не шкада было пакідаць столькі гадоў упартай працы і актыўнага спартыўнага жыцця?

— Вядомы персанаж Б.Акуніна Эраст Фандорын у адной з кніг гаворыць, што перамены ў жыцці — гэта новая яго старонка. Я таксама адкрыты для новага, і ўсё будзе залежаць ад майго падыходу да гэтага.

Безумоўна, я рыхтаваў сябе да таго, што калісьці са спортам давядзецца развітацца. Сёння я мог бы яшчэ гуляць, вопыт і сілы ёсць, але ўгнацца за спрытам і хуткасцю сучаснай моладзі становіцца ўсё складаней. У мяне з’явіліся новыя інтарэсы, ёсць чым займацца. Калі прыняў рашэнне, не было ні жалю, ні суму. Цікавасць да новага і жаданне праявіць сябе ў іншай сферы пераважылі. Але я не хачу перагарнуць старонку і скласці ўсё ў шафу.

Я разумею, што за гэты час выканаў вялізны кавалак работы. Дзякуючы спорту, у мяне з’явілася шмат сяброў у розных краінах свету. Зараз я магу смела глядзець у вочы тым, з кім супрацоўнічаў увесь гэты перыяд. Я зрабіў усё, што ад мяне залежала.

На прэс-канферэнцыі, калі я аб’яўляў аб сваім рашэнні, некаторыя журналісты нават расчуліліся. Мне нічога не заставалася, як сказаць: “Мы ж не на пахаванні. Я проста завяршаю спартыўную кар’еру. Я жывы, і далей будзе толькі весялей”.

Я пакінуў спартыўную пляцоўку, але не гандбол — застаюся намеснікам старшыні Беларускай федэрацыі гандбола. Мой вопыт работы за мяжой і кантакты павінны выкарыстоўвацца і далей. Да таго ж мне не ўсё роўна, што будзе з нашай зборнай і гандболам у нашай краіне, і я заўсёды буду рады дапамагчы сваім вопытам, ведамі і напрацоўкамі.

— Чаму дачку завуць Ніка? Гэта яшчэ адна ваша перамога?

— Мы не кіраваліся моднымі павевамі. Калі яна нарадзілася, імя шукалі такое, каб яно транслітаравалася і лёгка вымаўлялася на любой мове свету — для маіх замежных калег было вялікай праблемай прачытаць маё імя, запісанае ў пашпарце з беларускай транслітарацыі, — “Siarhej”. Да таго ж выбіралі імя, якое не мела б у іншых мовах схаванага сэнсу і не магло б выпадкова абразіць дзіця ці стаць прычынай насмешак.

У той год, калі Ніка нарадзілася, мы прайгралі фінал Лігі чэмпіёнаў, і я суцяшаў сябе тым, што ў мяне нарадзілася дачка. Але паабяцаў сабе гэты тытул заваяваць, што мы з аднаклубнікамі і зрабілі на наступны год.

— Ці плануеце для дачкі спартыўную кар’еру?

— Адносна гэтага мы з Алёнай вельмі спакойныя. Дачцэ 7 гадоў, і мы зараз не думаем, што яна павінна стаць, напрыклад, спартсменкай, эканамістам ці яшчэ кім. Мы імкнёмся даць ёй магчымасць паспрабаваць сябе ў розных сферах: Ніка займаецца плаваннем, гімнастыкай, верхавой яздой, пэўны час хадзіла на танцы, зараз разам з маці займаецца маляваннем і дэкаратыўнай творчасцю. Дзіця павінна самастойна выбіраць тое, што потым, магчыма, стане яго галоўным заняткам у жыцці. Ды і па дачцэ сёння цяжка сказаць, да чаго яна схільная. Клопатаў шмат, а зараз ужо і другое дзіця падрастае…

— Ці прапаноўвалі вам заняцца трэнерскай работай?

— Яўных прапаноў не паступала, але на гэтую тэму размовы былі. Не хачу паліць масты і казаць, што ніколі не буду гэтым займацца, аднак зараз пакуль не гатовы для трэнерства. Хаця на працягу некалькіх апошніх гадоў кар’еры заўважыў, што мне цікава мець зносіны з маладымі гульцамі, падказваць і раскрываць прафесійныя сакрэты.

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з асабістага архіва Сяргея Рутэнкі.