Сяргей Вінаград — пра падрыхтоўку ўстаноў адукацыі Пухавіччыны да новага навучальнага года

- 13:02Планерка

Пра ход летняй аздараўленчай кампаніі і падрыхтоўку ўстаноў адукацыі Пухавіччыны да новага навучальнага года карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Пухавіцкага райвыканкама Мінскай вобласці Сяргей Вінаград.

— Сумесна з абласным цэнтрам па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні мы запланавалі на працягу лета бягучага года аздара­віць 1385 дзяцей у лагерах рознага тыпу, як на базе ўстаноў адукацыі, так і на базе стацыянарнага аздараўленчага летніка “Лясная казка”, з прыцягненнем арандаваных баз, — расказ­вае Сяргей Міхайлавіч. — У гэтым годзе мы ўпершыню аздаравілі 58 юных спартсменаў на базе спартыўнага комплекса “Круты яр”, што ў Барысаўскім раёне. Дарэчы, калісьці гэта была база клуба БАТЭ, а зараз там маюць магчымасць аздараўлівацца навучэнцы-спартсмены з розных раёнаў Міншчыны.

Нашы дзеці вельмі любяць лагер “Лясная казка”. За змену там аздараўліваюцца 160 дзетак, у асноўным гэта хлопчыкі і дзяўчынкі з нашага раёна. На лета запланаваны 4 змены, таксама будзе арганізавана 1 змена для 65 дзяцей са спартыўна-аздараўленчага лагера на базе “Лясной казкі”. Адначасова з работай стацыянарнага лагера на яго ж тэрыторыі прайшлі 2 змены палатачнага лагера “Патрыёт”: дзеці жылі ва ўмовах палатачнага гарадка, а харчаванне для іх было арганізавана на базе харчаблока стацыянарнага летніка.

— Ведаю, што ў вас наладжана выдатнае ўзаемадзеянне з мясцовай 5-й брыгадай спецыяльнага прызначэн-
ня па патрыятычным выхаванні дзяцей.

— На базе брыгады дзейнічае ваенна-патрыятычны клуб “Чорны ліс”. Як вынік, у бягучым годзе нашы навучэнцы занялі 1-е месца на абласным этапе “Зарнічкі” і 3-е месца — на рэспубліканскім этапе гульні, а ў ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца” — 1-е месца на абласным этапе. Перамогі на рэспубліканскім этапе гульні, я ўпэўнены, яшчэ наперадзе. Прычым такі выдатны вынік дасягнуты ў нас упершыню за шмат гадоў. На базе часці мы арганізоўваем ваенна-патрыятычныя лагеры, напрыклад, лагер “Разведчык”, у якім узялі ўдзел 55 выхаванцаў. Дзеці жылі ва ўмовах размяшчэння роты, з імі кругласутачна знаходзіліся ваеннаслужачыя і нашы выхавальнікі з ліку кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні. Выдатна, што 5-я брыгада, нягледзячы на баявыя задачы, якія яна вырашае, знаходзіць час для таго, каб папрацаваць з дзецьмі, у тым ліку з выхаванцамі ўстаноў закрытага тыпу з Магілёва і Крывіч. Такім чынам, ваеннаслужачыя 5-й брыгады — нашы надзейныя і блізкія сацыяльныя партнёры.

— Скажыце, калі ласка, як наладжана ў раёне аздараўленне дзяцей з сацыяльна ўразлівых катэгорый?

— На пастаянным кантролі — заня­тасць дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, навучэнцаў, з якімі праводзіцца індывідуальна-прафілактычная работа, дзяцей сіроцкай катэгорыі, а таксама дзяцей з АПФР. За 4-ю змену ў “Лясной казцы” адпачнуць 106 выхаванцаў Рудзенскай спецыяльнай школы-інтэрната. Мы разумеем, што ў летні перыяд нівод­нае дзіця не павінна знаходзіцца без нагляду.

Пухавіччына багатая на турыстычную інфраструктуру. Гасцей чакаюць у музейных комплексах “Дукорскі маёнтак”, “Дудуткі”, сядзібе Бонч-Асмалоўскіх у вёсцы Блонь, аграсядзібе “Дары Велеса” і экапарку “Акварэль”.

Асаблівасць Мар’інай Горкі не толькі ў тым, што назва раёна не супадае з назвай раённага цэнтра, але і ў тым, што на тэрыторыі Пухавіцкага раёна знаходзіцца геаграфічны цэнтр Беларусі. Такім чынам мы заўсёды ў цэнтры падзей.

— Ужо зусім хутка пачнецца новы навучальны год. Гатовы да яго?

— Вялікія сродкі накіроўваюцца абл­выканкамам і райвыканкамам на тое, каб падрыхтаваць установы адукацыі. Для прыкладу скажу, што летась на рамонты было затрачана каля 4 млн рублёў, а ў бягучым го­дзе — амаль 5 млн. Вялікія сродкі, каласальная работа праведзена. Прычым, напрыклад, рамонт спартыўных залаў устаноў адукацыі выконваем літаральна ад падлогі да столі, рамантуем душавыя і раздзявалкі пры спартзалах, прыводзім у належны стан санвузлы. Да 20 жніўня мы падпішам усе пашпарты гатоўнасці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі да 2024/2025 навучальнага года.

— А як у раёне справы з забяспечанасцю педагагічнымі кадрамі?

— Ёсць некаторы дэфіцыт, які пакуль вырашаем, запрашаючы на работу асоб пенсіённага ўзросту. Мы разумеем, што толькі дасведчаны педагог дасць дзіцяці магчымасць знайсці сваё месца ў грамадстве і ў жыцці. Шмат працуем па праф­арыентацыі, не забываючы аб прафесіі педагога: у школах раёна дзейнічаюць педкласы, у якіх мы рыхтуем будучых калег. Зразумела, выдаём нашым выпускнікам мэтавыя накіраванні на навучанне ва ўстановах педагагічнай накіраванасці. Сёлета, напрыклад, падалі 23 заяўкі ад выпускнікоў бягучага года на педагагічныя спецыяльнасці. Шчыльна супрацоўнічаем з установамі сярэдняй спецыяльнай адукацыі — плануем заключыць 13 дагавораў на падрыхтоўку спецыялістаў. Заключаем дагаворы аб узаемадзеянні з установамі вышэйшай адукацыі — Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка, Баранавіцкім дзяржаўным універсітэтам і Магілёўскім дзяржаўным універсітэтам імя А.А.Куляшова. Прычым практыкуем такую форму ўзаемадзеяння, як выезд студэнтаў да нас. А нашы дзеці ўдзельнічаюць ва ўніверсітэцкіх алімпіядах, паступаюць ва ўніверсітэты на педагагічныя спецыяльнасці, а пасля вучобы вяртаюцца на работу на родную зямлю.

 Наталля КАСТЭНКА
Фота аўтара