Сярод лідараў

- 10:21Актуально, Апошнія запісы

Намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Марыяна Шчоткіна, міністр адукацыі Ігар Карпенка і міністр інфармацыі Лілія Ананіч у Міжнародны дзень абароны дзяцей наведалі Мінскі гарадскі адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Лідар”, дзе абвясцілі пра старт рэспубліканскай акцыі “Лета з добрай кнігай” і разам з дзецьмі прынялі ўдзел у круглым стале, адказаўшы на шэраг пытанняў.

Дырэктар “Лідара” Васіль Стадольнік правёў для гасцей экскурсію па тэрыторыі цэнтра, паказаўшы спартыўную пляцоўку, зоны адпачынку, палатачны гарадок, душавыя кабінкі на сонечных батарэях, бібліятэку, вучэбныя і камп’ютарныя класы.

— Мы невыпадкова выбралі для наведвання менавіта “Лідар”. Тут знаходзяцца таленавітыя дзеці, якія маюць высокую матывацыю да той справы, якой займаюцца. У іх заўсёды шмат задумак і няпростых пытанняў. Цудоўна, што існуе такі цэнтр, на базе якога дзеці маюць магчымасць не толькі вучыцца і аздараўляцца, але і развіваць свае шматлікія здольнасці і ўзаемаўзбагачацца. Назва цэнтра таксама невыпадковая: менавіта на лідараў мы ўскладаем вялікія надзеі, у іх руках будучыня краіны, — адзначыла М.А.Шчоткіна.

— У маім дзяцінстве мы нават не маглі марыць пра такія ўмовы, якія ўбачылі ў “Лідары”, — падзялілася міністр інфармацыі Л.С.Ананіч. — Мой лагер знаходзіўся некалі ў звычайнай вясковай школе, дзе прама ў класах ставіліся жалезныя ложкі. Але ад гэтага ён не быў горшым, таму што галоўнае ў лагеры — не сцены і камп’ютары, а тая атмасфера, якую разам з дзецьмі стварае педагагічны калектыў. Мы былі актыўнымі і ў любых умовах маглі стварыць выдатную творчую і сяброўскую атмасферу.

Падчас круглага стала юныя лідары пыталіся ў ганаровых гасцей пра іх дзяцінства і школьныя ўспаміны, стаўленне да сацыяльных сетак і змянення часу пачатку вучэбных заняткаў. Адно з пытанняў тычылася педагагічных класаў, два фестывалі якіх былі праведзены на базе адукацыйна-аздараўленчага цэнра “Лідар”.

— Штучна павялічваць колькасць педагагічных класаў мы не будзем. Профільная адукацыя, да якой мы вярнуліся, не павінна “нашпігоўваць” на паступленне ва УВА. Яе мэта — фарміраваць устойлівую пазіцыю да атрымання прафесіі, рыхтаваць матываваных абітурыентаў. Мяне палохае, калі абітурыенты, атрымаўшы сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання, пачынаюць кідацца, маўляў, спачатку паспрабую на юрыста, калі не прайду, пайду на эканаміста, а калі і там не атрымаецца — пайду ў педуніверсітэт. Гэтага быць не павінна! — падкрэсліў міністр адукацыі І.В.Карпенка. — Стаўшы міністрам, адкрыў для сябе наступную праблему. У сістэме прафтэхадукацыі ў параўнанні са школай сярэдні бал паспяховасці навучэнцаў павялічыўся на 1,5—2 балы. Пытаюся, чаму ў школе так не адбывалася. Кажуць: тут усё па-даросламу, тут мы разумеем, для чаго вучым той ці іншы прадмет, а ў школе нам гэта было незразумела. Дык вось галоўная задача кожнага настаўніка-прадметніка — не проста перадаць веды, а выразна растлумачыць, навошта яго прадмет патрэбен у далейшым жыцці, якім чынам веды па гэтым прадмеце можна будзе прымяніць на практыцы. Гэта неабходна для таго, каб дзеці самі імкнуліся атрымліваць веды, працаваць над сабой, удасканальвацца, развіваць свой кругагляд, асабістыя якасці, без якіх сёння проста немагчыма ўвайсці ў сучаснае жыццё.

Успамінамі аб сваім настаўніцтве і думкамі пра сучасную школу падзялілася і віцэ-спікер верхняй палаты парламента Мырыяна Шчоткіна:

— Я скончыла фізфак Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Гэта ВНУ, якая рыхтуе навукоўцаў, але я заўсёды марыла працаваць у школе. І калі пайшла працаваць туды — атрымала велізарнае задавальненне ад працы. Асабліва прыемна было, калі замест якога-небудзь адмененага ўрока дзеці прасілі: “Пастаўце нам фізіку”. Што мяне сёння хвалюе? Некалькі гадоў назад я наведвала адну школу і звярнула ўвагу на дошку, якую яшчэ не паспелі вымыць пасля ўрока, і там было рашэнне задачы па фізіцы. Гляджу і бачу, што другі закон Ньютана запісаны ў скалярным выглядзе, без вектараў. Пытаюся, хто гэта пісаў. Адказваюць: настаўнік. Разумееце? У настаўнікі павінны ісці тыя, хто глыбока ведае і любіць прадмет, а не тыя, хто ганарыцца тым, што ведае, чым востраў адрозніваецца ад паўвострава…

Ганаровыя госці пыталіся ў дзяцей, кім яны хочуць стаць, і на розныя прапанаваныя варыянты (бізнесменам, настаўнікам, вучоным) уверх уздымалася розная колькасць рук. “Лес” рук быў заўважаны толькі адзін раз — як адказ на пытанне “А ў каго з вас ёсць любімы настаўнік?”. Гэта найлепшы стымул для самаўдасканальвання любога педагога. Лета праляціць вельмі хутка.

Марына ПЫРКОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.