Сярод мноства дарог знаходзяць сваю

- 11:51Навіны рэгіёнаў

У цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Крынічка” Магілёва значную ўвагу ўдзяляюць жыццёваму самавызначэнню падлеткаў. Тут наладжана сістэма работы “Мноства дарог”. У арганізацыі прафарыентацыі задзейнічаны ўвесь адукацыйна-выхаваўчы патэнцыял. Скаардынаванасць працы дазваляе індывідуальна займацца з усімі навучэнцамі.

— Прааналізаваўшы існуючыя магчымасці і рэсурсы нашай установы, мы распрацавалі мадэль прафарыентацыі, якая дазваляе пры мінімуме выдаткаў дасягаць добрага выніку ў прафесійнай сацыялізацыі навучэнцаў, — расказала загадчык аддзела цэнтра Вераніка Сяліцкая.

Паводле яе слоў, усю работу па прафесійным самавызначэнні навучэнцаў педагагічны калектыў падзяліў на этапы і модулі. Каб як мага раней выявіць прафесійныя намеры дзяцей, прафарыентацыю пачынаюць праводзіць ужо з 1—4 класаў. Асноўнай мэтай на гэтым этапе з’яўляецца абуджэнне цікавасці навучэнцаў да працы дарослых, фарміраванне ўяўленняў аб разнастайнасці прафесій. Для гэтага з дзецьмі перыядычна праводзяцца конкурсы, фестывалі, спаборніцтвы, трэнінгі, дыспуты, сустрэчы, экскурсіі.

— Таксама мы распрацавалі “Адукацыйную карту горада” з адрасамі і тэлефонамі навучальных устаноў Магілёва, якая сістэматызуе веды вучняў аб прафесіях і магчымасцях іх атрымання. Такі падыход дазваляе дзецям загадзя ўсвядомлена вызначыцца з прафесійнай будучыняй, — адзначыла Вераніка Аляксандраўна.
Другім модулем прафарыентацыі ў “Крынічцы” з’яўляецца дыягностыка і кансультаванне. Гэтым займаюцца псіхолагі і сацыяльныя педагогі, працуюць яны са старэйшымі дзецьмі. Пры дапамозе анкетавання, апытанняў, тэстаў, кансультацый, гутарак спецыялісты вызначаюць захапленні вучняў, выяўляюць іх схільнасці да пэўнай прафесійнай дзейнасці.

— На гэтым этапе адбываецца знаёмства дзяцей з умовамі і зместам рынку працы, патрабаваннямі, што прад’яўляюцца да прафесій. Фарміраванню пэўнай накіраванасці спрыяе таксама дзейнасць тэматычнага клуба “Я і прафесія”. Наведваючы яго, падлеткі паглыбляюць свае веды аб відах, класах і тыпах прафесій, удасканальваюць практычныя ўменні і працоўныя навыкі. Усё гэта дазваляе нашым выхаванцам гарманічна пераходзіць да наступнага модуля — прафесійных проб, — заўважыла Вераніка Сяліцкая.

Прафесійныя пробы праводзяцца ў цэнтры праз удзел у конкурсах, выставах, праектах і канцэртах, а таксама ў так званых днях дублёра. У гэтыя дні навучэнцы гурткоў робяць першыя крокі ў прафесію, на практыцы знаёмячыся з працай педагогаў. Паспрабаваць сябе ў прафесіі дзецям дапамагаюць таксама майстар-класы, якія праводзяць на базе ўстановы розныя спецыялісты.

— Завяршаем прафарыентацыю мерапрыемствамі, накіраванымі на прафесійную адаптацыю і сацыялізацыю навучэнцаў. Робім гэта, далучаючы дзяцей да грамадска карыснай працы. У гэтым кірунку мы актыўна супрацоўнічаем з упраўленнем па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне гарвыканкама. Сумесна арганізоўваем часовую працоўную занятасць навучэнцаў у вольны ад вучобы час. Працоўная актыўнасць дапамагае ім адаптавацца да рэальных працоўных адносін і засвоіць асновы працоўнага заканадаўства. Акрамя таго, дзеці вучацца зарабляць грошы, атрымліваюць вопыт афармлення працоўных дакументаў, захавання дысцыпліны, што дазваляе потым паспяхова сацыялізавацца ў дарослай прафесійнай дзейнасці, — падкрэсліла Вераніка Аляксандраўна.

Педагогі цэнтра ўпэўнены: прафарыентацыя, арганізаваная па модулях, дапамагае найбольш поўна задзейнічаць усе рэсурсы ўстановы, што дазваляе кожнаму навучэнцу выбраць правільны прафесійны шлях. Гэтаму ўжо ёсць жыццёвае пацвярджэнне. Многія былыя выхаванцы “Крынічкі” працягнулі адукацыю па напрамку, які некалі выбралі ў аб’яднанні па інтарэсах. А некаторыя выпускнікі сталі педагогамі дадатковай адукацыі і зараз працуюць у цэнтры.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі.