Сёлета настаўнікі Ляўковічы з Дзятлава адзначаць 42 гады сумеснага шляху. Разам і поруч з педагогікай

- 12:24Учительский дуэт

Сёлета настаўнікі Ляўковічы з Дзятлава адзначаць 42 гады сумеснага шляху. І ўвесь гэты час побач з Аляксандрам Анатольевічам і Аленай Аляксанд­раўнай як неад’емная частка іх саюзу ідзе педагогіка. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Сёння яны працуюць у сярэдняй школе № 3 Дзятлава, а іх сумесны жыццёвы багаж — не толькі двое любімых дзяцей і цёплы дамашні ачаг, але і сотні гісторый цікавых і зацікаўленых дзяцей, значных вучнёўскіх перамог і дасягненняў, агульныя сябры-педагогі і… асаблівы каляндар, год у якім нязменна пачынаецца двойчы: 1 верасня і 1 студзеня.

Іх гісторыя — гэта прыклад, калі выбраная прафесія абумовіла галоўнае жыццёвае знаёмства. У пачатку 80-х тады яшчэ толькі будучыя гісторык з Дзятлава і філолаг з Ліды пазнаёміліся на падрыхтоўчым аддзяленні ГрДУ імя Янкі Купалы.

— Цяжка адказаць, у якім узросце вырашыла стаць настаўніцай. Мабыць, іншыя варыянты ніколі не разглядала. Пытанне прафесійнага выбару тычылася толькі напрамку: якому ж аддаць перавагу? Да апошняга сумнявалася паміж рускай філалогіяй і замежнымі мовамі. Вось толькі аддзяленне замежных моў тады было выключна ў сталічным універсітэце. Тата, памятаю, строга сказаў, што ў Мінск не пусціць. Так я і стала студэнткай гродзенскага ўніверсітэта, — пачала размову з самага пачатку Алена Аляксандраўна.

У год яе першай спробы паступлення конкурс на філалагічны факультэт быў дзевяць чалавек на месца. Да прахаднога бала суразмоўніцы не хапіла зусім крыху, але на рашучасць у выбары прафесіі гэта не паўплывала. Пасля вучобы на падрыхтоўчым аддзяленні ў яе руках быў доўгачаканы студэнцкі білет і светлая ўпэўненасць у правільнасці выбранага шляху.

З тэатрала — у гісторыкі

Выбар Аляксандра Анатольевіча на карысць педагогікі вызначыла выпадковасць. Пасля заканчэння школы ён быў настроены на акцёрскую кар’еру. На жаль, пасту­піць не атрымалася. Нейкі час работу сумяшчаў з вучобай у тэатральнай студыі. Пасля была армія са службай у далёкіх Мурманску і Палтаве.

— Прыйшоў адтуль іншым чалавекам і вырашыў стаць гісторыкам, — па-мужчынску ёміста і сцісла гаворыць Аляксандр Анатольевіч.

Ужо на другім курсе вучобы пачалася сямейная гісторыя будучых педагогаў. На чацвёртым яны сталі маладымі бацькамі, але гэта практычна не ўнесла паправак у вучэбны расклад кожнага з іх.

— Памятаю, нованароджаны сын нават дапамог здаць залік па англійскай мове. Вучыліся мы ў розныя змены і на працягу семестраў дзяжурства з сынам удала сумяшчалі па чарзе. А вось падчас сесіі здараліся накладкі. У адну з такіх на залік прыйшоў з каляскай. Зразумела, адзнаку ў залікоўцы атрымаў амаль дарма, — з усмешкай успамінае Аляксандр Анатольевіч.

Маладосці ўсё па плячы

Скончылі ўніверсітэт маладыя педагогі ў 1986 годзе і разам па размеркаванні трапілі ў Раготнаўскую сярэднюю школу Дзятлаўскага раёна. На той момант шлях да ведаў у ёй асвойвалі больш за 250 навучэнцаў.

— Разам з намі тады прыйшло яшчэ трое маладых педагогаў. Прынялі нас усіх вельмі цёпла, і працаваць было вельмі цікава. Як маладой сям’і нам далі жыллё практычна насупраць школы, — з нейкай асабліва ўтульнай інтанацыяй расказвае Алена Аляксандраўна.

Задавальненню ад прафесіі тады не перашкаджалі нават не заўсёды зручныя ўмовы. Пакуль рабілі рамонт у прадстаўленым жыллі, маладыя спецыялісты жылі ў бацькоўскай хаце мужа ў Дзятлаве. З папраўкай на расклад транспарту на работу ў Раготна выязджалі ў чатыры (!) гадзіны раніцы.

— Маладосці ўсё па плячы, — з усмешкай каменціруе Аляксандр Анатольевіч. — Тым больш што ў такім рэжыме жылі ўсяго некалькі месяцаў.

Алена Аляксандраўна шлях у прафесіі пачала ў рэжыме шматзадачнасці: работу намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце сумяшчала з выкладаннем рускай мовы і літаратуры на паўстаўкі. Муж выкладаў гісторыю.

Усё жыццё — школа

Іх сумесны педагагічны стаж сёння — 74 гады. На дваіх гэтая лічба дзеліцца практычна пароўну нават з улікам водпускаў па доглядзе дзяцей. Дарэчы, на дваіх дзяцей такі водпуск у Алены Аляксандраўны складаў усяго паўтара года. Старэйшы сын у сям’і педагогаў з’явіўся ў студэнцтве, а з малодшай дачкой дэкрэтны водпуск завяршыўся раней, таму што папрасілі выйсці на работу.

Школа, у якой сёння працуюць героі нашага настаўніцкага дуэта, была пабудавана ў 1988 годзе. З гэтага часу выкладчыцкі шлях Алены Аляксандраўны працягнуўся ўжо ў гэтай установе адукацыі.

— Аляксандр Анатольевіч у той час працаваў намеснікам начальніка раённага ўпраўлення адукацыі, пасля ў яго працоўнай біяграфіі былі таксама гады дырэктарства, — успамінае Алена Аляксандраўна.

Сярэднюю школу № 3 Дзятлава скончылі і іх дзеці. Зрэшты, асаблівае месца ў іх жыцці яна займае і калі працоўны дзень даўно скончыўся. Вельмі часта хатнія размовы і абмеркаванні будуюцца выключна ў сугуччы з прафесійнай еднасцю.

— Нават сустрэчы з сябрамі-калегамі звычайна пачынаюцца з жартаўлівай заўвагі: гаворым толькі не пра школу. Уласна кажучы, працуе такое вета толькі некалькі першых мінут, — дзеляцца педагогі.

Салідарныя яны, што камфорт іх сямейнага жыцця шмат у чым прадыктаваны абсалютным разуменнем адно аднаго як педагог педагога.

— Здаецца, чалавек іншай прафесіі не можа ў поўнай меры ўявіць маштабы падводнага цела айсберга з імем “настаўнік”. Нам у гэтым плане вельмі пашанцавала! — заўважае Алена Аляксандраўна.

Зацікавіць сваёй яркай асобай

Упэўнены педагогі дуэта, што перад іх маладымі калегамі сёння стаіць больш складаная задача, чым перад маладым спецыялістам 30 гадоў назад.

— Сучасныя дзеці не падобныя на тых, з якімі мы пачыналі свой педагагічны шлях. Не скажу, што яны горшыя, — проста іншыя. Нашы з мужам першыя вучні былі першапачаткова вельмі зацікаўлены ў зносінах з педагогам. Нараўне з бацькамі мы былі іх галоўным акном у свет. У сённяшняга маладога педагога вельмі шмат канкурэнтаў у гэтым плане і галоўныя сярод іх — гаджэты. Настаўніку сёння вельмі важна адразу зацікавіць сваёй яркай асобай, — разважае Алена Аляксандраўна.

У тым, што ў іх у гэтым пытанні ўсё схоплена, гаворыць галоўным чынам вялікі педагагічны стаж. Амаль дуэтам запэўніваюць суразмоўнікі, што не могуць уявіць сябе ў іншай прафесіі.

Талент педагога — у поспехах вучняў

Сёння галоўны фокус настаўніцкай увагі маіх суразмоўнікаў засяроджаны на профільных групах з паглыбленым вывучэннем рускай мовы, гісторыі і грамадазнаўства. Кожны год выпускнікі абодвух настаўнікаў з прозвішчам Ляўковіч паспяхова спраўляюцца з выніковай атэстацыяй і паступаюць ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Ёсць і прыклады, калі ўчарашнія выпускнікі сталі калегамі.

— Як і я некалі, сумнявалася паміж рускай філалогіяй і замежнымі мовамі адна з маіх вучаніц. Сёння працуем разам, але ўсё ж выкладаем розныя дысцыпліны, — дзеліцца Алена Аляксандраўна.

Дапаўняючы адно аднаго, муж і жонка па чарзе загінаюць пальцы, падлічваючы сённяшніх калег, якія ў мінулым па сумяшчальніцтве яшчэ і іх вучні. Адной пары рук тут недастаткова… І ўсё ж ад журналісцкай здагадкі, што менавіта яны паўплывалі ў свой час на выбар прафесійнага шляху больш як дзясятка настаўнікаў, пара няхай і не рашуча, але адмахваецца. І адразу засяроджваюць увагу на іншай тэме.

— На працягу многіх гадоў нашы вучні паспяхова ўдзельнічаюць у алімпіядах па вучэбных прадметах. Нязменна яны ў лідарах на раённым этапе, не раз былі ў ліку абласных прызёраў, — гаворыць Аляксандр Анатольевіч і, відаць, з папраўкай на сціп­ласць жонкі дапаўняе выказванне: — Калі Алена Аляксандраўна рыхтавала дакументы для пацверджання вышэйшай катэгорыі, аналізавала гэты зрэз сваёй педагагічнай дзейнасці. Дзесяць гадоў запар яе вучні станавіліся прызёрамі раённага і фіналістамі абласнога этапаў алімпіяды па рускай мове. Акрамя таго, з дасягненняў, якія памяць выдае адразу, — стабальны вынік вучня ў мінулым годзе.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара