Так многа праектаў цікавых і розных

- 11:16Навіны рэгіёнаў, Рознае

Разам з заканчэннем навучальнага года ў некаторых установах адукацыі завяршылася рэалізацыя педагагічных праектаў. Гэтыя праекты могуць прынесці карысць не толькі сваім установам, але і іншым, калі пра вынікі іх работы даведаюцца педагогі і змогуць выкарыстаць напрацоўкі ў сваёй рабоце. У Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі адбылася справаздача ўстаноў адукацыі, якія завяршылі ў мінулым навучальным годзе рэалізацыю педагагічных праектаў.

— У 2015/2016 навучальным годзе ва ўстановах адукацыі Міншчыны рэалізоўвалася 118 педагагічных праектаў абласнога ўзроўню. 41 з іх завершаны. Праводзілася сістэмная работа, у выніку якой з’явілася шмат распрацовак практычнага характару. Важна, каб калегі даведаліся пра дастойныя праекты, каб маглі пазычыць карысныя ідэі для сваіх устаноў адукацыі. У сувязі з гэтым на справаздачу мы запрашаем не толькі педагогаў устаноў, якія працавалі над праектамі, але і прадстаўнікоў усіх аддзелаў адукацыі рай(гар)выканкамаў вобласці, супрацоўнікаў вучэбна-метадычных кабінетаў, слухачоў курсаў, якія зараз знаходзяцца ў МАІРА, праводзілі работу па далейшым распаўсюджванні вынікаў рэалізацыі найбольш паспяховых праектаў, — расказвае Марына Аляксееўна Краснова, прарэктар па навукова-метадычнай рабоце МАІРА, кандыдат педагагічных навук.


Марына Аляксееўна ўзначаліла экспертны савет, які працаваў на справаздачы і даваў ацэнку вынікам педагагічных праектаў. Упершыню мерапрыемства праходзіла ў форме стэндавай прэзентацыі. Гэты дынамічны фармат дае больш магчымасцей для зносін калег і знаёмства з цікавымі праектамі. Акрамя таго, у рамках мерапрыемства было праведзена пасяджэнне круглага стала “Рэалізацыя педагагічных праектаў ва ўстановах адукацыі Мінскай вобласці: праблемы і шляхі іх вырашэння”. Да ўдзелу ў ім запрасілі спецыялістаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў, адказных за рэалізацыю педагагічных праектаў ва ўстановах адукацыі.

На стэндах былі прадстаўлены разнастайныя праекты, якія рэалізоўваліся на ўсіх узроўнях адукацыі па розных кірунках работы. Некалькі праектаў прысвечаны выкарыстанню інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у вучэбным працэсе. Так, праект гімназіі № 1 Капыля прысвечаны ўкараненню электронных дзённікаў, праект сярэдняй школы № 8 Салігорска — фарміраванню інфармацыйнай культуры ў самых маленькіх школьнікаў. Праект, які рэалізоўваўся ў яслях-садзе “Залаты ключык” Слуцка, прадугледжваў стварэнне лакальнай інфармацыйнай прасторы “дзіця — педагог — сям’я”. Увасабленнем гэтай ідэі стаў сайт установы, з дапамогай якога бацькі аператыўна атрымліваюць неабходную інфармацыю аб знаходжанні сваіх дзяцей у дашкольнай установе і могуць вырашаць усе пытанні, якія ўзнікаюць.


У Прылукскай сярэдняй школе Мінскага раёна праект быў закліканы пры дапамозе дыстанцыйнай падтрымкі актывізаваць пазнавальную дзейнасць навучэнцаў пры навучанні англійскай мове. Дыстанцыйная падтрымка дазваляе вучню працаваць у тэмпе, які найбольш зручны для яго, пераглядаць матэрыял столькі разоў, колькі яму неабходна, шукаць і знаходзіць інфармацыю самастойна. Сёння і навучэнцы, і педагогі смела выкарыстоўваюць анлайн-канферэнцыі, чаты, вэбінары для падрыхтоўкі да заняткаў, экзаменаў, ЦТ. Дзякуючы праекту, актывізаваўся ўдзел школьнікаў і іх настаўнікаў у разнастайных конкурсах, курсах, міжнародных праектах. Сёння не трэба іх рэкламаваць — школьнікі самі прыходзяць з прапановамі, пытаюцца, калі будзе новы конкурс, новы праект.

Былі прадстаўлены на стэндах і праекты, звязаныя з арганізацыяй даследчай работы і работы з адоранымі дзецьмі, развіццём іх творчых здольнасцей. Так, педагогі Цімкавіцкай сярэдняй школы Капыльскага раёна сканцэнтраваліся на арганізацыі даследчай дзейнасці малодшых школьнікаў. Падчас работы над праектам яны даведаліся, як дапамагчы маленькім “чамучкам” выкарыстаць сваю прыродную цікаўнасць на карысць ведаў. Для маленькіх школьнікаў даследчая дзейнасць была арганізавана на ўроках і ў пазаўрочны час. Яны навучыліся назіраць, ставіць эксперыменты і ствараць дастойныя даследчыя работы, якія не раз былі адзначаны журы даследчых конкурсаў рознага ўзроўню. А ў маладзечанскай сярэдняй школе № 1, працуючы над праектам, укаранялі мадэль развіцця творчых здольнасцей малодшых школьнікаў. Гэтая мадэль заснавана на сістэмным падыходзе да арганізацыі факультатыўных заняткаў і аб’яднанняў па інтарэсах. У праекце былі задзейнічаны 3 класы адной паралелі, усе навучэнцы якіх займаліся на трох факультатывах і ў адным аб’яднанні па інтарэсах, усе заняткі ў якіх распрацоўваліся як адзіная сістэма па пэўнай тэме. У выніку менавіта ў гэтай паралелі пасля заканчэння пачатковай школы была найбольшая колькасць пераможцаў творчых і інтэлектуальных конкурсаў, выдатнікаў у параўнанні з іншымі паралелямі школы. Дзеці дэманструюць павышаную цікавасць да школьных прадметаў, а ўзровень трывожнасці ў іх, наадварот, знізіўся.


Вялікая ўвага ўдзяляецца праектам экалагічнай тэматыкі.Так, праект ясляў-сада № 3 Маладзечна накіраваны на выхаванне ў дашкольнікаў асноў эканоміі і беражлівасці, праект Халопеніцкай сярэдняй школы Крупскага раёна прадугледжваў фарміраванне экалагічнай культуры малодшых школьнікаў на ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці. У ДЦРД “Вясёлка” Стоўбцаў рэалізаваны праект, які дапамог у працэсе экалагічнага выхавання развіваць творчыя здольнасці дзяцей. А ў Песачанскай сярэдняй школе Капыльскага раёна ўкаранялі мадэль ландшафтнага добраўпарадкавання і азелянення тэрыторыі ва ўмовах аграгарадка: школьнікі і педагогі творча ўпрыгожылі тэрыторыю школы, некалькі пляцовак у аграгарадку, а таксама помнікаў. Акрамя стварэння прыгожых краявідаў, дзеці асвойвалі асновы дызайну, вучыліся даглядаць расліны, прывучаліся да працы, таксама ім прывівалася павага і любоў да малой радзімы.

Шмат праектаў прысвечана розным аспектам выхаваўчай работы, напрыклад, фарміраванню здаровага ладу жыцця, духоўна-маральнаму выхаванню, фарміраванню культуры сямейных адносін. Некалькі праектаў закліканы выхоўваць падрастаючае пакаленне з дапамогай школьных музеяў. Так, у Лазовіцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Клецкага раёна дзейнічае музей беларускага ручніка. Навучэнцы школы ў рамках праекта ажыццяўлялі навукова-даследчую і пошукавую дзейнасць, папаўнялі экспазіцыі музея, праводзілі экскурсіі па музеі і самі адпраўляліся ў этнаграфічныя падарожжы па родным краі, вучыліся ствараць вырабы з нацыянальным каларытам, арганізоўвалі і ўдзельнічалі ў разнастайных нацыянальных святах і абрадах, фальклорных праграмах, спектаклях.

У Забалацкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Любанскага раёна невычэрпную выхаваўчую крыніцу знайшлі ў краязнаўстве. У рамках праекта распрацавалі па тры модулі заняткаў для трох класаў на кожны з трох гадоў рэалізацыі праекта. За гэты час дзеці ўсебакова вывучылі традыцыі, гісторыю, фальклор, рамёствы і тапаніміку сваёй мясцовасці. У выніку рэалізацыі праекта была створана праграма аб’яднання па інтарэсах “Краязнаўцы”. Праект завершаны, але работа ў гэтым кірунку працягнецца ў дзейнасці аб’яднання.

Адметна, што на мерапрыемстве былі прадстаўлены шматлікія вынікі рэалізацыі праекта, так бы мовіць, праектныя прадукты: комплексы заданняў для вучняў, дыстанцыйныя курсы па вучэбных прадметах, музейныя экспазіцыі, віртуальныя музеі, сайты ўстаноў адукацыі, метадычныя распрацоўкі ўрокаў, факультатыўных заняткаў, выхаваўчых мерапрыемстваў, вучэбна-метадычныя дапаможнікі, праграмы факультатыўных заняткаў, аб’яднанняў па інтарэсах — словам, усё тое, што зацікаўлены настаўнік можа ўзяць для сваёй работы. Акрамя таго, па выніках работы экспертнага савета вызначаны 16 праектаў, вынікі якіх рэкамендаваны для распаўсюджвання сярод педагогаў Мінскай вобласці, а значыць, яны будуць даступны для шырокага кола супрацоўнікаў сістэмы адукацыі.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.