Такая далёкая і такая блізкая Бразілія

- 13:32World Skills

Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Жураўкоў прыбыў з візітам у бразільскі горад Сан-Паўлу, дзе цяпер праходзіць Міжнародны чэмпіянат прафесійнага майстэрства WorldSkills-2015. Міністр наведаў спаборніцтвы, выставу-прэзентацыю дасягненняў у галіне прафесійнай адукацыі, сустрэўся з беларускімі канкурсантамі і экспертамі. Аб сваіх уражаннях ён расказаў у эксклюзіўным інтэрв’ю “Настаўніцкай газеце”.2

Міхаіл Анатольевіч, рады бачыць вас у асяроддзі беларускай каманды, сярод удзельнікаў WorldSkills. Падзяліцеся, калі ласка, сваімі пачуццямі.
— Безумоўна, грандыёзнасць спаборніцтва ўражвае, а атрыманыя эмоцыі перапаўняюць. Гледзячы на ўвесь гэты маштабны чэмпіянат, дзе сабралася прафесійная эліта будучыні, на мой погляд, нашы прадстаўнікі тэхнічных універсітэтаў абавязаны пабываць на спаборніцтвах такога высокага рангу і паглядзець на сусветны ўзровень прафесійнай адукацыі, на ўзровень новых тэхналогій, тэхнічнага аснашчэння, на тое, якія спецыяльнасці цяпер найбольш актуальны.1 Многіх з тых спецыяльнасцей, якія мы сёння ўбачылі, у нас яшчэ няма ні на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі, ні на ўзроўні вышэйшай школы. Таму думаю, прыехаўшы дамоў, сустрэцца з рэктарамі ўніверсітэтаў і абавязкова абмеркаваць пытанне па далейшым развіцці тэхнічных спецыяльнасцей, таму што бачна, што па некаторых напрамках трэба ўзняцца да сусветнага ўзроўню і ліквідаваць існуючы разрыў. Акрамя таго, ідучы па шляху мадыфікацыі спецыяльнасцей, калі трэба адмовіцца ад незапатрабаваных спецыяльнасцей і ўвесці новыя, тут якраз ёсць поле дзейнасці для тых, хто займаецца новымі адукацыйнымі праграмамі. Прыемна адзначыць, што нашы канкурсанты вельмі стараюцца пры выкананні конкурсных заданняў, і гэта вельмі радуе. Каштоўным з’яўляецца тое, што нашы эксперты ўдзельнічаюць у гэтым спаборніцтве і іх веды могуць прынесці карысць айчыннай прафесійнай адукацыі, калі яны будуць укараняць новыя тэхналогіі ў вучэбны працэс і распаўсюджваць здабыты міжнародны вопыт сярод сваіх калег. Увогуле, мы ставім задачу стварэння міжнароднай экспертнай супольнасці. 4

— Міхаіл Анатольевіч, сёння адбудзецца падпісанне міжурадавага дагавора паміж Беларуссю і Бразіліяй у галіне адукацыі. Як вы ацэньваеце гэтую падзею?
— Гэтую падзею можна па праву назваць гістарычнай. Да гэтага часу ў нас з Бразіліяй такога дагавора не было. Падпісанне гэтага дакумента адкрывае перспектывы ў адукацыйнай сферы абедзвюх краін. Гэты дагавор дазволіць узаемадзейнічаць паміж нашымі краінамі па шырокім спектры адукацыйных паслуг — пачынаючы ад прафесійнай адукацыі, узаемадзеяння школьнікаў і заканчваючы вышэйшай школай. 5Мы спадзяёмся, што пасля падпісання дакумента абмен студэнтамі, асабліва на ўзроўні магістратуры, абмен маладымі спецыялістамі пашырыцца і мы пяройдзем на новы ўзровень узаемадзеяння. Мы будзем чакаць грамадзян Бразіліі на вучобу ў беларускія навучальныя ўстановы.3

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.