Такі далёкі і такі блізкі шлях на ўсход

- 11:19World Skills

Нашы канкурсанты на кітайскім WorldSkills

Чэрвень для нашай нацыянальнай зборнай WorldSkills быў азнаменаваны значнай падзеяй. 18 чалавек з ліку навучэнцаў каледжаў, студэнтаў універсітэтаў і маладых рабочых прынялі ўдзел у міжнародным чэмпіянаце China International Skills Competition 2017 (CISC), які прайшоў у двух кітайскіх гарадах — Шанхаі і Сучжоу. Такі далёкі шлях на ўсход пераадолелі ўдзельнікі нашай зборнай, каб прадэманстраваць сваё прафесійнае майстэрства ў 15 кампетэнцыях, спаборніцтвы па 10 з якіх праводзіліся ў Шанхаі, а па 5 — у Сучжоу. Што з гэтага атрымалася, даведаемся з вуснаў саміх удзельнікаў, іх педагогаў, а таксама арганізатараў гэтай паездкі.

Увогуле CISC — самы папулярны міжнародны чэмпіянат рабочых прафесій у Кітайскай Народнай Рэспубліцы, і з кожным разам расце яго маштабнасць, відовішчнасць і выніковасць. Так было і гэтым чэрвенем. Кітай далучыўся да міжнароднага руху WorldSkills International у 2010 годзе і прэтэндуе на правядзенне 46-га чэмпіянату свету WorldSkills Competition у 2021 годзе разам са Швейцарыяй. Таму, безумоўна, была неабходнасць з кітайскага боку прадэманстраваць на міжнародным узроўні свае магчымасці. Спаборніцтвы праходзілі на самых буйных пляцоўках, плошча якіх налічвала тысячы квадратных метраў. Напрыклад, выставачны цэнтр Expo ў Шанхаі нагадваў цудадзейны горад майстроў, дзе хапала месца як для ўдзельнікаў спаборніцтва, экспертаў, гасцей, так і для дзелавых сустрэч, гульняў, майстар-класаў. У сёлетнім конкурсе прымалі ўдзел больш за 400 удзельнікаў і экспертаў у 21 кампетэнцыі з 35 краін.

Трэба сказаць, што ў Кітаі прафарыентацыйнай рабоце ў выбары рабочай прафесіі ўдзяляецца вялікая ўвага. Пастаянна абнаўляюцца формы і метады яе арганізацыі і правядзення. І, безумоўна, за аснову ўзяты такі напрамак, як рух WorldSkills. Юныя госці спаборніцтва (а гэта ў большасці малодшыя школьнікі) маглі не толькі ўдзельнічаць у забаўляльных мерапрыемствах, якія праводзіліся паралельна з конкурсам, але і дакрануцца да саміх рабочых прафесій, паспрабаваць свае сілы ў асваенні той ці іншай кампетэнцыі, нават зрабіць нейкі выраб. Для дзяцей таксама былі ўстаноўлены велізарныя галаваломкі, трэнажоры, прадстаўлены экспазіцыі прадукцыі кітайскіх прадпрыемстваў.

Як адзначыла метадыст Цэнтра навукова-метадычнага забеспячэння інфарматызацыі прафесійнай адукацыі РІПА З.А.Александровіч, для нашых канкурсантаў гэтае спаборніцтва стала яшчэ адным месцам для шліфоўкі сваіх прафесійных навыкаў перад самым адказным конкурсам — Міжнародным чэмпіянатам прафесійнага майстэрства ў Абу-Дабі, да пачатку якога застаецца ўсё менш і менш часу. Усе заданні на кітайскім спаборніцтве былі набліжаны да міжнародных, але на выкананне іх было дадзена менш часу.

Напэўна, самымі ўражальнымі, яскравымі для гледачоў былі такія кампетэнцыі, як “Фларыстыка”, “Рэстаранны сэрвіс”, “Касметалогія”. У апошняй нашы канкурсанты выступілі ўпершыню. У ёй добра сябе паказала Антаніна Антановіч, студэнтка Мінскага філіяла Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта. Дзяўчына прадэманстравала сваё майстэрства ў макіяжы “Усходні шлях”, масажы і іншых касметычных працэдурах. Яе вынік знаходзіўся зусім блізка ад выніку пераможцы. Дарэчы, усе беларускія ўдзельнікі конкурсу выступілі даволі ўдала. Нацыянальная зборная заваявала 2 медалі — “серабро” і “бронзу” — і 2 медалі Medallion of Excellence.

Студэнты Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Аляксандр Мацвяйчук і Андрэй Часлоў пад кіраўніцтвам свайго выкладчыка эксперта А.П.Дунца занялі 3-е месца ў кампетэнцыі “Мабільная робататэхніка”. Андрэй Пятровіч — кіраўнік студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі “Робататэхніка”, якая працуе ва ўніверсітэце ўжо даўно. За гэты час яна аб’яднала сотні таленавітых студэнтаў універсітэта, якія паказваюць выдатныя вынікі ў развіцці навукова-тэхнічнай творчасці. Вось і Аляксандр Мацвяйчук і Андрэй Часлоў таксама заўзятыя вынаходнікі, апантаныя хлопцы, якія імкнуцца рэалізоўваць свае ідэі. У асяроддзі руху WorldSkills іх можна назваць знакамітасцямі, таму што ніводны прафесійны конкурс у рамках WorldSkills не прайшоў без іх удзелу. Абодва хлопцы вучацца на 4 курсе факультэта электронна-інфармацыйных сістэм, цяпер займаюцца абаронай дыпломных праектаў, а робататэхнікай захапіліся пару гадоў назад. Студэнты адразу праявілі сябе як творчыя, ініцыятыўныя і вельмі адказныя людзі, гатовыя ўдасканальваць свае веды і прафесійна расці.

Пляцоўка, на якой праходзілі спаборніцтвы па кампетэнцыі “Мабільная робататэхніка”, была аснашчана пад гандлёвы склад, дзе ў ролі лагіста выступаў… робат, які павінен быў са склада даставіць на стол выдачы заказаны прадукт. Робату быў даведзены спецыяльны код тавару, па якім ён знаходзіў яго на паліцы, браў і прыносіў на стол выдачы тавару. Адным з самых цямлівых быў робат брэстаўчан.

Сярэбраным прызёрам у кампетэнцыі “Цырульніцкае мастацтва” стала Надзея Кашцялян, навучэнка Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання. Два медалі Medallion of Excellence (узнагароду за “Вышэйшае майстэрства” прысуджаюць канкурсантам, якія якасна і цалкам выканалі заданне, але не хапіла балаў да медаля) атрымалі: у кампетэнцыі “Кандытарская справа” — Злата Шпак, навучэнка Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага тэхналагічнага каледжа, у кампетэнцыі “Дызайн адзення” — Дар’я Хілько, навучэнка Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа швейнай вытворчасці.

У кампетэнцыі “Кабельныя інфармацыйныя сеткі” выступаў Андрэй Сачышын, студэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі. Экспертам у гэтай кампетэнцыі выступаў А.Р.Хадасевіч, дэкан факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў гэтай жа акадэміі. Удзельнікам трэба было пракласці кабельныя сеткі праз спайванне оптавалаконнага, меднага і іншых кабеляў і падвесці да камутатара. Усе гэтыя аперацыі немагчыма было ажыццявіць без спецыяльнага паяльніка, філіграннае валоданне якім дазваляла хутка справіцца з заданнем. Наш удзельнік крыху ўступіў па хуткасці іншым удзельнікам, але праявіў кемлівасць, веданне прыбораў і ўвогуле байцоўскі дух.

У кампетэнцыі “Зварачныя работы” ўдзельніку беларускай каманды работніку ЗАТ “Амкадор-Пінск” Сяргею Мацкевічу прыйшлося няпроста. Справа ў тым, што ў рабоце зваршчыкаў быў прыменены сучасны зварачны апарат, які можа ажыццяўляць некалькі відаў зваркі. У нашых установах такім відам пакуль не вучаць з-за адсутнасці неабходнага абсталявання. Але ў хуткім часе, напэўна, адбудуцца некаторыя зрухі па аснашчанасці зварачных работ.

Нядаўна, наведваючы Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання, міністр адукацыі І.В.Карпенка і рэктар РІПА В.М.Галубоўскі азнаёміліся з падрыхтоўкай канкурсантаў па кампетэнцыях “Рэстаранны сэрвіс” і “Кулінарнае мастацтва” да міжнароднага чэмпіянату WorldSkills. Яна Буглак — ужо даволі вядомая асоба. Дзяўчына вучыцца ва ўніверсітэце па спецыяльнасці “Эканоміка і арганізацыя вытворчасці (грамадскае харчаванне)” і актыўна ўдзельнічае ў нацыянальных і міжнародных чэмпіянатах WorldSkills. Нядаўна яна заваявала для нашай зборнай “серабро” па кампетэнцыі “Рэстаранны сэрвіс” Адкрытага Еўразійскага чэмпіянату WorldSkills. У чэмпіянаце ў Кітаі ў кампетэнцыі “Кулінарнае мастацтва” ўдзельнічала таксама студэнтка гэтага ўніверсітэта Настасся Дзямідава, а экспертам выступіла прарэктар УВА В.У.Мацікава. Яна Буглак, Настасся Дзямідава, а таксама пераможца чэмпіянату WorldSkills мінулых гадоў студэнт 5 курса Мікіта Цвяткоў правялі для ганаровых гасцей майстар-класы па гатаванні нацыянальных страў і страў сучаснай еўрапейскай кухні.

У працяг кулінарнай тэмы намеснік дырэктара Гродзенскага прафесійнага тэхналагічнага каледжа І.Ю.Брушко расказала, як рыхтуюць пераможцаў WorldSkills у гэтай установе. Для эфектыўнай арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстанове створаны сучасныя вучэбныя кабінеты, вытворчыя майстэрні, лабараторыі інфармацыйных тэхналогій і лабараторыя гатавання гарачых страў. Заняткі праводзяць вопытныя высокакваліфікаваныя педагогі, гатовыя перадаць сваё прафесійнае майстэрства выхаванцам. Кіруе работай калектыву дырэктар каледжа Л.І.Бялей. Увогуле ў каледжы пануе творчая атмасфера, якая аб’ядноўвае аднадумцаў, натхнёных на развіццё сучасных напрамкаў у развіцці кандытарскай і кулінарнай індустрыі і ажыццяўленне самых амбіцыйных праектаў. У каледжы з поспехам працуе гурток “Трыумф стылю і густу”, натхняльнікам якога з’яўляецца Л.А.Аўсяннікава, галоўны рэдактар часопіса “Пекар і кандытар”. Людміла Аляксандраўна стала экспертам WorldSkills у кампетэнцыі “Кандытарскае мастацтва” і актыўна займаецца пошукам і ўкараненнем новых яго кірункаў. З яе дапамогай былі арганізаваны серыі майстар-класаў, якія спрыялі станаўленню і прафесійнаму росту педагогаў. Асабліва хочацца адзначыць выкладчыка В.К.Токць і майстра вытворчага навучання А.С.Горбач, вынікам самаадданай працы якіх сталі шматлікія перамогі навучэнцаў каледжа ў розных конкурсах. Самым яркім упрыгажэннем перамог у кандытарскім мастацтве з’яўляецца навучэнка каледжа Злата Шпак. Яна неаднаразовы прызёр шматлікіх нацыянальных і міжнародных прафесійных конкурсаў, звязаных з рухам WorldSkills. А зусім нядаўна Злата прывезла медаль оf Еxcellenсе з чэмпіянату China International Skills Competition 2017.

З 1 курса Злата наведвала гурток “Трыумф стылю і густу”, і там, па сутнасці, развіваўся яе кандытарскі талент. Дзяўчыну захапіла фантазія, творчасць, і яна з энтузіязмам пачала працаваць з такімі складанымі матэрыяламі, як шакалад, карамель. У яе руках гэтыя прысмакі ператварыліся ў самыя падатлівыя інгрэдыенты кандытарскіх вырабаў. Дзяўчына з’яўляецца стыпендыятам прэміі Рэспубліканскага “Белнафтахімпрафсаюза”, спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Хочацца расказаць яшчэ пра адну вядомую асобу ў сістэме прафесійнай адукацыі нашай краіны і непасрэдна ў руху WorldSkills. Гэта Наталля Іванаўна Юхневіч, міжнародны эксперт, выдатны педагог, чалавек, захоплены ідэяй рыхтаваць кадры для швейнай вытворчасці толькі міжнароднага ўзроўню па стандартах WorldSkills. Яна ўспрымае гэты рух як своеасаблівы брэнд у папулярызацыі рабочых прафесій сярод моладзі і непасрэдна сваёй установы — Гродзенскага каледжа тэхнікі, тэхналогій і дызайну. Наталля Іванаўна падрыхтавала шмат навучэнцаў, якія з поспехам выступілі на міжнародных і нацыянальных конкурсах WorldSkills. Чаго толькі варта яе выхаванка Вольга Кушнер! Дзяўчына, уладальніца шматлікіх узнагарод, нядаўна пакарыла журы сваім майстэрствам у конкурсе ў Краснадары і заваявала права ўдзельнічаць у сёлетнім сусветным чэмпіянаце. Цяпер яна інтэнсіўна рыхтуецца. І побач, безумоўна, яе настаўніца і дарадца Наталля Іванаўна. Яна добра ведае асаблівасці сучаснай швейнай вытворчасці, эфектыўна выкарыстоўвае свае веды ў падрыхтоўцы кадраў, прафесійна спалучаючы тэорыю з практыкай. У дапамогу вучэбнаму працэсу педагог выкарыстоўвае камп’ютарнае суправаджэнне і з’яўляецца аўтарам электроннага сродку навучання “Тэхналогія падрыхтоўча-раскройнай вытворчасці”. Пад кіраўніцтвам Наталлі Іванаўны навучэнцы займаюцца даследчай дзейнасцю, удзельнічаюць у навукова-практычных канферэнцыях, семінарах, у рэспубліканскім конкурсе “Млын моды” і шэрагу іншых спаборніцтваў, дзе сваімі перамогамі падымаюць імідж сваёй навучальнай установы.

Вельмі актыўна ўключыўся ў рух WorldSkills Belarus Кобрынскі дзяржаўны політэхнічны каледж. Амаль у першы год, калі Беларусь стала членам WorldSkills International, навучэнцы каледжа прынялі ўдзел у абласным этапе гэтага спаборніцтва па некалькіх кампетэнцыях. Па сутнасці, навучэнцы каледжа сваім паспяховым выступленнем на міжнароднай арэне і на рэспубліканскім узроўні дадалі папулярнасці сваёй установе. У II Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2016 па кампетэнцыі “Сантэхніка і ацяпленне” Андрэй Кірыковіч заняў 1-е месца, Арцём Рыжук — 2-е, а майстар вытворчага навучання А.А.Бойка атрымаў статус эксперта WorldSkills.

Юныя кабрынчане ўвайшлі ў склад беларускай зборнай, якая выступіла ў Краснадары і ў Кітаі. Абодва навучэнцы кобрынскага каледжа на дзвюх гэтых конкурсных пляцоўках па кампетэнцыі “Сантэхніка і ацяпленне” выступілі даволі ўдала. Такіх жа ўдалых вынікаў чакаем і ад самага галоўнага прафесійнага спаборніцтва — чэмпіянату ў Абу-Дабі.

Зінаіда Вітальеўна Шкутнік, загадчыца рэсурснага цэнтра ўстановы, расказала, што для падрыхтоўкі канкурсантаў у каледжы створаны ўсе ўмовы: вучэбна-матэрыяльная база аснашчана сучасным абсталяваннем і тэхнічна не адстае ад аснашчанасці прадпрыемстваў. Педагогі і майстры вытворчага навучання пастаянна павышаюць свой прафесійны ўзровень, а ў адукацыйны працэс укараняюць новыя, найбольш эфектыўныя формы і метады навучання, каб з кожным разам павышаць якасць прафесійнай падрыхтоўкі. Змест навучання пастаянна абнаўляецца з улікам стандартаў WorldSkills і тых патрабаванняў, якія прад’яўляюць да маладых кадраў работадаўцы.

Час ляціць вельмі хутка, і не за гарамі самы адказны чэмпіянат у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Хай нам пашчасціць!

Ала КЛЮЙКО.