Маладыя прафесіяналы Віцебшчыны змагаліся за званне лепшага па прафесіі на рэгіянальным адборы “WorldSkills Belarus — 2016”.
— Наша вобласць з развітой прамысловасцю павінна ста ць лідарам айчыннага руху WorldSkills, мы можам даказаць, што ў нас выдатна вучаць актуальным прафесіям, — паставіў задачу-максімум старшыня аргкамітэта старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця рэгіянальнага этапу спаборніцтва, што адбылася на базе Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-будаўнічага каледжа. — Прапаганда рабочых прафесій, прафарыентацыя моладзі — адна з надзённых сучасных праблем. У гэтым сэнсе лепшы інструмент, чым WorldSkills, прыдумаць немагчыма.
За пуцёўку на рэспубліканскі чэмпіянат змагаліся 32 канкурсанты — навучэнцы, студэнты і кваліфікаваныя рабочыя ва ўзросце да 22 гадоў. Яны спаборнічалі ў васьмі кампетэнцыях. Экспертамі выступілі не толькі выкладчыкі, але і спецыялісты прадпрыемстваў Віцебшчыны. Па выніках спаборніцтва пераможцамі сталі Марына Савіцкая (Віцебскі дзяржаўны індустрыяльна-тэхналагічны каледж, кампетэнцыя “Дызайн адзення”), Марына Рашоткіна (Віцебскі дзяржаўны індустрыяльна-педагагічны каледж, “Цырульніцкае майстэрства”), Сцяпан Салаўёў (філіял Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж, “Сталярныя работы”), Ігар Ляшко (Віцебскі дзяржаўны індустрыяльна-будаўнічы каледж, “Абліцовачныя работы”), Андрэй Пяткоўскі (Віцебскі дзяржаўны індустрыяльна-будаўнічы каледж, “Каменныя работы”), Антон Яскевіч (Віцебскі дзяржаўны станкаінструментальны каледж, “Такарныя работы на станках з праграмным кіраваннем”) і Марыя Пачэпка (Віцебскі дзяржаўны політэхнічны прафесійны ліцэй, “Кандытарскае мастацтва”).
— Далучэнне да руху, які яшчэ называюць алімпіядай рабочых рук, дае нашай краіне ўнікальную магчымасць наблізіць свае стандарты прафесійнай адукацыі да міжнародных, перагледзець вучэбныя праграмы для падрыхтоўкі канкурэнтаздольных, запатрабаваных на сучасным рынку працы спецыялістаў, — адзначыў начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома. — Вельмі важна ўдзельнічаць у такіх конкурсах, гэта прымушае нас ісці наперад, удасканальваючы новыя тэхналогіі.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскім
дзяржаўным індустрыяльна-тэхналагічным каледжам.