Як раскрыць у дзіцяці мастацкі талент? Як педагогу стаць паплечнікам юнага творцы? Як сканструяваць такое адукацыйнае асяроддзе, якое б спрыяла раскрыццю здольнасцей дзіцяці? Як распрацаваць для яго індывідуальную адукацыйную праграму? На гэтыя і іншыя пытанні шукалі адказы ўдзельнікі пасяджэння рэспубліканскага метадычнага аб’яднання педагагічных работнікаў “Падтрымка адораных дзяцей праз раскрыццё і рэалізацыю творчага патэнцыялу ў выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве”, якое напрыканцы мінулага тыдня прайшло на Гомельшчыне. Усяго ў прафесійнай размове прынялі ўдзел больш за 100 педагогаў з усёй краіны.
Дарога да майстэрства педагога
“Для мяне заўсёды вялікае хваляванне і вялікая адказнасць праводзіць рэспубліканскія метадычныя мерапрыемствы ў сферы выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў рэгіёнах краіны, у межах якіх мы разам з органамі кіравання адукацыяй, прадстаўнікамі навукі і ўстановамі агульнай сярэдняй адукацыі выяўляем і абмяркоўваем надзённыя праблемы ў сферы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, інтэгруем тэарэтычныя веды і практычны вопыт, выбудоўваем перспектывы, ствараем атмасферу калегіяльнага супрацоўніцтва і, што асабліва важна, разам рэалізуем сваю асобу, свой прафесіяналізм у рабоце з дзецьмі ў такой важнай сферы адукацыі, як адукацыя асобасна арыентаваная, адукацыя свабодная, адукацыя ў імя самога дзіцяці. Уласна, у гэтым і заключаецца галоўная місія рэспубліканскага метадычнага аб’яднання”, — прызналася Тамара Арсенцьеўна Сідарэвіч, кіраўнік Рэспубліканскага метадычнага аб’яднання, метадыст вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.
Яна адзначыла, што праблема ўдасканалення дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі менавіта ў аспекце развіцця дзіцячай адоранасці напрамую залежыць ад майстэрства педагога, бо слаба падрыхтаваны педагог не зможа рэалізаваць самыя цікавыя педагагічныя задумы, яму не па сілах выявіць адораных дзяцей і стварыць умовы для іх развіцця. Прафесіяналізм педагога прадугледжвае ажыццяўленне аптымальнага адбору метадаў і форм навучання і выхавання, самастойную распрацоўку і апрабацыю педагагічных тэхналогій або іх элементаў, валоданне і прымяненне ў практычнай дзейнасці сучасных методык — даследчых і эксперыментальных. Таму размова падчас сустрэчы і вялася якраз пра тое, якімі якасцямі, ведамі, вопытам неабходна валодаць сучаснаму педагогу для пабудовы эфектыўнай работы з адоранымі дзецьмі, на чым рабіць акцэнты ў педагагічнай дзейнасці.
Так, пра дэанталагічную гатоўнасць педагогаў да ўзаемадзеяння з адоранымі навучэнцамі паразважала І.А.Карповіч, магістр псіхалагічных навук, аспірант Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна, старшы выкладчык кафедры псіхалогіі і педагогікі. Яе калега, С.С.Ладысюк, старшы выкладчык кафедры псіхалогіі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, прадставіла свой пункт гледжання на праблему ідэнтыфікацыі дзяцей з мастацкай адоранасцю і паспрабавала знайсці залатую сярэдзіну паміж падыходам да кожнага дзіцяці як да адоранага і міфам, што талент праявіцца сам. Дыягнастычны інструментарый выяўлення і развіцця мастацкай адоранасці паспрабавала даць П.С.Смаляная, педагог-псіхолаг Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.
Каб на практыцы адпрацаваць атрыманыя веды, удзельнікі пасяджэння прынялі ўдзел у рабоце Акадэміі педагагічных інавацый. У яе межах прайшоў навукова-метадычны практыкум “Эфектыўныя стратэгіі работы з адоранымі навучэнцамі” пад кіраўніцтвам А.С.Астрэйка, кандыдата педагагічных навук, дацэнта, загадчыка філіяла кафедры педагогікі і псіхалогіі Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна ў Мазырскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Часткай акадэміі стаў і трэнінг “Канструяванне педагагічнага суправаджэння дзіцячай адоранасці ва ўстанове дадатковай адукацыі” ад педагогаў-псіхолагаў устаноў адукацыі Мазырскага раёна.
Каб паглядзець, як на практыцы вядзецца работа з адоранымі навучэнцамі ў Гомельскім рэгіёне, удзельнікам пасяджэння быў прадстаўлены вопыт работы педагогаў Мазырскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, Гомельскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі, Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна, а таксама сярэдняй школы № 9 Мазыра, сярэдняй школы № 61 Гомеля, Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Ювента” Светлагорска, Жлобінскага гарадскога цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Эўрыка”, Гомельскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі.
Мы — каманда
“Талент выйграе гульні, а каманда — чэмпіянаты”, — так ёміста абазначыла перавагі работы ў вялікай педагагічнай камандзе Аксана Віктараўна Казачэнка, дырэктар Мазырскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. У 2017 годзе ў гэтай установе быў адкрыты вучэбна-метадычны кабінет, вядучым вектарам дзейнасці якога стала развіццё асобы адоранага дзіцяці. Гэты кірунак рэалізуецца творчай групай метадыстаў цэнтра, і ўжо ёсць вынікі. Актывізавалася праектна-даследчая дзейнасць як педагогаў, так і навучэнцаў. Павялічваецца колькасць удзельнікаў і прызёраў мерапрыемстваў розных узроўняў, пачаўся якасна новы этап, які характарызуецца актывізацыяй інавацыйнай дзейнасці праз рэалізацыю рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання маральных каштоўнасных арыентацый вучняў праз арганізацыю валанцёрскай дзейнасці ў сістэме ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі, дзіцячых і маладзёжных аб’яднанняў”, праектаў “Акадэмія педагагічных інавацый”, “Цікавае асяроддзе”, “Дарыць дабро так проста” і інш.
Цікавы вопыт быў прадстаўлены ў межах работы педагагічнай студыі “Стварэнне творчага асяроддзя. Выкарыстанне інавацыйных і традыцыйных тэхналогій на занятках аб’яднанняў па інтарэсах”. Так, пра выкарыстанне пуантылізму ў жывапісе расказала С.М.Барысейка, настаўніца выяўленчага мастацтва, педагог дадатковай адукацыі сярэдняй школы № 9 Мазыра. Дыферэнцыраваць творчыя заданні павучылі калег супрацоўнікі кафедры тэхналагічнай адукацыі Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна. Як развіваць кампазіцыйнае мысленне навучэнцаў, расказала Н.А.Рэвуцкая, метадыст, педагог дадатковай адукацыі ўзорнай студыі выяўленчага мастацтва “Вясёлыя фарбы” Мазырскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.
“Сацыяльнае партнёрства ўстановы дадатковай адукацыі Мазыра ў рабоце з адоранымі дзецьмі: рэгіянальны аспект” стала тэмай выступлення Т.Л.Андрыеўскай, намесніка дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Мазырскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Таццяна Леанідаўна паведаміла, што ўстановай вядзецца актыўная работа па наладжванні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва са шматлікімі сацыяльнымі партнёрамі, з дзяржаўнымі і недзяржаўнымі структурамі з мэтай паспяховай рэалізацыі дзейнасці ў галіне адукацыі і развіцця навучэнцаў. Найбольш значным сацыяльным партнёрам выступае Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна, філіял кафедры педагогікі і псіхалогіі якога ўжо 5 гадоў дзейнічае ў цэнтры.
“Наша адукацыя дае навучэнцам магчымасць пашырыць сваю тэарэтычную і практычную падрыхтоўку па музыцы, мастацтве, экалогіі, біялогіі, журналістыцы і іншых галінах ведаў. Уменне навучэнцаў вышываць крыжыкам і рабіць вырабы — гэта элементарны ўзровень уменняў, а вось нестандартны падыход і арыгінальнасць ідэй у стварэнні новых творчых прадуктаў — гэта трэнд сучаснай дадатковай адукацыі, — адзначыла Т.Л.Андрыеўская. — Так, у пошуку новых ідэй, нестандартных форм і падыходаў у рабоце з адоранымі навучэнцамі ў нас распрацавана праграма “Адораныя дзеці” і запланаваны новы сумесны праект з універсітэтам “Навукова-педагагічнае суправаджэнне адраджэння беларускіх народных промыслаў у сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”. Наладжана супрацоўніцтва з кафедрай біялогіі, кафедрай прыродакарыстання і аховы прыроды, кафедрай тэхналагічнай адукацыі. Праводзяцца сумесныя навукова-практычныя семінары, навукова-даследчыя работы з навучэнцамі на тэму “Моладзь і экалагічныя праблемы”.
Праект — у студыю!
Стварэнне праектнай адукацыйнай прасторы для развіцця дзіцячай адоранасці і творчай актыўнасці навучэнцаў стала прыярытэтным кірункам дзейнасці Гомельскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі. Праектам можна назваць самі заняткі ў народнай студыі выяўленчага мастацтва, нязменным кіраўніком якой з’яўляецца Валянцін Пятровіч Пакаташкін, выдатнік народнай адукацыі, заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь. Ён распрацаваў праграму на павышаным узроўні. Цяпер навучэнцы пасля яе асваення атрымліваюць дакумент аб адукацыі (сертыфікат), які ў далейшым дапамагае ім пры паступленні па профілі. За два гады такі дакумент атрымалі 15 навучэнцаў студыі і паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі па профілі.
Але, адзначае кіраўнік студыі, заняткі выяўленчым мастацтвам — гэта не толькі паступленне, але і жаданне навучыцца маляваць, разумець мастацтва, любіць прыроду і сваю малую радзіму. Пацвярджае гэта і той факт, што ў студыю прыходзяць навучэнцы каледжаў, студэнты УВА. Па словах педагога, яго задача — як мага больш прыцягваць дзяцей да творчасці, бо яна спатрэбіцца ва ўсіх спецыяльнасцях і сферах жыцця.
Праграма аб’яднання па інтарэсах “Выяўленчая творчасць, кераміка, выцінанка”, кіраўніком якога з’яўляецца Людміла Віктараўна Сычова, уключае ў сябе вывучэнне дзвюх адукацыйных сфер: “Выяўленчае мастацтва” і “Дэкаратыўна-прыкладная творчасць”. Праграма аб’яднання складзена такім чынам, што, вывучаючы тэмы раздзелаў, навучэнцы спачатку малююць, затым лепяць, пасля выразаюць аб’екты, выкарыстоўваючы прыёмы выцінанкі. Такім чынам, раздзелы праграмы ўяўляюць сабой своеасаблівыя міні-праекты.
Пра сваё вынаходніцтва — вышыўку саломкай па адзенні, расказала Таццяна Мікалаеўна Крывянкова, педагог дадатковай адукацыі Жлобінскага гарадскога цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Эўрыка”. Яе калега з гэтай жа ўстановы, Уладзімір Іванавіч Панамароў, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах па кераміцы “Арыбал”, расказаў пра свой праект “Беларуская цацка-свістулька”. Праект уключае ў сябе серыю тэматычных заняткаў, падчас якіх навучэнцы знаёмяцца з гісторыяй і традыцыямі народнай керамічнай свістулькі, вучаць тэхналогіі вырабу і дэкарыравання гатовай работы, ствараюць выставачныя экспазіцыі.
Са сваім аўтарскім праектам “Камп’ютарная анімацыя ў мастацкай творчасці” пазнаёміла калег Алена Сяргееўна Літвінава, педагог дадатковай адукацыі Гомельскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі.
Вынікам сустрэчы стаў круглы стол, падчас якога педагогі падвялі вынікі сустрэчы, абазначылі перавагі прафесійнага ўзаемадзеяння, абмеркавалі новыя творчыя магчымасці і шляхі вырашэння задач па стварэнні сістэмы работы з адоранымі дзецьмі, скаардынавалі ўзаемадзеянне рэспубліканскага і рэгіянальных метадычных аб’яднанняў у новым навучальным годзе ў межах рэспубліканскага метадычнага кластара.
Галоўнай высновай удзельнікаў пасяджэння стала тое, што часта вера ў магчымасці выхаванца, памножаная на майстэрства бацькоў і педагогаў, здольна тварыць педагагічныя цуды. У жыцці часта аказваецца важна нават не тое, што дала чалавеку прырода, а тое, што ён здолеў зрабіць з тым дарам, які ў яго ёсць.
Святлана НІКІФАРАВА.