11—12 сакавіка ў Мінску ў лёгкаатлетычным манежы БДУФК прайшлі рэспубліканскія спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы сярод дзяцей “300 талентаў для Каралевы”. Удзельнікамі праекта сталі 300 маленькіх спартсменаў з 6 абласцей і Мінска — па 43 атлеты ад кожнага рэгіёна. На адкрыцці спаборніцтваў прысутнічалі прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка, міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук, міністр адукацыі Ігар Карпенка, рэктар БДУФК Сяргей Рэпкін, а таксама бронзавы прызёр чэмпіянату свету па лёгкай атлетыцы 2011 года ў скачках у даўжыню Анастасія Мірончык-Іванова і галоўны трэнер нацыянальнай каманды па лёгкай атлетыцы Юрый Маісевіч.
Пасля таго як каманды сабраліся на манежы, да юных спартсменаў са словамі прывітання звярнуўся міністр адукацыі. “Вы, нашы юныя спартсмены, прайшлі нялёгкі шлях, перш чым трапіць у фінал, — звярнуў увагу І.Карпенка. — Сваімі ўпартасцю і моцным жаданнем дабіцца поспехаў у лёгкай атлетыцы вы паказалі, што дастойныя таго, каб уваходзіць у лік “300 талентаў для Каралевы”. Мы ўпэўнены, што гэтае мерапрыемства стане запамінальнай падзеяй, а многія з вас праз некаторы час стануць зоркамі беларускай лёгкай атлетыкі, сусветнага спорту і абавязкова заваююць самыя прэстыжныя спартыўныя ўзнагароды. Спорт загартоўвае чалавека, робіць яго моцным і мэтанакіраваным”.
Міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук таксама звярнуўся да маленькіх атлетаў і расказаў, што “300 талентаў для Каралевы” маюць вялікае значэнне для развіцця лёгкай атлетыкі ў краіне. “Віншую вас з тым, што вы прайшлі карпатлівы адбор і прымаеце ўдзел у сённяшнім свяце. У нашай краіне лёгкая атлетыка — адзін з ключавых відаў спорту, — акцэнтаваў увагу міністр. — Атлеты з гонарам прадстаўляюць нашу краіну на самых прэстыжных спаборніцтвах. Не так даўно чэмпіёнам Еўропы стаў скакун у вышыню ў памяшканні Максім Недасека. І менавіта з такіх дзіцячых спаборніцтваў пачынаецца шлях да вяршынь вялікага спорту. Мары становяцца рэальнасцю, і ў кожнага з вас ёсць такая магчымасць. Вы прайшлі сур’ёзны адбор на раённых, абласных стартах, і сённяшні ваш удзел у фінальным этапе праекта — гэта ўжо перамога”.
Праграма мерапрыемстваў складалася з некалькіх лёгкаатлетычных дысцыплін. Так, на праекце вызначылі лепшых у эстафеце, якая складалася з 8 этапаў па 50 м, у кіданні набіўнога мяча з-за галавы вагой 1 кг стоячы на каленях, бар’ерным бегу на 30 м з вяртаннем назад і скачках на скакалцы.
Наталля Кустава, прадстаўнік каманды Брэсцкай вобласці, расказала, што акрамя юных спартсменаў ад кожнай вобласці для ўдзелу ў фінальных спаборніцтвах прыехалі 5 трэнераў па лёгкай атлетыцы, якія спецыялізуюцца на пэўных відах спорту, і настаўнікі фізічнай культуры і здароўя. Усе без выключэння каманды фарміраваліся на аснове адборачных этапаў, якія праходзілі, пачынаючы з мая. Першапачаткова настаўнікі збіралі для Федэрацыі лёгкай атлетыкі даныя аб фізічнай падрыхтоўцы навучэнцаў 1—3-х класаў. Пасля гэтага БФЛА праводзіла адбор па сваіх крытэрыях і рыхтавала спісы дзяцей, якія могуць прымаць удзел у другім этапе.
“Па выніках другога этапу ад кожнага рэгіёна былі адабраны 43 школьнікі: яны прымалі ўдзел у трэцім этапе, які падчас восеньскіх канікул праходзіў у “Зубраняці” і ўяўляў сабой вучэбна-трэніровачны збор, — расказала Н.Кустава. — Гэты этап быў неабходны для таго, каб дзеці змаглі падрыхтавацца да выступленняў у фінальнай праграме спаборніцтваў. Безумоўна, акрамя добрай фізічнай падрыхтоўкі атлеты, як і ўсе спартсмены, павінны валодаць такімі якасцямі, як вынослівасць, сіла, каардынацыя”.
Спаборніцтвы пачаліся з эстафеты 8 па 50 метраў. 1-е месца заняла зборная Магілёўскай вобласці з вынікам 1: 04.30. Крыху адсталі ад іх прадстаўнікі Гомельскай вобласці і сталі другімі з вынікам 1: 06.27. Трэцяй стала зборная Гродзенскай вобласці.
Не менш цікавымі былі скачкі на скакалцы. Згодна з выніковым пратаколам, у скачках сярод дзяўчынак 2 класа 1-е месца заняла Настасся Саўко (сярэдняя школа № 1 Скідзеля) — 62 скачкі. Сярод хлопчыкаў лепшым стаў прадстаўнік каманды Гомельскай вобласці Ілья Татарнікаў (сярэдняя школа № 15 Гомеля) — 66 скачкоў. Сярод трэцякласнікаў лепш за ўсіх працуюць са скакалкай удзельнікі Гомельскай каманды Валерыя Сяміход (гімназія № 56 Гомеля) і Назар Маскалёў (гімназія № 51 Гомеля). Вучні 4-х класаў таксама паказалі добрыя вынікі. Лепшымі як сярод хлопчыкаў, так і сярод дзяўчынак сталі навучэнцы гомельскіх устаноў адукацыі. Арына Быкава з гімназіі № 71 Гомеля за адведзены час паспела здзейсніць 93 скачкі, а яе напарнік па камандзе, Данііл Крыштопк з сярэдняй школы № 34, скокнуў 78 разоў.
У спрынце з бар’ерамі пераможцамі сярод вучняў 2-х класаў сталі гамяльчане Ксенія Макарэвіч з гімназіі № 51 і Багдан Карпенка з гімназіі № 71. Сярод трэцякласнікаў 1-е месца занялі Арцём Мілашэўскі з сярэдняй школы № 20 Гродна і Аліса Нігматуліна з сярэдняй школы № 8 Гомеля. Іван Мядзведзеў з гімназіі № 51 Гомеля і Валерыя Яроміна з сярэдняй школы № 37 Гродна былі прызнаны самымі хуткімі сярод навучэнцаў 4 класа.
Вынікі ў кіданні мяча таксама парадавалі і трэнераў, і суддзяў. Сярод другакласнікаў лепшымі сталі Настасся Саўко з сярэдняй школы № 1 Скідзеля і Арцём Азараў з сярэдняй школы № 2 Скідзеля. Лепшымі сярод вучняў 3 класа прызнаны Дзмітрый Кавальчук з сярэдняй школы № 2 Скідзеля і Валерыя Міхальцова з Чырвонабярэжскай сярэдняй школы Жлобінскага раёна. У кіданні мяча сярод вучняў 4-х класаў 1-е месца прысуджана Кірылу Філіповічу з сярэдняй школы № 2 Скідзеля. Сярод дзяўчынак у гэтай дысцыпліне вылучылася Ксенія Пабудзей з сярэдняй школы № 12 Гродна.
Пасля таго як былі вызначаны пераможцы ў асобных дысцыплінах, судзейская калегія назвала пераможцаў сярод каманд. Сёлета, як і ў 2019 годзе, перамагла каманда Гомельскай вобласці — на яе рахунку 4404 балы. Другой з паказчыкам 4002 балы стала каманда Гродзенскай вобласці. На трэцім радку апынуліся спартсмены з Магілёўскай вобласці, у іх 3396 балаў. Пасля таго як былі вызначаны лепшыя з лепшых, камандзе-пераможцы ўручылі галоўны прыз — Кубак чэмпіёнаў. А ўсе маленькія спартсмены атрымалі ад Нацыянальнага алімпійскага камітэта прыемныя падарункі — мяккія цацкі, медалі, камплекты спартыўнай формы і інш.
Дарэчы, праект “300 талентаў для Каралевы” сёлета праводзіўся 6-ы раз. Гэтае мерапрыемства — ініцыятыва Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі, Міністэрства адукацыі, Міністэрства спорту і турызму. Асноўная задача, якую ставяць перад сабой арганізатары праекта, — адбор і далучэнне да спорту, у прыватнасці, да заняткаў лёгкай атлетыкай найбольш здольных дзяцей і падлеткаў.
Наталля САХНО.
Фота БелТА.