Як адзначыла наша гераіня, на яе рахунку даволі многа дасягненняў (раманы “Ідыёткі”, “12” і “Ціхі цэнтр”, тэлепраграмы “Foxy music” і “12, або На ноч гледзячы”, радыёпраграмы “Пэры” і “Перакруты”, NETradio), але галоўнымі дасягненнямі яна лічыць дзяцей: Мацвея, Кацярыну і Ігара.
Сённяшняя госця праекта “Мая школа” — адна з “50 самых прыгожых і паспяховых людзей Мінска” (2006), пераможца праекта “Дзве зоркі-2” (2007, у пары з Пятром Ялфімавым), “PR-персона-2007”, лаўрэат прафесійнай радыёпрэміі Папова (2009), тэле- і радыёвядучая, телерэжысёр, сцэнарыст, пісьменніца Тамара ЛІСІЦКАЯ.
— Якія асацыяцыі звязаны ў вас са словам “школа”?
— Можа, гэта здасца дзіўным, але ад школы ў мяне не засталося амаль ніякіх асацыяцый. Засталіся толькі самыя прымітыўныя — ранец, урокі, ранішнія зборы — настолькі, наколькі гэта сёння звязана з маімі дзецьмі. Таму ў мяне менавіта зараз актыўнае дзіцячае школьнае жыццё: у доме два школьнікі.
— Няўжо сапраўды ніякага следу не засталося?
— Такія ўспаміны заўсёды звязаны ці з пэўнымі персанажамі, ці з пэўнымі падзеямі. Бо, сапраўды, у школе былі людзі, якія мне нешта далі і ад якіх я нешта ўзяла.
Па розных прычынах у мяне быў ускладнены школьны анамнез. У маёй асобе былі ўсе складнікі школьнага няўдачніка: акуляры, рыжы колер валасоў і вяснушкі, заўсёды была “вечным батанікам” — не завучкай, але вучылася даволі добра (ці можна сказаць, што я “вучылася”?), але самае “жахлівае” было тое, што пачынаючы з 3 класа я працавала на тэлебачанні. Бывалі такія сітуацыі, калі прыходзілася прапускаць заняткі і потым асвойваць праграму самастойна.
— Цяжка было наганяць праграму?
— Канечне, я радавалася, што не ў школу паеду, а куды-небудзь, напрыклад, у Брэст ці Гомель (у нас бывалі працяглыя камандзіроўкі), але потым неяк усё абыходзілася. Ніякіх бонусаў на гэты конт я не мела. Наадварот, мяне не любілі, бо ў мяне было ўласнае жыццё… Здаралася, што пасярэдзіне ўрока заходзіў дырэктар з прадстаўніком нашай тэлегрупы і гаварыў: “Лісіцкую можна? У яе здымкі”, — і пад агульнае маўчанне аднакласнікаў я выходзіла з класа. З аднаго боку, гэта так цудоўна, але я вельмі хутка зразумела, што не так гэта ўжо і добра, асабліва калі адчуваеш, як нядобра настроены клас, калі я вярталася.
— А як жа школьнае сяброўства?
— Маімі сябрамі былі такія ж лузеры-няўдачнікі, як і я, — дзеці, якія па нейкіх прычынах не ўпісаліся ў бліскучы авангард, эліту класа. А ў гэтую эліту ўваходзілі ў нашым класе прыгожыя дзяўчынкі, эфектныя гучныя хуліганістыя хлопчыкі (як, мабыць, і ў кожным нармальным класе) — школьныя “каралі” і “каралеўны”. Я са сваім тэлебачаннем не вельмі ўпісвалася ў іх тэорыю элітарнасці. Можа, яны і рады былі прыняць мяне ў свае рады, каб сярод іх быў такі клоўн, які здымаецца на тэлебачанні, але я не ўпісвалася ў іх асяроддзе па астатніх параметрах (рыжая завучка ў акулярах). І вось па гэтых прычынах у іх склалася агульнае рашэнне мяне ігнараваць і перыядычна “пачмарваць”, каб я ведала сваё месца. Таму школа ў мяне асацыіравалася з некаторым прыніжэннем, але я настолькі хутка да гэтага прывыкла, што толькі потым, калі на экраны выйшаў фільм “Пудзіла” з Хрысцінай Арбакайтэ, я зразумела, праз што мне прыйшлося прайсці: партфель выкідалі, нешта на стул падкладвалі ці крэйдай малявалі, а я на яго садзілася і г.д. Мне тады было вельмі непрыемна, але я была дзіцем і ў мяне было іншае жыццё, якое мяне цікавіла, — тэлебачанне. І ў гэтым іншым жыцці да мяне былі іншыя адносіны.
— Адносіны як да маленькай зорачкі?
— Крый божа! Адносіны былі жорсткія і лаканічныя — як да рабочага матэрыялу. Бо ў нашай камандзе былі таксама і іншыя дзеці. Амаль ва ўсім мы былі такія самыя, як і ўся здымачная група, адно што толькі не пілі гарэлку на святы разам з дарослымі. І мы вельмі стойка пераносілі звязаныя з нашай прафесіяй нягоды нароўні з дарослымі. Вось гэта і была мая школа.
— Школай для вас стала тэлебачанне?
— Так, і гэтыя дарослыя людзі вучылі мяне жыццю ва ўсіх сэнсах гэтага слова. Менавіта на тэлебачанні я станавілася дарослай, і ў гэты працэс сталення мае калегі па тэлебачанні вельмі ашчадна аберагалі мяне (не адну мяне, а ўсіх дзяцей, што з намі працавалі) ад розных патрасенняў.
Гэта была яркая нялёгкая работа — мне адразу далі зразумець, што гэта работа, а не баўленне вольнага часу. Гэта зараз можна крыху схалтурыць і па суфлёры падгледзець тэкст, а тады вялізныя аб’ёмы тэкстаў мы вучылі на памяць. Бывалі найцяжэйшыя прамыя эфіры — модныя тады дзіцячыя тэлемасты. Гэта займала поўнасцю ўсю маю памяць. А калі я вярталася ў школу, то мае модныя і сучасныя аднакласнікі сустракалі варожасцю. А калі мы крыху падраслі і ў кожнага вызначыліся ўласныя балявыя кропкі, то пачаўся яшчэ і псіхалагічны націск. Добра памятаю, як аднойчы адзін з маіх аднакласнікаў сеў насупраць мяне і сказаў: “Божачкі, ты ж такая страшная, чаго цябе на тэлебачанне бяруць?..”
Вось з-за гэтых прычын я пастаралася школу “змікшыраваць”, і яна ў мяне сышла з памяці.
— А настаўнікі? Відаць, іх адносіны да вас былі не такімі адкрыта варожымі?
— Якраз настаўнікі ставіліся да мяне інакш: яны былі больш лаяльнымі. Але да вучобы гэта адносілася менш за ўсё. Што тут казаць, у некаторых прадметах я была надзвычай слабая, і тройкі былі (з матэматыкай у мяне ніколі вялікага сяброўства не было). Бацькі, канечне, журылі: ім хацелася, каб я добра вучылася, але з цягам часу яны зразумелі, што матэматыка з мяне не выйдзе (смяецца). А вось літаратуры і мовы, а таксама такія дзівосныя навукі, як батаніка (а потым біялогія), астраномія, не проста добра “ішлі” — я была памочнікам настаўніка.
— …І гэта, відаць, выклікала нязгоду і пратэст аднакласнікаў?
— Бывала і так. Напрыклад, усім задавалі дамашняе заданне, а мне казалі: “А Лісіцкая падрыхтуе даклад пра…”, і я рыхтавала гэты даклад. І мне было вельмі прыемна выйсці і перад класам расказаць маё дамашняе заданне. Але ніхто мне не апладзіраваў, ніхто ўхвальна не глядзеў на мяне — я сама сабе стварала свята. Былі настаўнікі, з якімі я была не ў ладах с самага пачатку школьнага жыцця (але гэта ўжо забыта!), а былі і такія, што запомніліся да сённяшняга часу і якіх я кожны раз успамінаю з захапленнем.
У 5—6 класах, у самы жорсткі ў дзіцячым калектыве час, фізіку выкладаў стары эксцэнтрычны настаўнік: гучны, адчайны, фанатычны і ў той жа час абсалютна безабаронны. Так, як з яго здзекаваліся мае аднакласнікі (ды і не толькі яны!), наўрад ці можна было прыдумаць — я гэта вельмі добра разумела, бо ў параўнанні з гэтым тое, як ставіліся да мяне, было бязвіннымі дзіцячымі забавамі. Ён заўсёды хадзіў па школе ў крэйдзе, з нейкімі прыклеенымі паперкамі. І ўсім было вельмі весела з яго здзекавацца (для ўсіх гэта была класная забаўка), але ў мяне не было ні сіл, ні магчымасці неяк папярэдзіць яго пра планы маіх аднакласнікаў. Я шкадавала яго з першай хвіліны да апошняй, плакала, калі ўсё гэта бачыла, старалася яго падтрымаць, як магла.
Пры ўсёй сваёй “блажэннасці” ён цудоўна выкладаў фізіку (мая тройка па фізіцы звязана была не з ім, а з тым, што я не ведала, што такое формула). У нас усталяваліся пэўныя адносіны: клас шалеў і хадзіў на галовах, а ён расказваў тэму мне — я нічога не разумела, але ўважліва слухала. Апафеоз такіх адносін здарыўся пасля выпускнога экзамену (я ўжо не памятаю чаму, але разам з біялогіяй і літаратурай я здавала фізіку). Дык вось пасля таго, як я адказала білет і выйшла з класа, наш фізік узяў адзін з букетаў, што стаялі ў вазах на стале ў экзаменацыйнай камісіі (як на любым экзамене ў той час), выбег з класа і падарыў яго мне. Я не адказвала лепш за ўсіх, я не была найлепшай вучаніцай — відаць, гэта была падзяка за тое, што я, як мінімум, была ўважлівым слухачом на яго ўроках.
А потым, гадоў праз дзесяць, як я скончыла школу, на беларускім тэлебачанні з’явілася праграма “Аднакласнікі”, у якой медыйныя персоны, сабраўшы групу падтрымкі з аднакласнікаў і настаўнікаў, разважалі пра жыццё. На адну з такіх праграм запрасілі і мяне, дык вось у маю падтрымку амаль ніхто не сабраўся (у мяне амаль не было сяброў у школе), прыйшлі чалавек сем з розных класаў, з якімі я падтрымлівала тады адносіны і якія мяне падтрымалі. Сярод іх былі і “прапісныя” двоечнікі і выдатнікі, што па нейкіх прычынах, як і я, нікому ў школьныя гады не былі патрэбны.
Калі ў мяне спыталі, каго з настаўнікаў я хацела б запрасіць на праграму, я, ніколькі не задумваючыся, назвала першую настаўніцу Аду Алегаўну (настаўнікі пачатковай школы не паспяваюць сапсаваць дзецям жыццё, і з імі часцей за ўсё звязаны добрыя ўспаміны) і настаўніка фізікі Ігара Аркадзьевіча. Я думаю, што для Ігара Аркадзьевіча, які прыйшоў на тэлебачанне як мой любімы настаўнік, гэта была своеасаблівая падзяка за аказаную мне ўвагу. І я была вельмі рада, што ён застаўся такім, як і ў школе, феерычным і эмацыянальным, многа гаварыў і размахваў рукамі.
— Вы скончылі журфак. Скажыце, выбар ВНУ быў свядомы? Наколькі проста ці складана было вучыцца?
— Справа ў тым, што да 14 гадоў я “дарасла” да студыі “Рамантыкі”, якую ў той час на першым канале беларускага радыё вяла Таццяна Іонаўна Пятрова (дасюль не разумею, навошта ёй трэба было вазіцца з падлеткамі?). Гэта была сапраўдная радыйная студыя для падлеткаў, дзе мы ўсе маглі праявіць сябе. Падрыхтоўка сюжэтаў, эфіры (у тым ліку і прамыя), мантажы і іншая работа, як на звычайнай дарослай радыёстанцыі. Нам выдавалі вялізныя “дагістарычныя” катушачныя рэпарцёры з мікрафонам на тэлескапічнай ручцы, мы запісвалі інтэрв’ю, потым запісы манціраваліся (памятаю, як для мантажораў на катушкі з плёнкай ставілі закладачкі), гэта ўсё праслухоўвалі і абмяркоўвалі, ну і, канечне, потым выпускалі ў эфір. Разам са мной тады займаліся Аляксандр Хабараў, Ягор Хрусталёў, Аляксандр Круглякоў і іншыя.
І калі мы падышлі да заканчэння школы, то далейшы прафесійны шлях ужо нават не абмяркоўваўся. Таццяна Іонаўна нам усім сказала: “У вас ужо вялікі вопыт, і не думайце нават нікуды больш ісці. І больш за тое, выбірайце радыёжурналістыку. Вы ж прыйдзеце не проста з публікацыямі, а з прафесійна выкананымі сюжэтамі і праграмамі”. І вось з вялізнай колькасцю пацвярджэнняў пра выхад радыйных матэрыялаў мы роўнымі радамі пайшлі на журфак.
Атрымалася так, што на момант паступлення ва ўніверсітэт мы, выхаванцы “Рамантыкаў”, добра ўсведамлялі, што тут нас мала чаму новаму могуць навучыць (дарэчы, так склалася, што наш курс на дзіва ўвесь складаўся з практыкаў). Так пачалася вельмі цікавая вучоба, але для мяне яна была вельмі кароткай, і я не мела магчымасці вызначыць, хто я, адшчапенец ці зорка. Тут, ва ўніверсітэце, мяне акружалі блізкія па духу людзі, таму адчуванне зносін было зусім іншае. Скончыўшы першы курс, я перавялася на завочнае аддзяленне і пайшла працаваць рэдактарам аддзела эстэтычнага выхавання ў навукова-метадычным часопісе “Пралеска”. Такая класічная “офісная” рэдакцыя была першай і апошняй у маім жыцці. Потым былі радыйныя і тэлевізійныя суполкі, якія не ўпісваліся ў традыцыйны шаблон рэдакцыі: большасць маёй працоўнай дзейнасці праходзіла ў новым фармаце: без ніякіх нарматываў, з неверагодным азартам, калі трэба, з работай цэлымі суткамі… і на радыё, і на тэлебачанні, калі трэба было рабіць нешта новае і генерыраваць нестандартныя падыходы да выканання сваёй работы. Так нарадзілася экспрэсіўная і авангардная перадача на восьмым канале “Дванаццаць, або На ноч гледзячы”, якая была шмат у чым прарыўная (але чамусьці ўсе ўспамінаюць маю кароткую спадніцу, у якой я сядзела ў кадры (смяецца): я яе не спецыяльна апранала, проста іншых я тады не насіла). Пры поўнай адсутнасці ў той час музычных праграм мы давалі блокамі песні вядомых у свеце груп, якія многія гледачы толькі адкрывалі для сябе (не будзем гаварыць пра тое, адкуль гэтыя кліпы тады браліся…) — гэта быў музычны прарыў, нам сапраўды хацелася данесці навіны музычнага свету, і мы іх даносілі. Інтэрнэту тады не было, і гэтую інфармацыю мы збіралі праз сяброў і знаёмых, што мелі магчымасць даслаць нам якія-небудзь матэрыялы. Я нават не памятаю, ці плацілі нам за гэта: тады была важная ідэя, а не зарплата.
А паколькі ў нас тэлебачання і радыё было мала, а жадаючых працаваць на ім — многа, то мне прыйшлося “шукаць шчасця” ў Маскве. Мой пераезд туды быў дастаткова спантанны, камічны і адразу “ў дамкі”: праз паўгода я ўжо была выпускаючым рэжысёрам праграмы “Гадзіна пік”.
— Вы аказаліся ў патрэбны час у патрэбным месцы?
— Амаль. Да таго моманту я ўжо некалькі разоў ездзіла ў Маскву на разавыя работы. Я навучылася даволі добра манціраваць, мне падабаўся рэзкі кліпавы мантаж — у нас такога яшчэ не было, і там спатрэбіліся мае навыкі. А там са знаёмымі-мантажорамі мы бясплатна рабілі кліпы для беларускіх музычных груп.
Такім чынам, у мяне была ўжо пэўная школа паездак у Маскву: як мінімум, я ведала, дзе знаходзіцца Беларускі вакзал і дзе ходзяць цягнікі.
Потым так выйшла, што на Радыё БіЭй мы пазнаёміліся з Уладзімірам Тузом, які прыязджаў у Мінск узнімаць FM-цаліну. Менавіта з яго лёгкай рукі я, адчуўшы пэўны крытычны момант, накіравалася ў Маскву. Перад гэтым знайшла тэлефоны ГРТ, тэлекампаніі “ВІД”, яшчэ некалькіх тэлекампаній, якія ў той час актыўна з’яўляліся на тэлеэкране. І ў патрэбных (з майго пункта погляду) месцах пакінула пра сябе інфармацыю. А па адным з тэлефонных нумароў быў аўтаадказчык, якога я страшна спужалася і нагаварыла на яго нейкага смешнага глупства.
Потым узяла білет і раніцай была ў Маскве. Адразу патэлефанавала Уладзіміру Тузу (ён, дарэчы, па-сапраўднаму спужаўся, што са мной прыйдзецца вазіцца). Ён як чалавек прыстойны не змог мяне кінуць адну ў вялікім горадзе і прапанаваў прыехаць у Астанкіна, заказаўшы пропуск (больш нічым ён сапраўды мне дапамагчы не мог). Большага, у прынцыпе, мне і не трэба было: білет дадому ў мяне быў.
Прыехала ў Астанкіна, паднялася на 12 паверх (там “базіравалася” тэлекампанія “ВІД”), знайшла кабінет генеральнага прадзюсара Андрэя Разбаша. Зразумела, што мяне да яго не пусцілі (бо я не была запісана), але прапанавалі сустрэцца з чалавекам, які “такіх вось” асаджвае. Пачуўшы мой голас, гэты чалавек прывёў мяне ў свой кабінет, уключыў аўтаадказчык і спытаў: “Гэта вы?” — “Я”. — “Ведаеце, — сказаў ён, — мы тыдзень смяяліся з таго, што вы нагаварылі”. Праз некалькі хвілін я была ўжо ў кабінеце генеральнага прадзюсара.
— І?..
— “У мяне на вас ёсць тры хвіліны, — сказаў Разбаш, — расказвайце, што вы ўмееце?” — “Я тэлевядучая.” — “Я запытаўся, што вы ўмееце”. Канечне, я сказала, што я тэлевядучая, рэжысёр, мантажор і г.д. “У мяне з сённяшняга дня вызваляецца месца выпускаючага рэжысёра, у вас ёсць тыдзень на тое, каб павучыцца,” — паведамілі мне і перадалі “з рук у рукі” далей. Мне адразу выдзелілі рабочую кватэру (нават далі магчымасць выбраць паверх). Вось такая са мной адбылася казка. Ніякіх пратэкцый, ніякіх знаёмстваў. Толькі ланцужок выпадковасцей і мая актыўнасць. Я не кажу пра прафесійныя навыкі, бо ў гэтым я была абсалютна ўпэўнена.
Я прыехала ў сваю кватэру, паставіла два пакеты, што былі пры мне, і паехала дадому паведаміць, што я застаюся працаваць у Маскве.
Цэлымі днямі і начамі я сядзела за спінай у выпускаючага рэжысёра і глядзела, як ён гэта робіць. (Сапраўды, сядзець за пультам і выпускаць праграму ў эфір, улічваючы памер нашай тагачаснай краіны (СССР), проста страшна.) А на першых эфірах мяне абавязкова страхавалі: на выпадак, калі б раптам мне стала дрэнна (напружанне проста вар’яцкае), за мной стаяў чалавек, які б мог мяне замяніць. Вельмі добра памятаю: я за пультам, у студыі сядзіць Разбаш, а разам з ім Гарбачоў. І гэта трэба выпусціць у эфір. Першы тыдзень я запорвала эфіры “з усіх сіл”, а на другі ўжо пакрыквала на аператараў. Мне тады было 24 гады.
За 3 гады работы там я атрымала каласальны прафесійны вопыт ва ўсіх сферах. Я працавала суткамі (пражыўшы столькі ў Маскве, я не ведала ніводнага начнога клуба), я сядзела і працавала, мне было “ў кайф”. Праз некаторы час быў нават створаны асобны аддзел — аддзел спецпраектаў, у якім быў усяго адзін супрацоўнік — я. У маіх абавязках было стварэнне промафільмаў і ролікаў.
— Як вы лічыце, дзякуючы якім якасцям вам удалося атрымаць гэтую работу і ўтрымацца на ёй?
— Без базы, без ведаў і ўменняў доўга затрымацца ў маёй прафесіі было немагчыма. Любы правал мог стаць чорнай плямай на біяграфіі. Але трэба было мець пэўную долю здаровага нахабства, бо без яго можна не паспець і “апельсіны на рынак вывезці”. А тады мною рухаў адчай і авантурызм: мне губляць тады не было чаго, таму я, уласна кажучы, нічога і не баялася.
Зараз у мяне многа прапаноў, але я не спяшаюся акунацца ў іх з галавой. У мяне тут дзеці — куды ж я зараз паеду?..
— Ці многа вашым выхаваннем займаліся бацькі?
— Вось я кажу, што дабілася ўсяго сама, але вельмі добра разумею, што, каб не бацькі, шмат чаго не было б. Усё было, як ва ўсіх. Я вучылася, у мяне правяралі ўрокі. Бацька мой, Рыгор Афанасьевіч, быў вельмі строгі, і ў яго была вельмі добрая памяць. Калі я вучыла на памяць школьныя вершы і там-сям запіналася, ён па памяці мяне папраўляў. Неяк мяне вельмі ўразіла, як ён успомніў цалкам “Песню пра вешчага Алега” — і я зараз яе памятаю, як і шмат чаго іншага.
А мая мамачка, Тамара Пятроўна (так, у нашай сям’і дзве Тамары — маці і я, і два Рыгоры — бацька і брат), — вельмі добры і самаадданы чалавек. Яна працавала на адным з мінскіх прадпрыемстваў. Я зараз не ўяўляю, як яна ўсё паспявала. Пра таксі ніколі ніхто не думаў, машын ні ў каго тады не было (у нашым двары стаяла адна, яна там і цяпер стаіць!). Я пасля школы, а яна пасля работы, мы сустракаліся і ляцелі на тэлебачанне. Пасля здымак ці яна забірала мяне сама, ці тэлевізійная група мяне прывозіла дадому. Да ўсяго яна яшчэ была і маім “стылістам”: прычэсвала і банцікі завязвала.
Акрамя гэтага, яна ўвесь час старалася мяне куды-небудзь “прыстроіць”: то на фігурнае катанне (з якога я збягала праз тыдзень), то на плаванне. На жаль, я так не магу вазіцца са сваімі дзецьмі: у мяне проста не стае часу, і я таксама спадзяюся на маці — зараз яна ўсюды возіць маіх дзяцей, за што ёй вялікі дзякуй. Аднак калі ў мяне ёсць магчымасць узяць дзяцей з сабой, то яны знаходзяцца побач. Мацвей (старэйшы сын Тамары Лісіцкай. — Заўв. рэд.), калі быў маленькі, сядзеў са мной у студыі на радыйных эфірах (у сад ён тады не хадзіў, і прыстроіць яго не было куды). І мой тады трохгадовы сын сядзеў побач са мной на працягу доўгіх вячэрніх эфіраў. І калі загаралася лямпачка “On air”, то ён ведаў, што трэба маўчаць. І на здымках дзеці бывалі са мной мільён разоў, а потым і ў кадры таксама.
— Дзеці мараць пра работу на тэлебачанні?
— Мацвей ужо зараз ведае, што яму гэта не трэба. Відаць, таму, што ён вельмі многае бачыў на тэлебачанні знутры…
А вось наша сямігадовая Кацярына вельмі добра ўпісалася ў гэтую сферу. І мы займаемся яе адукацыяй: яна паступіла ў музычную школу, займаецца іншымі рэчамі.
— Ёсць меркаванне, што бацькі імкнуцца рэалізаваць у сваіх дзецях тое, чаго на змаглі рэалізаваць самі. Ці можаце вы сказаць такое пра вашу сям’ю?
— Мае бацькі вельмі далёкія ад шоу-бізнесу, і ў іх ніколі не было якіх-небудзь амбіцый на гэты конт. Мой бацька лічыў, што павінна быць пэўная вызначаная схема руху па жыцці. Да маіх 30 гадоў ён усё саромеўся ў мяне спытаць, калі ж я спынюся на канкрэтнай карыснай, на яго погляд, прафесіі (амаль усё жыццё ён адпрацаваў на МТЗ начальнікам аддзела). А зараз ён ужо асэнсаваў, што мая прафесія мае права на існаванне, можа патэлефанаваць і сказаць, што ганарыцца выкананай мной работай.
Мая мама вельмі творчая і эфектная жанчына (на яе да цяперашняга часу мужчыны заглядаюцца). І яна ўвесь час перажывала, што я заўсёды як “абарванка” — у джынсах. Яна заўсёды хацела, каб я адбылася як жанчына. А зараз у яе ёсць трое ўнукаў, і яна па магчымасці прысвячае сябе ім.
Мае бацькі, хоць і наблізіліся да пенсіённага ўзросту, і цяпер працуюць, ды і знешне яны зусім не пенсіянеры. Яны не могуць сядзець без справы, вельмі дзейсныя і актыўныя, мабільныя і жывыя. Акрамя работы, абавязкова, як ва ўсіх людзей таго пакалення, — дача з градкамі.
— Ці каралі вас бацькі?
— Мяне не трэба было караць. У мяне такі склад характару, што я заўсёды займаюся самаедствам (праўда, апошнім часам удаецца ад гэтага пазбавіцца), і праявілася гэта з ранняга дзяцінства, у школе сумненняў у асабістай годнасці дабавілі аднакласнікі. Я вельмі пакутавала, калі штосьці не атрымлівалася, заўсёды імкнулася даказаць, што я нечага вартая, ды і дарослыя пастаянна правакавалі на сутычкі з такімі ж, як я, дзецьмі-вядучымі. І таму, калі ў школе атрымлівала тройку, я сама яе вельмі цяжка перажывала.
— Ці пераносіце адносіны бацькоў да вас на ўласныя адносіны да дзяцей?
— Усё ж тады я была знутры выхаваўчага працэсу, а зараз — звонку. Гэта, безумоўна, адклалася на падсвядомасці, і я таксама падсвядома шмат у чым паводжу сябе, як яны. Але, акрамя мяне, у нашым сямейным выхаваўчым працэсе існуе яшчэ адзін чалавек — наш тата Глеб Марозаў, таму ўсё роўна выходзіць адметнае сугучча. Але тое, што я хачу ад гэтага пэўнай сістэмы, безумоўна. Бывалі сітуацыі, калі і шлёпнуць па мяккім месцы даводзілася. Але я часцей стараюся з імі размаўляць.
Я заўсёды побач з імі, але і побач з камп’ютарам. Калі Каці было гадоў пяць і ў дзіцячым садку яны малявалі партрэт мамы, усе дзеці намалявалі партрэт мамы, а Каця — мамы з камп’ютарам. Дзеці ўвесь час бачаць, як мы працуем і жывём, — а гэта лепшае выхаванне.
Зараз я многа працую са сцэнарыямі, пішу кнігі пяць-дзесяць гадзін у дзень — гэта мінімум. Інакш нічога ў тэрмін не паспееш. Вось і атрымліваецца, што часам прыходзіцца пісаць, памешваючы кашу (смяецца)…
А яшчэ мы з імі разам адпачываем. Калі ёсць магчымасць, мы загружаем у машыну дзяцей і куды-небудзь едзем. Са сваім складам характару і адносінамі да работы я не адпачывала да 2009 года. Як правіла, выбіраем дзікі адпачынак, калі мы не ведаем, дзе будзем заўтра, але праязджаем розныя краіны і самі фарміруем свой маршрут. Гэта і загартоўка характару, і моцная эмацыянальная падпітка. І, дзякуючы такому выхаванню, дзеці разумеюць, што, каб чаго-небудзь дабіцца, трэба вельмі многа працаваць і разлічваць толькі на сябе. А далей хай яны сябе самі карэкціруюць: дабавіць ноту бізнесу ці ноту творчасці…
Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота Аляксандра ЯШНІКАВА і з сайта www.tomа.by.