Танкі на стэндах

- 9:39Культура, Рознае

У аўторак у Навукова-тэхналагічным парку БНТУ “Палітэхнік” адкрылася ІІІ Міжнародная выстава-конкурс стэндавага мадэлізму “Мінск-2016”. Выстава з’яўляецца прыкладам плённага супрацоўніцтва Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта і кампаніі Wargaming у справе папулярызацыі навукова-тэхнічнай творчасці, развіцця стэндавага мадэлізму, а таксама ваенна-патрыятычнага выхавання навучэнскай моладзі.

Танчыкі, самалёцікі, гарматкі, салдацікі, караблікі, машынкі… Ніколі не ўжывайце гэтыя словы ў дачыненні да стэндавых мадэляў, а тым больш падчас размовы з іх аўтарамі. Гэта толькі на першы погляд здаецца, што прадстаўленыя на выставе ўзоры авія-, браня- і аўтамабільнай тэхнікі — цацачныя. Аднак хіба можна назваць цацачнай мадэль, якая стваралася на працягу некалькіх месяцаў, дзе кожная дэталь з’яўляецца паменшанай копіяй арыгінальнай дэталі танка, самалёта, гарматы, карабля, аўтамабіля. Стэндавыя мадэлі — гэта сапраўдныя шэдэўры інжынернай думкі і тэхнічнай творчасці.

Вынікі палёту гэтай думкі і творчасці прадстаўлены даволі шырока. Пра гэта гаворыць хаця б колькасць і тэматыка намінацый. Іх аж 18! Гэта бранятэхніка да 1945 і пасля 1945 года; небраніраваная і лёгкабраніраваная тэхніка да 1945 і пасля 1945 года; аўтамабілі грамадзянскія, ваенныя; авіяцыя ваенная поршневая, ваенная рэактыўная, грамадзянская і спартыўная; флот надводны (акрамя паруснага і парусны), флот падводны; верталёты; дыярамы і віньеткі, ваенна-гістарычная мініяцюра (фігуры і бюсты), фантастыка, “У працэсе”, рознае. Па гістарычных перыядах мадэлі адносяцца і да эпохі Рымскай імперыі, і эпохі Напалеонаўскіх войнаў, і перыяду Вялікай Айчыннай вайны, і сучаснасці. Пры гэтым кожная намінацыя падзяляецца на тры катэгорыі ў залежнасці ад матэрыялу, з якога створана мадэль (пластык, папера і кардон, самаробныя мадэлі), і ўзросту аўтараў (моладзь да 18 гадоў і дарослыя ад 18 гадоў).

Няцяжка здагадацца, што колькасць удзельнікаў выставы пры такой колькасці намінацый і катэгорый павінна складаць не адну сотню. Як паведаміў спецыяліст па сувязях з грамадскасцю мінскай студыі распрацоўкі кампаніі Wargaming Аляксей Груздзеў, на першую выставу, якая прайшла ў 2014 годзе, было прадстаўлена каля 400 работ, у мінулым годзе ўжо каля 600. Прыкладна такая ж колькасць удзельнікаў, нават больш, чакаецца і ў гэтым годзе. Нягледзячы на тое, што выстава адкрылася, рэгістрацыя работ працягваецца. У гэтыя дні чакаецца прыезд замежных гасцей з Расіі, Літвы, Украіны. Традыцыйна вялікая колькасць удзельнікаў выставы — гэта навучэнцы. Дарэчы, дзве папярэднія выставы наведалі больш за 5 тысяч чалавек, сярод іх большасць школьнікаў і студэнтаў.

Па словах Аляксея Груздзева, мяняецца не толькі агульная колькасць работ, але і колькасць работ па пэўных намінацыях. Сёння асаблівай папулярнасцю карыстаецца бранятэхніка. Стэндавы мадэлізм за апошнія 20 гадоў значна прасунуўся і ў плане магчымасцей, і ў плане даступнасці, і ў плане тэхналогіі стварэння мадэляў. Дастаць матэрыял для новых мадэляў — не праблема. Каб ствараць шэдэўры інжынернай думкі і тэхнічнай творчасці, патрэбна ўсяго толькі жаданне. Каб яно з’явілася, варта завітаць на выставу і пазнаёміцца… не, не з танчыкамі, а з мадэлямі танкаў. Выстава працуе да 29 кастрычніка.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.