Танцор з душой акрабата

- 11:26Навіны рэгіёнаў

У зале цішыня. Вядучы аб’явіў выступленне харэаграфічнага калектыву “Задзірысты абцасік” з Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў. Усе з нецярпеннем чакаюць выхаду на сцэну юных артыстаў, выхаванцаў І.Д.Кавалеўскай, настаўніцы па класе харэаграфіі, каб убачыць прыгожыя харэаграфічныя кампазіцыі, якія вызначаюцца шматфігурнасцю, яркасцю малюнка і непаўторнасцю. Гледачы ўжо прызвычаіліся, што калі “Задзірысты абцасік” на сцэне, то гэта свята, усмешкі, цудоўны настрой і шмат станоўчых эмоцый ад магчымасці судакрануцца з прыгожым мастацтвам. Кожнае выступленне калектыву, створанага ў 2015 годзе, адразу западае ў душу і надоўга запамінаецца.

І.Д.Кавалеўская — асоба творчая і надзвычай працавітая. Калі яна ставіць перад сабой нейкую мэту, то абавязкова яе ажыццяўляе. Гэтаму вучыць і юных танцораў. Калі нешта атрымліваецца не так, як хочацца, яна не засмучаецца і пераконвае выхаванцаў, што ўсё дасягаецца настойлівай, штодзённай, карпатлівай і самаадданай працай.

Ірына Даніілаўна імкнецца, каб кожны рух харэаграфічнай пастаноўкі раскрываў ідэю, вобраз, унутраны свет героя кампазіцыі. Адсюль і заслужаныя ўзнагароды калектыву на розных творчых спаборніцтвах за высокае выканальніцкае майстэрства. Сярод апошніх дасягненняў “Задзірыстага абцасіка” — дыпломы ІІ і ІІІ ступені на ІІ Міжнародным конкурсе мастацтваў “Крыштальны васілёк”, дыплом ІІІ ступені на ІІ Міжнародным фестывалі-конкурсе дзіцячай маладзёжнай творчасці “Дзеці планеты”.

І.Д.Кавалеўская нарадзілася і вырасла ў Кобрыне. Яшчэ ў 5 класе яна выбрала для сябе творчую жыццёвую дарогу. І з таго часу ідзе па ёй мэтанакіравана і ўпэўнена.

— Я вучылася 7 гадоў у Кобрынскай узорнай цыркавой студыі “Сонейка”, — расказвае Ірына Даніілаўна. — Марыла стаць артыстам цырка. Хацелася лятаць пад яго купалам, паказваючы розныя акрабатычныя нумары. Але вучыцца давялося ў Пінскім вучылішчы мастацтваў, бо побач з родным домам не было ўстановы, якая давала профільную цыркавую адукацыю. З таго часу харэаграфія стала маім сэнсам жыцця.

З дыпломам выкладчыцы народнага танца І.Д.Кавалеўская прыехала ў Бярозаўскую дзіцячую школу мастацтваў. Затым некалькі гадоў шчыравала ва ўстановах адукацыі Кобрына. У 2013 годзе Ірыну Даніілаўну запрасілі ў Маларыцкую дзіцячую школу мастацтваў.

— Шчыра кажучы, не вельмі хацелася пакідаць родны горад, — прызнаецца педагог. — Але мяне падкупілі пастаяннае месца работы, прыгожы будынак школы і творчыя поспехі ўстановы адукацыі, дасягнутыя пад кіраўніцтвам дырэктара Ірыны Пятрухінай. У сваім выбары не памылілася. Атрымала свабоду творчасці ў межах вучэбнай праграмы, цудоўны і згуртаваны калектыў аднадумцаў, а таксама безліч творчых задум, якія паступова рэалізоўваю.

Ірына Даніілаўна далучае дзяцей да чароўнага свету танца ўжо 19 гадоў. Сёння яна вучыць прыгожа танцаваць больш за 60 дзяцей ва ўзросце ад 7 да 14 гадоў. І.Д.Кавалеўская выкладае асновы народнага і класічнага танца, партэрнай гімнастыкі, знаёміць з гісторыка-побытавым танцам і сучаснымі напрамкамі харэаграфіі. Усе сцэнічныя касцюмы юным артыстам педагог шые сама, прычым па сваіх эскізах. Гэта дапамагае дакладна і поўна рэалізаваць сцэнічную задуму.

— У нашым рэпертуары больш за 20 пастановак і харэаграфічных кампазіцый розных жанравых напрамкаў: цыганачка, блюз, руская плясавая, чунга-чанга, кадрыль, вальс, рок-н-рол і інш. Мы можам станцаваць і пад “Кукарэлу”, “Купалінку”, “Смуглянку”, — гаворыць педагог.

Акрамя харэаграфіі, Ірына Даніілаўна выкладае асновы цыркавога мастацтва. “Размінка”, “мосцік”, “шпагат”, “пераварот” — усю гэтую спартыўную тэрміналогію можна пачуць на занятках педагога. Некаторыя акрабатычныя нумары, падрыхтаваныя дзецьмі, можна ўбачыць на розных святочных мерапрыемствах у горадзе.

— У Маларыце ёсць здольныя дзеці, якія з радасцю і задавальненнем займаюцца цыркавым мастацтвам, — адзначае І.Д.Кавалеўская. — На жаль, у нас няма пакуль цыркавой студыі, абсталяванай усім неабходным. Канечне, некаторыя нумары можна ўсё-такі падрыхтаваць, але няма месца, дзе можна іх потым паказаць гледачу.

Ірына Даніілаўна верыць, што калі-небудзь яе мара пра студыю здзейсніцца. Педагог знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку. Конкурсы і фестывалі ўзбагачаюць, натхняюць, даюць новыя ідэі і планы, якія абавязкова будуць рэалізаваны.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.