«Тата, мама, я — футбольная сям’я». Сумясціць гульню з аздараўленнем прапанавалі ў гімназіі № 16 Мінска

- 14:46Образование

Гімназія № 16 Мінска і асацыяцыя «Беларуская федэрацыя футбола» правялі сумесны майстар-клас у рамках Мінскага гарадскога конкурсу «Вясёлка здароўя» і фестываль «Тата, мама, я — футбольная сям’я», паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Тэма конкурснай праграмы — «Ступняаснова здароўя». У першай частцы мерапрыемства арганізатарамі быў паказаны, а ўдзельнікамі апрабаваны комплекс практыкаванняў з прадметамі і без прадметаў для ўмацавання звязак і мышцаў ступні, — расказаў настаўнік фізкультуры і здароўя гімназіі № 16 Мінска Ігар Шамяцюк. — Можа ўзнікнуць пытанне: «А пры чым тут фестываль «Тата, мама, я — футбольная сямя?». Мы адказалі на гэтае пытанне ў другой частцы мерапрыемства. Падчас гульні ў футбол суставы ступні здзяйсняюць рухі ў розных плоскасцях, атрымліваюць нагрузку на розныя аддзелы. Атрымліваецца, што футбалістам патрэбны моцныя мышцы ступні, і самім працэсам гульні ў футбол яны ўмацоўваюць іх, калі нагрузка разумная і дазіраваная. У выніку нам удалося адаптаваць і падключыць сямейны фестываль да вырашэння праблемы па ўмацаванні звязкава-мышачнага апарату ступні.

Шэсць сем’яў прынялі ўдзел у фестывалі «Тата, мама, я — футбольная сям’я», дзе ім давялося паспрабаваць сілы ў 4 выпрабаваннях:

  1. Футбольны більярд. У гэтым заданні была выразна прапісана колькасць удараў рознымі нагамі, аддзеламі ступні (знешнім і ўнутраным бокам, пад’ёмам, падэшвай, пяткай), якія павінен здзейсніць удзельнік пры забіванні мячоў у лузы.
  2. Футбольны боўлінг. Пасля няхітрага вядзення мяча неабходна было трапіць у маленькія вароты, дзе дадаткова ўстаноўлены кеглі, за збіццё якіх налічваліся бонусныя балы. Таксама рэгламентаваны, як і ў більярдзе, спосабы і колькасць удараў.

3. Футбольны дартс. Тут трэба было трапляць па сектарах, якія падзялілі вароты пры дапамозе грузавых рамянёў. Кожны сектар меў свой кошт у балах. Суддзі з ліку навучэнцаў гімназіі не забывалі нагадваць удзельнікам пра тое, што неабходна рабіць удары правай і левай нагой па чарзе. У гэтым заданні ўдары рабіліся ўнутраным бокам ступні. Хочаш больш балаў — змяняй падчас удару вуглы згінання ў суставах ступні, каб набраць большую колькасць ачкоў.

4. Гульня ў міні-футбол. Па спрошчаных правілах яна доўжылася 5 мінут, каб не перагрузіць удзельнікаў і іх звязкава-мышачны апарат ступні.

Такім чынам, у заданнях мы прапрацавалі ўсе аддзелы нашых ступняў, яны атрымалі аднолькавую, раўнамерную і аздараўленчую нагрузку, — адзначыў І. Шамяцюк. — Па выніках майстар-класа, які плаўна перарос у сапраўднае сямейнае свята «Тата, мама, я — футбольная сям’я», выявілі пераможцаў у кожнай катэгорыі (таты, мамы, дзеці), а таксама чэмпіёнаў сярод сем’яў па агульнай суме балаў іх членаў. Агульнымі намаганнямі ўдалося дасягнуць станоўчага ўздзеяння на звязкава-мышачны апарат нашых ступняў не толькі з дапамогай прымянення спецыяльных фізічных практыкаванняў, але і праз выкарыстанне правільна падабраных футбольных актыўнасцей у гульнявой форме. Тое, што сем’і-ўдзельніцы засталіся задаволены, мы можам меркаваць па рэфлексіі, падчас якой дзеці і дарослыя паставілі нам смайлікі. Ад сябе хачу выказаць вялікую падзяку асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» за прадастаўлены інвентар, узнагародную атрыбутыку ў рамках праекта АБФФ і УЕФА «Мой школьны футбольны клуб» і метадычную дапамогу ў арганізацыі нашага фестывалю.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота прадастаўлены гімназіяй № 16 Мінска