Школа паспяховых бацькаў адкрылася ў Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі.
Арганізатары абласной школы, а імі выступілі Гродзенскі аблвыканкам, абласная арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” і ГрАІРА, ставілі сваёй мэтай павышэнне педагагічнай і псіхалагічнай культуры бацькоў, фарміраванне адказнага, паспяховага бацькоўства. Слухачамі сталі больш як 30 мужчын з усіх раёнаў Гродзенскай вобласці. Падчас работы школы плануецца аказваць псіхолага-педагагічную падтрымку бацькам у атрыманні адказаў на хвалюючыя пытанні выхавання дзяцей, дапамагчы мужчынам глыбей усвядоміць сваю бацькоўскую ролю, сфарміраваць адказнасць за гарманічнае развіццё дзяцей і ўмацаванне сям’і.
— Тата-школа стала працягам віртуальнага праекта “Паспяховае бацькоўства”, які ўжо больш за год рэалізуе наш інстытут, — расказала дэкан факультэта прафесійнай самарэалізацыі ГрАІРА Ларыса Таранцей. — Работа з бацькамі будзе прадоўжана ў напрамку, які мы вызначым разам з імі, пачуўшы іх пажаданні, пытанні, якія іх хвалююць, і такім чынам вызначыўшы праблематыку далейшых сустрэч з тым, каб бацькоўства было паспяховым, каб таты маглі вырашаць пытанні развіцця сваіх дзяцей разам з мамамі. Сумесна з Беларускім саюзам жанчын плануем у кастрычніку правесці наступнае маштабнае мерапрыемства.
Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення па каардынацыі ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама старшыня абласной арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Ірына Сцепаненка падкрэсліла, што ў праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на пяцігодку сярод вызначаных галоўных прыярытэтаў развіцця Беларусі — шчаслівая сям’я. У першую чаргу гэта поўная, мнагадзетная сям’я, дзе і тата, і мама свядома становяцца бацькамі, адказна адносяцца да выхавання дзяцей.
— Ідэя стварэння руху “Шчаслівае бацькоўства” прапісана ў праграме нашай абласной арганізацыі і ўсяго Беларускага саюза жанчын, — адзначыла Ірына Сцепаненка. — Гэта не новая ідэя, такія школы ёсць у краіне. Але гаворка ідзе пра стварэнне цэлай сістэмы паспяховага бацькоўства. Першы вопыт ужо ёсць і ў раёнах Гродзеншчыны, створаны невялікія клубы. Цяпер мы вырашылі на базе ГрАІРА, дзе ёсць адпаведная метадычная база, кадравы патэнцыял, стварыць школу. Назвалі яе “Давер”, таму што ў сям’і самае галоўнае — давер. Запрасілі бацькаў, якія актыўна займаюцца выхаваннем сваіх дзяцей альбо пажадалі атрымаць асновы правільнага выхавання, а таксама жанчын, таму што вельмі важна аб’ектыўна паказаць адносіны бацькоўства і мацярынства, разгледзець гэтую праблему ў розных аспектах.
Валерый Кулеш прыехаў на сустрэчу бацькаў з Астравецкага раёна, разам з жонкай яны выхоўваюць сыноў Глеба і Ягора.
— Сакрэт выхавання дзяцей — уважліва іх слухаць, накіроўваць, даваць парады, а не загады, знаходзіць з дзіцем агульную мову, — упэўнены Валерый Кулеш. — І мама, і тата павінны разам займацца выхаваннем. Каб дасягнуць пэўных вынікаў, трэба папрацаваць. Наш старэйшы сын займаецца футболам, а малодшы плануе пайсці на плаванне, гэта іх жаданні, і мы падтрымліваем сваіх дзяцей.
У сям’і старшага майстра Бераставіцкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя Аляксандра Унуковіча падрастаюць сын Аляксей і дачка Алеся.
— У нас вельмі дружная творчая сям’я, шмат захапленняў. Я з’яўляюся кіраўніком аматарскага аб’яднання па авіямадэлізме, арганізатарам штогадовага фестывалю радыёкіруемых мадэляў “Бераставіца запрашае сяброў”, і ўся сям’я дапамагае мне ў гэтым. Мы з жонкай упэўнены, што трэба выхоўваць не дзяцей, а перш за ўсё сябе. Дзеці капіруюць дарослых ва ўсім, і калі ім гаварыць, што нельга рабіць, а самім гэтым займацца, грош цана такому выхаванню. Мы нават не выхоўваем іх, а разам расцём, вучымся, адно аднаму дапамагаем, вырашаем праблемы. Я ганаруся сваімі дзецьмі. Сын займаецца музыкай, авіямадэлізмам і ў гэтым годзе здзейсніў сваю мару і паступіў у Беларускую дзяржаўную акадэмію авіяцыі. Дачка захапляецца арыгамі.
Работнік РУП ЖКГ з Іўя Уладзімір Бярцук лічыць, што выхаваннем дзяцей трэба займацца з 5 да 20 гадоў. Сын Руслан і дачка Соф’я, як і бацька, актыўна займаюцца спортам, шмат увагі ўдзяляюць здароваму ладу жыцця, разам вандруюць. Бярцукі прымалі ўдзел у раённым конкурсе “Сям’я года”.
Кожная літара назвы школы “Давер” стала пляцоўкай аднаго з этапаў “ТАТА-кешынга”, падчас якога мужчыны шукалі бацькоўскія “скарбы”, каб затым разам скласці педагагаічны пазл. Словам “муДрасць” назвалі выступленне іерэя Аляксандра Гука, каардынатара Гродзенскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы па пытаннях абароны мацярынства і сямейных каштоўнасцей, які расказаў аб маральным выхаванні, аб ролі бацькі ў сям’і, задачах, якія стаяць перад сучаснымі бацькамі. На пляцоўцы “Абарона” анестэзіёлаг-рэаніматолаг Гродзенскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Максім Таранцей прадставіў свой праект па падрыхтоўцы сем’яў да аказання медыцынскай даўрачэбнай дапамогі. Якія цацкі можна рабіць разам са сваімі дзецьмі і як з імі гуляць, таты даведаліся на майстар-класе “тВорчасць”, які правяла метадыст упраўлення метадычнага суправаджэння адукацыйнага працэсу цэнтра дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі ГрАІРА Таццяна Палашавец. Пляцоўка “прамЕнь”, што вяла метадыст цэнтра ідэалагічнай, выхаваўчай і сацыяльнай работы ГрАІРА Наталля Красікава, стала месцам абмеркавання яшчэ адной праблемы выхавання — знаходжання дзіцяці ў інтэрнэце і сацыяльных сетках і пошуку шляхоў, як пазбегнуць звязаных з гэтым пагроз. Старшы выкладчык кафедры псіхолага-педагагічнага суправаджэння адукацыі ГрАІРА, кіраўнік цэнтра пясочнай тэрапіі “SandArt” Дар’я Драгун паказала “пРыклад” і азнаёміла татаў з пескатэрапіяй.
У выніку татам удалося скласці педагагічны пазл. Плануецца, што абласная школа стане своеасаблівым метадычным цэнтрам. Такім чынам будзе фарміравацца рух паспяховых бацькаў у раёнах, на прадпрыемствах і ў арганізацыях вобласці.
Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.