Таццяна Астроўская: кожнаму педагогу трэба клапаціцца пра тое, каб зрабіць урок захапляльным для вучняў

- 12:30Образование, Школа управления

Пра нагрузку ў школе, умовы навучання і нормы гігіены школьнікаў карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала загадчыца аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Таццяна Астроўская.

— Таццяна Аляксееўна, сёння шмат гавораць аб тым, што школьнікі вельмі хутка стамляюцца на ўроках і дрэнна ўспрымаюць інфармацыю. Як вы гэта пракаменціруеце?

— Вучоба — гэта напружаная праца, пры якой школьніку цяжка захоўваць павышаную ўвагу і ўседлівасць. Як правіла, з кожным урокам яго актыў­насць зніжаецца. За час сядзення за партай дзеці адчуваюць дадатковае напружанне мышцаў цела, непасрэдна апорна-рухальнага апарату. Акрамя таго, мяняюцца функцыі цэнтральнай нервовай сістэмы, у складзе крыві памяншаецца колькасць кіслароду, і ў выніку зніжаецца працаздоль­насць і прадукцыйнасць працы дзіцяці. Вопытны настаўнік адразу заўважае, што школьнікі не канцэнтруюць увагу на ўроку, бачыць іх стомлены погляд. Таму неабходна змяняць род дзейнасці навучэнцаў, зрабіць паўзу, правесці фізкультхвілінку, а калі гэта школьнікі пачатковых класаў — правесці гімнастыку для вачэй. Агульнавядома, калі ўрок не цікавы, сумны, аднастайны, то і вучань хутка стамляецца, не хоча слу­хаць, разбірацца з матэрыялам. Таму кожнаму педагогу трэба клапаціцца пра тое, каб зрабіць урок захапляльным для вучняў.

— Ператамленне лічыцца даволі небяспечным для дзіцячага арганізма.

— Сапраўды. Гэта паталагічны працэс, ужо зацягнуты, на які раней не звярталася ўвага, таму для аднаўлення сіл адпачынак не прадугледжваўся. Ператамленне дзіцяці бацькі і настаўнікі могуць лёгка вызначыць. Перш за ўсё — гэта паводзіны дзіцяці. У яго з’яўляецца плаксівасць, раздражняльнасць, часам назіраюцца нервовыя цікі, дзіця дрэнна спіць, страчвае апетыт. Усё гэта ў далейшым прыводзіць да рэзкага зніжэння разумовай і фізічнай працаздольнасці. У дзіцяці зніжаецца паспяхо­васць, яно дрэнна засвойвае вучэбную інфармацыю, не разумее сэнсу зададзенай тэмы, не можа рашыць задачу. У выніку ператамлення ў дзіцяці мяняюцца вегетатыўныя функцыі, з’яўляюцца дыстанія, арытмія і іншыя адхіленні, якія пацвярджаюць, што арганізму патрэбен адпачынак. Неабходна ведаць, што ператамленне не праходзіць адразу ж пасля кароткачасовага адпачынку і начнога сну неабходнай працягласці. Для поўнага аднаўлення працаздольнасці неабходны больш працяглы адпачынак, а часам і медыкаментознае лячэнне, назначэнне фізіятэрапіі і лячэбнай гімнастыкі.

— Як сфарміраваць прымальную вучэбную нагрузку для вучня? Што павінна быць у аснове?

— Вучэбная нагрузка павінна адпавядаць узросту школьніка, індывідуальным асаблівасцям яго арганізма. З пункту гледжання навуковых даследаванняў пры арганізацыі вучэбнага працэсу трэба ўлічваць цыклічнасць працэсаў у арганізме чалавека. Як правіла, спачатку дзіця паступова ўключаецца ў работу, затым пачынаецца актыўная фаза працаздольнасці, потым адбываецца павольны спад з яшчэ некаторымі ўсплёскамі актыўнасці. Такая біялагічная крывая якраз і закла­дзена ў аснову нарміравання школьнай нагрузкі, планавання вучэбнага дня, тыдня, чвэрці. У пачатку чвэрці настаўнік павінен даваць дзецям тэмы для паўтарэння, а на яе сярэдзіну павінен прыпадаць самы складаны вучэбны матэрыял. У канцы чвэрці вучэбны працэс павінен быць не такім інтэнсіўным, а тэмы больш лёгкія для ўспрымання.

— Асаблівае хваляванне і напружанне выклікаюць у дзяцей кантрольныя работы. Які перыяд часу самы аптымальны для іх правядзення?

— Найбольшая іх коль­касць павінна праводзіцца ў сярэдзіне чвэрці, а пры яе завяршэнні — найменшая. Каб пазбег­нуць перагрузкі, у пачатку вучэбнай чвэрці трэба складаць графік кантрольных работ, які зацвярджаецца кіраўніком установы або яго намеснікам па вучэбнай рабоце. Увогуле, у адзін дзень дапускаецца толькі адна кантрольная работа. Кантрольныя работы не павінны праводзіцца ў пятніцу і ў апошнія гадзіны вучэбных заняткаў. Адзначу, што не трэба прыраўноўваць кантрольныя работы да самастойных, праверачных, лабараторных работ, дыктовак і г.д. У дзяцей, безумоўна, стрэс узнікае пры любой праверцы ведаў, але кантрольная работа — найбольш значная, бо адзнака за яе выкананне ўплывае на вынік чвэрці. Таму неабходна ўзяць на асаблівы кантроль выкананне патрабаванняў, якія прад’яўляюцца да правядзення кантрольных работ.

— Што такое рангавая шкала цяжкасці вучэбных прадметаў?

— Рангавая шкала створана для разліку вучэбнай нагрузкі і мае свае адметнасці для пачатковай, сярэдняй і старшай школы. Напрыклад, матэматыка мае самы высокі бал па складанасці (10), музыка (у малодшых класах) і выяўленчае мастацтва (у сярэдніх і старшых) — самы нізкі. І такія балы выстаўлены па ўсіх прадметах. Балы па прадметах, якія знаходзяцца ў раскладзе на дзень, падсумоўваюцца, і такім чынам вызначаецца дзённая нагрузка. Санітарна-эпідэміялагічнымі патрабаваннямі нарміруецца размеркаванне вучэбнай нагрузкі па днях тыдня. Выкананне гэтых патрабаванняў мы ацэньваем у ходзе наглядных мерапрыемстваў і вызначаем, ці рацыянальна размеркавана вучэбная нагрузка на працягу вучэбнага тыдня.

— А як правільна размеркаваць нагрузку на працягу тыдня?

— На працягу тыдня нагрузка размяркоўваецца наступным чынам: у панядзелак, пасля выхадных, вучань толькі ўключаецца ў вучэбны працэс, і яму лепш за ўсё прадаставіць мінімальную нагрузку. У аўторак і сераду вучню даецца максімальная нагрузка, у чацвер яна павінна крыху зменшыцца. У пятніцу ў 5—11 класах дапускаецца некаторае павелічэнне нагрузкі адносна чацвярга, але не больш, чым было ў сярэдзіне тыдня.

Факультатыўныя заняткі павінны праводзіцца на працягу вучэбнага тыдня ў тыя дні, калі вучэбных заняткаў найменшая колькасць. Забараняецца пра­вядзенне вучэбных заняткаў у другую змену ў 1, 2, 5, 9—11 класах, у 8 класах з вывучэннем асобных вучэбных прадметаў на павышаным узроўні. У 6—7 класах, дзе праходзіць вывучэнне асобных вучэбных прадметаў на павышаным узроўні, навучанне ў другую змену магчыма, але толькі пры ўмове забеспячэння аптымальнага рэжыму навучання і ўзгаднення з камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама і Мінскім гарадскім цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі.

— Што скажаце пра перапынкі? Якімі яны павінны быць і калі іх лепш за ўсё праводзіць?

— Лепшы час для пачатку першай змены — 9.00, другой — не пазней за 14.00, і яна павінна скончыцца не пазней за 19.30. Працягласць перапынкаў можа быць 10, 15, 20, 30 мінут: 10-мінутныя — паміж заняткамі ў 2—11 класах; 20-мінутныя — паміж заняткамі ў 1 класах, 30-мінутныя — у санаторных школах, інтэрнатах; 15- або 20-мінутныя — для арганізацыі гарачага харчавання навучэнцаў і для правядзення дынамічных перапынкаў. Колькасць перапынкаў для арганізацыі гарачага харчавання залежыць ад ёмістасці сталовай (іх можа быць адзін альбо некалькі ў дзень). Калі абедзенны перапынак адзін, то абавязкова павінен быць прадугледжаны яшчэ адзін 15—20-мінутны для арга­нізацыі дынамічнага перапынку. Але калі іх два і больш, то, прынамсі, адзін з іх (не задзейнічаны для арганізацыі харчавання пэўнага класа) павінен быць выкарыстаны як дынамічны.

Важна, каб дзеці бавілі час на перапынку ў руху. Увогуле, адпачынак арганізма падзяляецца на дзве фазы. У першыя як мінімум 5 мінут адбываецца аднаўленне асноўных функцый арганізма, а ў другія — гэтае аднаўленне замацоўваецца. Каб перапынак не ператварыўся ў хаатычны, бязмэтны рух па школе, актыў­насць дзяцей павінна быць правільна арганізавана настаўнікам. Ён можа правесці з класам рухавую гульню, флэш-моб, выкарыстоў­ваць ролікі для танцавальнай ці фізкультразмінкі, абавязкова прытрымліваючыся правіл бяспекі. Дзецям вельмі падабаюцца такія формы правядзення перапынкаў. 20-мінутныя перапынкі таксама прадугледжаны паміж асноўнымі і дадатковымі (факультатыўнымі, стымулюючымі, падтрымліваючымі) заняткамі.

Фота з архіва носіць ілюстрацыйны характар

— Не толькі сам вучэбны працэс, але і ўмовы, у якіх ажыццяўляецца навучанне, адыгрываюць важную ролю ў захаванні здароўя нашых школьнікаў і іх паспяховым навучанні. Ці існуюць нормы?

— Для забеспячэння ўмоў для навучання павінны быць выкананы санітарныя нормы, якія распрацаваны на аснове навуковых падыходаў. Так, у прыватнас­ці, па вызначаных нормах столь павінна быць белай, а аконныя рамы/пераплёты, сцены — светлых прыглушаных адценняў і матавыя. У некаторых навучальных установах у класах імкнуцца зрабіць тэматычнае мастацкае афармленне, выкарыстоўваючы яркія фарбы і дадатковыя атрыбуты. Асабліва настойваюць у гэтым бацькі. Адназначна гэта няправільнае рашэнне, бо такое афармленне адцягвае ўвагу дзяцей падчас урока. У пахмурныя дні святло ў класе павінна быць увесь час уключана, а лямпы павінны забяспечваць раўнамернае і дастатковае асвятленне. Для гэтага можна выкарыстоў­ваць люмінісцэнтныя лямпы з электроннай пускарэгулюючай апаратурай. Акрамя таго, класную дошку можна асвятляць дадатковай свяцільняй. Вельмі важна натуральнае асвятленне. Для яго забеспячэння вокны павінны быць у кожным вучэбным кабінеце, і святло павінна падаць злева ад дзіцяці. Гэта неабходна ўлічваць пры расстаноўцы парт.

На кароткі час дапускаецца размяшчэнне парт, напрыклад, па крузе — для правядзення майстар-класаў, групавых работ, лабараторных. Вяртаюцца сёння ў вучэбныя аўдыторыі нахільныя парты. Пры абнаўленні мэблі рэкамендуецца іх купляць, і каб вугал нахілу быў 7—15 градусаў. Як альтэрнатыву для зняцця статычнай нагрузкі можна выкарыстоўваць канторку — гэта высокая парта ці дадатковая надбудова на парту. Такія прыстасаванні звычайна размяшчаюць у канцы класа ці справа ад асноўных радоў. Яны добра дапамага­юць дзецям, якія пачынаюць адчуваць стомленасць ад вымушанага сядзення. Дастаткова пастаяць 8—10 мінут за гэтай канторкай — і сілы вяртаюцца.

Для абавязковага праветрывання класа (мікра-, аднабаковае і скразное) і фільтравання паветра вокны не павінны быць глухімі. Праветрываць аўдыторыю трэба да заняткаў, на кожным перапынку, а таксама паміж першай і другой зменамі. Пры скразным праветрыванні памяшканне павінна быць пустым. Яно праводзіцца толькі да зніжэння тэмпературы знешняга паветра да +14. У прысутнасці школьнікаў клас можна праветрываць пры зачыненых дзвярах і тэмпературы на вуліцы не ніжэй за +17 градусаў. У кожным памяшканні павінны быць тэрмометры. Для іншых памяшканняў (сталовая, спартыўная зала, душавыя, санвузлы і г.д.) устаноўлены свае тэмпературныя і светлавыя нормы.

Ала КЛЮЙКО