Таццяна Генадзеўна Гаус — гэта не проста педагог. На ўроках біялогіі яе вучні, акрамя вывучэння школьнай праграмы, займаюцца навукова-даследчай дзейнасцю, праводзяць экскурсіі ў школьнай цяпліцы, вырошчваюць расліны, вандруюць па родным краі. А яшчэ Таццяна Гаус — артыстка і мастак-аматар. І ўсё гэта спалучаецца ў адной настаўніцы біялогіі Мар’інагорскай гімназіі Пухавіцкага раёна.
Таццяна Генадзеўна скончыла прыродазнаўча-геаграфічны факультэт Ульянаўскага педагагічнага інстытута імя І.М.Ульянава (цяпер універсітэт) па спецыяльнасці “Настаўнік біялогіі і геаграфіі”. Ужо з першага курса ў студэнтаў былі вельмі цікавыя і сур’ёзныя практыкі: яны выязджалі даследаваць мелавыя адклады, фаўну і флору Ульянаўскага краю, а напрыканцы вучобы пабылі ў Прыбалтыцы і Карэліі. Таму ўжо са студэнцкіх гадоў Таццяна Генадзеўна зацікавілася навукова-даследчай дзейнасцю.
Пераехаўшы ўслед за мужам у Мар’іну Горку, настаўніца пачала працаваць у сярэдняй школе № 5 горада (цяпер Мар’інагорская гімназія).
— Я паставіла сабе мэту весці ўрокі не проста па падручніку, а дадаваць у школьную праграму незнаёмы вучням матэрыял, зацікаўліваць іх даследаваннямі, — гаворыць Таццяна Генадзеўна. — Спачатку выкладала толькі геаграфію, на той момант яна мяне прываблівала больш, чым біялогія. А потым пераключылася на біялогію. І вось ужо больш за 20 гадоў займаюся з вучнямі навукова-даследчай дзейнасцю менавіта па гэтым прадмеце.
На шчасце, у Мар’інагорскай гімназіі створаны ўсе ўмовы, каб дзеці на высокім узроўні спасцігалі асновы біялогіі. Напрыклад, ёсць на школьным участку цяпліца. Спачатку разам з настаўнікам біялогіі і аграномам вучні вырошчвалі расаду перцаў, памідораў, агуркоў, баклажанаў, потым высаджвалі яе на школьным агародзе, праводзілі даследаванні і збіралі ўраджай, які адпраўляўся ў сталовую.
— На расадзе мы не спыніліся, — працягвае Таццяна Генадзеўна. — Гадоў сем назад паспрабавалі развесці хвойныя расліны, зрабіць дэндрарый. Мы вырасцілі туі, ядлоўцы, кіпарысы нават з чаранкоў. Наш аграном Валянціна Штангель прывозіла з-за мяжы шмат розных гатункаў хвойнікаў. Дзякуючы ёй, мы з вучнямі старшых класаў засадзілі школьны ўчастак вечназялёнымі раслінамі.
Потым пераключыліся на новы напрамак — вырошчванне раслін-інтрадуцэнтаў. Цікава было паглядзець, як у нашым клімаце будуць расці лімон, фейхоа, інжыр… Разам з аграномам Валянцінай Іванаўнай з насення вырасцілі лімон, які ўжо дае плады вагой каля 500 грамаў. Чаранкамі размножылі інжыр, які таксама цяпер пладаносіць. З вучнямі 6-х класаў Таццяна Генадзеўна падрыхтавала экскурсіі па экзатычных раслінах у цяпліцы, якія з задавальненнем праводзіць для вучняў не толькі малодшых, але і старшых класаў.
Таццяне Гаус вельмі прыемна бачыць задаволенасць яе вучняў ад зробленай працы. Гэта дае зарад энергіі, матывацыю рухацца далей.
— Вельмі цікава было разам з вучнямі даследаваць каліфарнійскіх чарвякоў, — прыгадвае педагог. — Гэты від чарвякоў хутка размнажаецца і дае якасныя гумінавыя кіслоты, якія служаць угнаеннем для глебы.
Вучань 5 класа Вадзім Давыдзенка зацікавіўся гэтай работай і цяпер разам з вучнямі 6-х класаў займаецца развядзеннем чарвякоў. Гэтыя даследаванні аформлены ў выглядзе навукова-даследчай работы.
— Зусім нядаўна з аднакласнікамі і Таццянай Генадзеўнай мы вывучалі будову і жыццядзейнасць караеда вяршыннага ў хвойных лясах Пухавіцкага раёна, — расказвае хлопчык. — Разам аб’ездзілі тры лясгасы, збіралі інфармацыю пра караедаў у ляснічых нашага раёна. Таксама выязджалі непасрэдна на месцы масавага размнажэння караедаў, рабілі агляд лоўчых водрубаў, на якіх селіцца жук. У канцы даследавання далі рэкамендацыі Пухавіцкаму лясгасу па барацьбе з гэтым жуком. Таксама цікава было займацца праблемай зарастання воднымі раслінамі мясцовай ракі Цітаўкі. У ходзе работы былі зроблены гербарыі водных раслін, высветлена сутнасць праблемы забалочвання воднага аб’екта.
Усе гэтыя даследчыя работы былі высока ацэнены на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах.
— Мне прыемна, што, выконваючы даследаванні, вучні зацікаўліваюцца біялогіяй і потым звязваюць сваё жыццё з гэтым прадметам, — адзначае педагог. — У мяне нямала вучняў, якія сталі хірургамі, стаматолагамі, ветэрынарамі… У мінулым годзе выпускніца гімназіі Асоль Камісарава паступіла ў БДУ на біялагічны факультэт. Мара стаць біятэхнолагам у Асоль была з 8 класа. Дзяўчына з’яўляецца пераможцай алімпіяд і конкурсаў.
Акрамя біялогіі і геаграфіі, Таццяна Гаус мае шмат захапленняў.
— Вандроўкі па Пухавіччыне — маё любімае хобі, — расказвае Таццяна Генадзеўна. — Люблю ездзіць па старых вёсках, размаўляць з жыхарамі пра цяжкасці Вялікай Айчыннай вайны, пра тое, як жылося простаму люду ў той складаны перыяд. Спорт — гэта таксама маё. Некалькі разоў на тыдзень у мяне трэніроўкі па плаванні, фітнесе, валейболе. Прымаю актыўны ўдзел у спаборніцтвах па валейболе паміж настаўнікамі школ Пухавіцкага раёна. Разам з іншымі настаўнікамі і вучнямі гімназіі ладзім тэатральныя пастаноўкі, сцэнкі, канцэрты. Раней я, напрыклад, выконвала ролю Снежнай Каралевы ў навагоднім спектаклі для дзяцей. Нядаўна захацелася нечага новага, і я паступіла ў школу малявання ў Мінску. Мяне захапляе маляванне пейзажаў і нацюрмортаў. Тое, што не рэалізавала ў маладосці, стараюся ажыццявіць сёння.
Сваіх вучняў Таццяна Генадзеўна не забывае доўгія гады.
— Многія мае выпускнікі становяцца для мяне сапраўднымі сябрамі. Мы з імі сустракаемся, разам вандруем па Беларусі, ходзім адно да аднаго ў госці, арганізоўваем сумесныя мерапрыемствы. Ад выпускнікоў я зараджаюся энергіяй на будучую плённую працу.
Захар ХВАСТОЎ,
вучань 11 класа Мар’інагорскай гімназіі Пухавіцкага раёна