Таццяна Нікіценка: «Актыўны лад жыцця — дарога да прыгажосці і здароўя»

- 9:00Главная, Образование

Умець весці за сабой: настаўніца фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 52 Гомеля Таццяна Нікіценка разважае пра настаўніцкую працу і любоў да прафесіі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Таццяна Аляксандраўна ў сферы адукацыі працуе ўжо 30 гадоў. Яна нязменны фізрук у сярэдняй школе № 52 Гомеля, каля 10 гадоў з’яўляецца кіраўніком вучэбна-метадычнага аб’яднання настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя, член прафсаюзнага камітэта камісіі па спартыўна-масавай рабоце. А яшчэ ўладальнік нагруднага знака залатой вартасці “Фізкультурнік Беларусі”.

— У 6 класе сур’ёзна стала займацца веславаннем на байдарках, да гэтага было шмат захапленняў, але ні адно так не ўразіла, як веславанне, — успамінае Таццяна Нікіценка. — А трапіла ў секцыю зусім выпадкова. Неяк у школу прыйшоў трэнер і прапанаваў аднакласнікам паспрабаваць сябе ў гэтым відзе спорту — гонках на вадзе. Я тады хварэла і сустрэчу прапусціла. Толькі потым даведалася, што ў клас прыходзіў не проста трэнер, а алімпійскі чэмпіён — Леанід Рыгоравіч Гейштар. Праз тыдзень сяб­роўка паклікала мяне схадзіць на трэніроўку разам з ёй за кампанію, менавіта з таго дня мяне захапіла весла­ванне.

— Хто вучыў вас пераадольваць цяжкасці і перамагаць, абапіраючыся на сваю ўнут­раную сілу і натхненне?

— Мне наогул пашанцавала з трэнерамі. Напрыклад, Яўген Мікалаевіч Фурсееў — доб­рай душы чалавек, з якім можна было многім падзяліцца і атры­маць важную параду. Леанід Рыгоравіч Гейштар шмат сіл у мяне ўклаў, каб у будучыні я зарэкамендавала сябе добрай спарт­сменкай. Вольга Іванаўна Гарбачова — спагадлівая, усмешлівая жанчына, якая сваім прыкладам паказвала, што нічога немагчымага няма. Мабыць, дзякуючы гэтым людзям, і вызначылася мая будучыня, пашчасціла звя­заць сваю прафесійную дзей­насць з навучаннем дзяцей. Дарэчы, у роднай 52-й школе працую ўжо каля 30 гадоў. Яна адкрылася ў 1986 годзе, і ў ёй я вучылася з 6 па 11 клас. Пасля заканчэння паступіла ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф.Скарыны на факультэт фізічнай культуры. За час вучобы неаднаразова выступала на ўніверсіядах. Гэта былі самыя цудоўныя студэнцкія гады! На 4 курсе мне прапанавалі папрацаваць настаўніцай фізкультуры ў маёй 52-й школе, і я вырашыла паспрабаваць. Раніцай вучылася ва ўніверсітэце, а ў другую змену актыўна прыцягвала дзяцей да заняткаў спортам: праводзіла розныя спаборніцтвы, вяла шэйпінг для дзяўчынак, займалася з хлопчыкамі ў трэнажорнай зале.

— Педагог фізічнай культуры, які працуе з дзецьмі і падлеткамі, сумяшчае ў сабе навыкі першакласнага нас­таўніка, трэнера і выхавальніка. Якая галоўная задача стаіць перад вамі сёння?

— Мая задача як настаўніка — прывіваць любоў да актыўнага ладу жыцця на ўроках фізічнай культуры і здароўя, знаходзіць індывідуальны падыход да кожнага дзіцяці, умацоўваць здароўе і выхоўваць маладое пакаленне. Своечасова заўважыўшы тыя ці іншыя фізічныя якасці, якімі валодаюць вучні, імкнуся накіроўваць дзяцей у камандныя або індывідуальныя віды спорту, дзе з імі працуюць прафесійныя трэнеры. Наладжана цеснае супрацоўніц­тва з трэнерамі па гульнявых відах спорту (валейболе, баскетболе, гандболе), лёгкай атлетыцы, плаванні, барацьбе, веславанні, пажарна-выратавальным спорце.

— Гордасць настаўніка — перамогі выхаванцаў. Рас­кажыце пра самыя яркія дасягненні.

— За час работы ў школе многія мае вучні дабіліся выдатных вынікаў у спорце. Напрык­лад, выпускнік Ігар Макараў — алімпійскі чэмпіён па дзюдо, у жніўні 2004-га на летніх Гульнях XXVIII Алімпіяды ў Афінах ён заваяваў самую каштоўную ўзнагароду, таксама стаў чэмпіёнам Еўропы ў 2010 годзе. Яшчэ адзін зорны выпускнік Максім Шэвялеў — рэкард­смен і чэмпіён свету па пажарна-выратавальным спорце сярод юніёраў (Балгарыя, 2018). Яўген Пятніца стаў чэмпіёнам Еўропы па кікбоксінгу (WAKO) сярод старэйшых кадэтаў і юніёраў (Чарнагорыя, 2021), а Арцём Каўшэўны — сярэбраным прызёрам чэмпіянату свету па самба (Румынія, 2016), бронзавым прызёрам чэмпіянату Еўропы па самба. Антон Амельчанка — былы варатар, ён гуляў за нацыянальную зборную Беларусі і прызнаны лепшым гульцом у складзе ФК “Растоў” у 2010 го­дзе, уладальнік Кубка Расіі 2013 года, удзельнік групавога этапу Лігі Еўропы ў складзе маскоўскага “Лакаматыва”. Цяпер — яркі прадстаўнік трэнерскага штаба мазырскага ФК “Славія”.

Я і зараз стараюся не адста­ваць, ісці ў нагу з часам, рыхтую дзяцей на гарадскі і абласны этапы алімпіяды па прадмеце “Фізічная культура і здароўе”. Дарэчы, мае навучэнцы заўсёды ўзнагароджваліся дыпломамі рознай вартасці. Як раённы трэнер па падрыхтоўцы дзяцей да алімпіяды, суддзя гарадскога і абласнога этапаў па тэарэтычнай падрыхтоўцы адзначу, што сённяшнія школьнікі таленавітыя, трэба толькі гэта разгледзець, матываваць іх. А далей — працаваць, рыхтаваць, зацікаўліваць.

Да будучага алімпіяднага сезона ўжо сёння рыхтую сваю новую зорачку — вучня 8 класа Дзмітрыя Гулевіча. Гэты хлопец стаў прызёрам Беларусі ў агульнакамандным заліку ў зімовым і летнім мнагаборстве “Здароўе”, у асабістым заліку гэтага спаборніцтва стаў сярэбраным прызёрам.

— Сапраўдны настаўнік фізічнай культуры павінен быць прыкладам, аўтарытэтам і сябрам для дзяцей. Якой тактыкі прытрымліваецеся?

— Сваім прыкладам імкнуся паказаць вучням, што актыўны лад жыцця — дарога да прыгажосці і здароўя. Я і зараз з задавальненнем катаюся на лыжах, каньках, гуляю з дзецьмі ў валейбол, баскетбол. Ужо чацвёрты год вяду ў школе аб’яднанне па інтарэсах “Шахматна-шашачны клуб”. Да гэтага доўгі час вяла секцыю па валейболе. Выступаю за каманду аддзела адукацыі ў спаборніцтвах паміж прадпрыемствамі Савецкага раёна (шашкі, стральба, валейбол).

— Напэўна, навічкі ў прафесіі рады пераступіць парог установы ў якасці практыкантаў, каб узяць прыклад, навучыцца лепшым педагагічным практыкам?

— На працягу многіх гадоў гомельская школа — база для праходжання педагагічнай практыкі для студэнтаў факультэта фізічнай культуры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны. Часта да мяне прыходзяць былыя выпускнікі, якія таксама вырашылі стаць педагогамі ці трэнерамі. Як кіраўнік практыкі імкнуся не толькі дзяліцца з моладдзю вопытам, але і прывіць любоў да нашай цікавай прафесіі. Рада не толькі вучыць, але і вучыцца ў маладых студэнтаў, часам удаецца ўзяць ад іх нешта новенькае для сябе.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота прадаставіла Таццяна Нікіценка