Музычны кіраўнік дзіцячага сада № 4 Ушач Таццяна Сандзюк — самая вопытная з прафсаюзных лідараў устаноў адукацыі раёна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Запаліць зорачку
Таццяна Якаўлеўна — карэнная жыхарка Ушач. Тут нарадзілася, вырасла, знайшла сваё прызванне. Яна з дзяцінства любіла музыку, скончыла музычную школу па класе цымбал, Наваполацкае музычнае вучылішча. Першым яе працоўным месцам стаў філіял Ушацкай музычнай школы ў вёсцы Малыя Дольцы. Пасля дэкрэтнага водпуску ўладкавалася ва ўшацкі дзіцячы сад № 4, дзе працуе ўжо 32 гады.
Таццяна Сандзюк успамінае, што спачатку прывыкнуць да работы з дашкольнікамі было няпроста, бо да гэтага ў музычнай школе яна вучыла дзетак школьнага ўзросту. Дапамагала тое, што ў яе самой была малая дачушка. А яшчэ маладога музыканта вельмі падтрымлівалі калегі, прычым не толькі роднага дзіцячага сада. Яна вучылася і ў больш вопытных музычных кіраўнікоў з іншых устаноў адукацыі.
Тры дзесяцігоддзі работы зрабілі Таццяну Сандзюк сапраўдным прафесіяналам сваёй справы, але не знізілі цікавасць да яе. Бо кожнае дзіця — гэта цэлы свет, які адкрыты да прыгажосці гукаў і нот. Што можа быць лепшым, чым тое, калі дзіцячыя галасы зліваюцца з пералівамі яе баяна ці цымбалаў?!
Мая суразмоўніца адзначае, што да кожнага святочнага мерапрыемства ў садзе яна адказна рыхтуецца. Нярэдка, шукаючы на прасторах інтэрнэту штосьці новае і цікавае для дзіцячага рэпертуару, заседжваецца да ночы. А потым зноў і зноў цярпліва рэпеціруе з маленькімі зорачкамі іх будучыя выступленні.
— Здавалася б, столькі гадоў працую, але, калі дзеці 8 Сакавіка спяваюць пра матулю, мяне кожны раз прабірае да слёз, — дзеліцца музычны кіраўнік. — Перад мерапрыемствамі заўсёды хвалююся: хочацца, каб усё прайшло добра. А калі ў канцы бачу, што і выхаванцы, і бацькі задаволены, усміхаюцца, то думаю: у мяне лепшая работа ў свеце!
Стварыць настрой
Членам прафсаюзнай арганізацыі Таццяна Якаўлеўна з’яўляецца ўсё сваё працоўнае жыццё. З іх амаль 21 год узначальвае ў родным дзіцячым садзе прафсаюзную пярвічку.
— Прыемна, што мне давяраюць. Імкнуся свой калектыў не падвесці. Кожны ведае, што мае дзверы адчынены, што можна прыйсці з любым пытаннем ці праблемай, параіцца. І дзякуючы паразуменню, якое выбудавана з кіраўніцтвам дзіцячага сада, мы ўсё вырашаем, — адзначае яна.
У прафсаюзнай рабоце Таццяне Якаўлеўне вельмі дапамагае тое, што яна чалавек добразычлівы, аптымістычны, з пачуццём гумару. Імкнецца да кожнага знайсці падыход, калі трэба — падбадзёрыць, узніме настрой жартам. Добра разумее, чым людзі жывуць, бо многіх з іх ведае ўжо шмат гадоў. Навічкам дапамагае ўліцца ў калектыў. Шчыра лічыць яго самым лепшым.
— Тое, што мы працуем з малышамі, кожны дзень акунаемся ў светлы і чысты свет дзяцінства, робіць нас людзьмі больш чулымі, добрымі. Як і ўсюды, сітуацыі бываюць розныя, але ў нас прынята ўсё вырашаць у рэчышчы пазітыву і добразычлівасці, — падкрэслівае суразмоўніца.
Касцяк калектыву складаюць людзі сярэдняга ўзросту, але ёсць і моладзь. Сёння ў садзе працуюць чатыры маладыя спецыялісты, хутка прыйдзе яшчэ адзін. У калектыўным дагаворы ўстановы адукацыі прадугледжаны меры падтрымкі для розных катэгорый работнікаў. Акрамя мер адраснай матэрыяльнай дапамогі, попытам карыстаюцца кампенсацыі на аздараўленне, асабліва папулярныя туры выхаднога дня ў прафсаюзныя санаторыі. Добрай традыцыяй стала разам ездзіць на “Славянскі базар у Віцебску”, на экскурсіі па гістарычных мясцінах.
Калі прафсаюзную пярвічку ўзначальвае чалавек з чулай душой музыканта, гэта не можа не аказаць свайго станоўчага ўплыву на жыццё калектыву. Святочныя мерапрыемствы, віншаванні юбіляраў, провады на пенсію тут заўсёды ладзяцца па яе аўтарскіх сцэнарыях. Для кожнага віноўніка ўрачыстасці Таццяна Якаўлеўна індывідуальна падбірае музыку, шчырыя словы, імкнучыся па-сапраўднаму яго парадаваць.
Трэба сказаць, што творчыя здольнасці Таццяны Сандзюк неаднойчы адзначаліся на конкурсах. Так, некалькі гадоў назад яе папуры беларускіх песень на цымбалах перамагло ў намінацыі “Арыгінальны жанр” прафсаюзнага раённага конкурсу мастацкай самадзейнасці “Малая радзіма — крыніца талентаў”. Акрамя таго, Таццяна Якаўлеўна захапляецца вышыўкай, яе работы ўдзельнічаюць у творчых выставах.
Адна з яе дачок, Вольга, пайшла па маміных слядах: працуе выхавальніцай у дзіцячым садзе Наваполацка. Другая, Кацярына, знайшла сябе ў сферы сацыяльнай абароны насельніцтва. Дарэчы, як і маці, яна актыўна праяўляе сябе ў прафсаюзнай дзейнасці. Падрастаюць два ўнукі. На пытанне, як яна ўсё паспявае і на прафесійнай, і на грамадскай, і на сямейнай ніве, Таццяна Сандзюк з усмешкай адказвае: “Ёсць такое слова — трэба. Калі ім кіруешся, паспяваеш усё і ўсюды. І жыццё сваё пражываеш не сумна. Будзе што ўспомніць!”
Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара